Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Разлучыла… патэльня?

Упрыгожаныя машыны з сірэнай праляцелі па вуліцы. Так-так, праляцелі, і цікаўныя прахожыя, як ні стараліся, не змаглі згледзець (а так жа хацелася!), хто там,у пенна-белым воблаку фаты, на пярэднім сядзенні адной з машын. І таго, хто ў гэты дзень апрануты ў асабліва ўрачысты касцюм – таксама. Яны, шчаслівыя незнаёмцы, ужо, відаць, атрымалі свой першы сямейны дакумент – пасведчанне аб шлюбе і цяпер, вальней уздыхнуўшы пасля нязвыклай урачыстасці, адправіліся па вядомым для маладых маршруце, каб ускласці кветкі да помніка, сфатаграфавацца ля вадасховішча і на Вілляніным хутары…
Затым будзе шумнае вяселле, да якога так рыхтаваліся і так чакалі! А пасля пачнецца сямейнае жыццё, поўнае адкрыццяў і нечаканасцяў. Не заўсёды, дарэчы, радасных і прыемных. Як павядзе сябе ў жыццёвым моры сямейная лодка маладых? Ці ўдасца ёй удала абысці нябачны пакуль падводны камень пад назвай «быт»? Гэта ўжо залежыць у асноўным ад іх саміх, весляроў гэтай лодкі.
Шэсць гадоў назад гэтакае ж урачыста-пышнае вяселле згулялі і Святлана з Андрэем. Гэтай прыгожай падзеі папярэднічаў амаль дзясятак гадоў сяброўства, якое перарасло ў каханне. А пачалося ўсё яшчэ ў школьныя гады, калі Света і Андрэй, школьныя актывісты і спартсмены, вельмі часта разам бывалі на спаборніцтвах, зборах. Добрыя знаёмыя, сябры, закаханыя – гэтыя стадыі яны праходзілі паступова, не спяшаючыся. Да вяселля справа дайшла, калі абодвум было ўжо каля дваццаці пяці.
Адгулялі вяселле, сталі жыць разам з маці Святланы. Тут нарадзіўся іх першынец – Данілка. Здавалася б, усё нармальна, аднак маладая жонка пачала заўважаць, што мужу ў адной кватэры з цешчай некамфортна: то тая глянула на яго не так (вядома ж, прымака!); то намякнула, што не ўмее зарабляць; то ў яго прысутнасці пачала нахвальваць зяця сваёй сяброўкі, у якога «рукі растуць адтуль, адкуль трэба»… Карацей, прыйшоў час Святлане выбіраць паміж «жыць з мамай» і «жыць асобна». Яна выбрала другое, і яны перайшлі ў здымную кватэру. Тут сям’я папоўнілася яшчэ адным дзіцяткам, што прынесла не толькі радасць, але і новыя клопаты і абавязкі. Усё часцей і часцей маладыя пачалі канфліктаваць, абвінавачваць адно аднаго ва ўсіх праблемах. Высвятляць адносіны пачыналі нярэдка з такой дробязі! Затым Святлана з дзецьмі збірала рэчы і ішла да маці, Андрэй праз некалькі дзён званіў і вяртаў яе. Так было даволі доўга. Але аднойчы, калі маладыя «схапіліся» з-за… непамытай патэльні і Святлана зноў сышла, Андрэй не паклікаў назад. Ні праз тыдзень, ні праз месяц. І Святлана падала на скасаванне шлюбу…
…Вясельны картэж, вясёлыя госці, разгублена-ўрачыстыя маладыя. Такія прыгожыя і, вядома ж, з надзеяй, што іх чакае светлая і прыгожая будучыня. Як хочацца, каб гэтак і было.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 126 queries