Званок ад амаль незнаёмага мне чалавека напачатку нават здзівіў. Па голасе я яго не пазнала. Ды і ці магла пазнаць таго, каго бачыла толькі ў сваім маленстве… А ён нарадзіўся і вырас у нашай вёсцы, адсюль пайшоў у вялікае жыццё. З гадамі абязлюдзела і яго бацькоўская сядзіба, а затым на яе месцы ўвогуле засталося толькі некалькі старых яблынь. Малады і поўны сіл аднавясковец жыў у горадзе, меў за жыццё, расказвалі, не адну сям’ю, займаў нядрэнную пасаду. Зрэдку наведваўся на магілы родных, і вяскоўцы бачылі, што ў яго ўсё добра.
Прайшлі гады. Бываючы дома, усё часцей чула ад бацькоў, што Анатоль (так завуць аднавяскоўца) усё часцей і часцей бывае ў вёсцы – сустракаецца з былымі суседзямі, наводзіць парадак на могілках. Час не пашкадаваў і яго, як і кожнага з нас: мужчыну вельмі балелі ногі. Ды і ўзрост ужо набліжаўся да таго, калі трэба, як кажуць, думаць пра вечнае… Яно так звычайна бывае з людзьмі – кожны пражыты год абвастрае настальгічныя пачуцці да душэўнага, часам нясцерпнага, болю. І тады, кінуўшы ўсё, ляціш у родную вёску, каб на поўныя грудзі ўдыхнуць чыстага гаючага паветра, паслухаць, як гудуць пчолы над знаёмымі з дзяцінства векавымі ліпамі, нарваць палявых кветак і, як калісьці, паваражыць на рамонку…
Настальгію, напэўна, перажываў і мой аднавясковец, якога з гадамі хвароба і ўвогуле прыкавала да ложка. Нейкім чынам раздабыўшы тэлефонныя нумары тых, хто цяпер яшчэ жыве ў вёсцы, ён амаль штодня званіў, каб пагаварыць, успомніць людзей і ўжо даўнія падзеі. Як жывуць, чым займаюцца, хто да іх прыязджае? Анатоля цікавіла ўсё. Ён уважліва слухаў, а то і сам расказваў пра ўсё, што памятае з дзяцінства.
Мне ён пазваніў з просьбай напісаць матэрыял пра вясковага ветэрана. А пасля тэлефанаваў і без вялікай прычыны – проста, каб пагаварыць. Не прамінаў павіншаваць са святамі, расказаць нейкі, на першы погляд, нязначны эпізод са свайго дзяцінства, распытацца пра справы. І не раз паўтараў: «Вось устану на ногі – і адразу на вёску, да родных магіл…»
А затым Анатоль замаўчаў. І ў вёсцы зразумелі, што з ім штосьці здарылася. Пазней дайшлі чуткі, што мужчына ў цяжкім стане і знаходзіцца ў бальніцы. Яго лёс у руках Усявышняга….
Бацькоўская зямля. Як часта мы чуем гэта і да пэўнага часу не задумваемся, наколькі моцна звязаны з ёй нябачнай пупавінай. Разарві яе – і зачахне чалавек, прападзе, як рыба без вады.
Адна мая добрая знаёмая нейкі час жыла і працавала за мяжой. Так склаліся тады жыццёвыя абставіны. Трэба сказаць, што пра гады той нялёгкай працы яна не шкадуе – сабрала пэўную суму грошай, якія пасля так спатрэбіліся.
– Ды з кожным годам мне станавілася там цяжэй, – расказвала яна, прыехаўшы дамоў. – Дайшло да таго, што стала проста невыносна. Клалася спаць і прачыналася з думкамі пра дом, штоноч сніла родную вёску, бацькоў. І дзякавала Богу за гэтыя сны… Прыехала дамоў – і слёзы з вачэй. Усе адразу з роспытамі: цяжка было, што плачаш? А я ім: ад радасці плачу, што бачу сваё неба, свае мясціны і людзей…
Не асуджаю тых, хто з лёгкасцю і назаўсёды ў сілах разарваць тую пупавіну, якая звязвае з радзімай. Проста я так ніколі не змагла б.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов