Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Прыгожыя лекі ад адзіноты

Асабістае жыццё ў Тамары не склалася. Замуж выйшла ўжо ў гадах, аднак шчасця, што называецца, не ўхапіла – муж часта піў, а нецвярозым станавіўся агрэсіўным. Цярпення ў Тамары хапіла на пяць гадоў, а пасля, узяўшы толькі асабістыя рэчы, яна вярнулася ў бацькоўскі дом. З таго часу прайшло нямала часу, а жанчына так і жыве са старэнькай маці. Спачатку з непрыкрытай зайздрасцю паглядала на шчаслівых, як ёй здавалася, жанчын, у якіх і дзеткі, і добрыя мужы. Усё чакалася, што гэта будзе і ў яе. Але ішлі гады, а жаданае не збывалася… І тады само жыццё паказала жанчыне занятак, ад якога яна атрымлівае такую асалоду!
Усё пачалося з прыгожых фіялачак, якія Тамара ўбачыла ў вазоне суседкі. Не звыклыя, фіялетавыя, якія ў жанчыны ўжо былі, а бела-ружовыя, буйныя. Папрасіла некалькі лісточкаў і так чакала, каб яны прыжыліся! Дачакалася і няньчылася з імі, як з дзецьмі…
Сёння ў Тамары больш за дзясятак відаў фіялак, рознакаляровыя цыкламены, мноства нейкіх трапічных раслін, назваў якіх і не ведаю. А яшчэ асаблівы клопат і гордасць жанчыны – архідэі. У доме Тамары няма, напэўна, таго куточка, дзе б ні прымасцілася нейкая расліна. І галоўнае, утульна і добра тут кветкам – радуюць сакавітай зелянінай і падоўгу цвітуць.
– Я жыву імі, – расказвае жанчына. – Раніцой, калі збіраюся на працу, абавязкова агледжу кожную – гэта ў мяне такое прывітанне. І здаецца, што яны мяне чуюць…
На рабоце ў мяне ёсць некалькі аднадумцаў, з якімі абменьваемся інфармацыяй і расадай раслін, часта бываем адна ў адной, дзелімся вопытам. Ведаеш, у жыцці стала больш прыгожага, а гэта так важна!
Нядаўна зноў сустрэліся з Тамарай. Захоплена расказала мне пра новыя кветкі, а затым падзялілася сакрэтам: да дня нараджэння пляменніцы плануе вырасціць цыкламены рэдкай прыгажосці і падарыць дзяўчыне. Ужо пасадзіла насенне – і з’явіліся дружныя ўсходы.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 43 queries