Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Поніцыкл ці лялька Вінкс?

На падобную забаўку дзеці глядзяць з захапленнем. Гэта такая радасць – асядлаць поніцыкл. Так-так, асядлаць, бо гэтая забаўная штуковіна – механічны конік на колцах. Усеўшыся на яго, малышня (і не толькі) з задавальненнем скача па асфальце. Колькі смеху і захаплення!
– Хачу яшчэ на коніка! – цягнецца да механічнага скакуна дзяўчынка гадоў пяці.
– Ты ж ужо каталася, – спрабуе адцягнуць ад забаўкі малую маці. – Калі так, то ад лялькі Вінкс прыйдзецца адмовіцца…
Дзяўчынка, шморгаючы носам, прыціхла і з неахвотай пайшла да маці. Але на поніцыклы доўга азіралася: і пакатацца яшчэ хацелася, і новую ляльку – таксама. Вось тут і разбярыся, што важней.
Гэтак і ў нашым, дарослым, жыцці. Паспрабуй тут правільна вызначыць прыярытэты… Дачка адной знаёмай не так даўно закончыла ўніверсітэт. Адпрацавала належны тэрмін па накіраванні, а далей – птушка вольная. Здавалася б, шукай месца па душы, уладкоўвайся, шліфуй майстэрства, расці ў сваёй прафесіі. Ды не з такіх людзей маці і дачка, ім – падавай усё, як кажуць, на сподачку: і каб праца была па душы, і каб заробак задавальняў, і, галоўнае – каб быць хоць нейкім ды начальнікам, бо падпарадкоўвацца ды выконваць чыесьці даручэнні дзяўчына не была прывучана. Маці падключыла ўсе свае сувязі, каб знайсці для дачушкі нешта адпавядаючае іх патрабаванням. Нарэшце нешта нібыта стала «свяціць»…
– Пачакаем месяц-другі, пакуль месца вызваліцца, – расказвала задаволеная маці. – І усё, дзяўчына будзе ў парадку. Як-ніяк, і дома, і зарплата нядрэнная, і кіраўнік аддзела. А то прапаноўвалі тут месца простага інжынера… Няхай пакуль будзе гэта на прыкмеце, на ўсялякі выпадак.
З тае пары прайшло больш года. Пераборлівая дзяўчына і зараз дома, на бацькоўскім карку. Месца, якога чакала, заняў нехта іншы, больш дастойны і кампетэнтны. Кінулася было туды, дзе прапаноўвалі «простага інжынера» – і там ужо даўно малады спецыяліст працуе. Людзі ў такіх выпадках кажуць: з вялікіх перабораў…
Што гэта мне ўзгадалася? А-а, дзяўчынка з мамай, поніцыкл і лялька Вінкс…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 24 queries