Гэтага незадаволена-раздражнёнага чалавека сустракаю ля магазіна вельмі часта. Узрост яго вызначыць нялёгка, на твары – пячаць вялікага ахвотніка выпіць з ужо доўгім стажам. Накульгваючы, у расшпіленай нават у мароз куртцы, ён шпацыруе ля ўваходу ў магазін, зрэдку заходзячы ўнутр, каб пагрэцца. А затым, увязаўшыся за чарговым чалавекам з пакупкамі, выбягае на вуліцу і ледзь не хапае за рукі: «Дай тысячу, не хапае…» Не ведаю, ці часта яму падаюць, бо найчасцей «бедалага» застаецца ні з чым. Трэба бачыць, якім гневам успыхваюць тады яго вочы, а ўслед чалавеку, хто не паспачуваў, нясуцца брыдкая лаянка і нават праклёны…
Жанчына сярэдніх гадоў, выходзячы з магазіна, на просьбу чалавека адрэагавала, як мне здаецца, вельмі разумна:
– Няма ў мяне грошай, дзяцей карміць трэба. Хіба што магу хлебам падзяліцца, калі так галадаеце…
Незадаволена цыкнуўшы і працадзіўшы праз зубы брыдкае «пайшла ты…», «пакрыўджаны» лёсам адышоў і зноў нервова захадзіў ля магазіна.
– А вы б ужо яго і пашкадавалі, – сказаў міласэрнай жанчыне малады чалавек, які адмахнуўся ад «прасіцеля» як ад назойлівай мухі. – Нажабруе зараз – і за «чарнілам». Такі вось ён галодны…
Дык падаць ці не таму, хто просіць? Асабіста я найчасцей падаю. Толькі не таму, хто з пакамечаным пасля ўчарашняга тварам настойліва патрабуе грошай, а тых, хто не спагадае, шчодра асыпае мацюкамі. Гэтым, калі б уступала з імі ў размову, хацела б задаць некалькі пытанняў: дзе асядае пенсія? Яшчэ не той узрост? Тады чаму не працуеце? Ведаю, што падобныя пытанні для «прасіцеляў» – як чырвоная ануча для быка. Таму і не ўступаю ў такія дыскусіі, каб не псаваць сабе нервы.
А каму ж тады падам? Хвораму чалавеку, на лячэнне дзіцяці – абавязкова. Праўда, на слыху гісторыі, калі прахадзімцы збіралі на свае патрэбы, прыкрываючыся хворым дзіцем. Магчыма, і такое бывае. Бог ім суддзя. Ды ўсё ж верыць людзям трэба. І дапамагаць – таксама. Бо менавіта міласэрнасць, любоў да тых, хто побач, дапамагаюць нам заставацца людзьмі, не губляць чалавечае аблічча.
Мая парада тым, хто шчыра хоча дапамагчы таму, каму гэта вельмі трэба: рабіце гэта праз дабрачынныя фонды. Ведайце, што людзі, каму і сапраўды патрэбна дапамога, звычайна не стаяць ля магазінаў, яны не баяцца звярнуцца за дапамогай менавіта ў фонды. Ахвяруйце такім і ведайце, што гэта будзе вашым укладам у важную справу.
Ірына БУДЗЬКО
Падаць ці прайсці міма?
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов