Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Не пашанцавала. А можа, наадварот?

Жыццёвая гісторыя. Не так даўно разводзілася адна пара. Пражылі разам нямала гадоў, выгадавалі і вывучылі дзвюх дачок, адну ўжо і замуж аддалі. Не ведаю, што стала прычынай краху сям’і, але справа дайшла да яго. Ці-то пачуцці даўным-даўно зніклі, ці-то стаміліся людзі адно ад аднаго, ці-то, што называецца, разам з сівізной – д’ябал у рабрыну некаму з іх, ці-то яшчэ якая прычына – не ведаю. Не ў гэтым сутнасць ды і не варта разбірацца ў справах чужой сям’і, бо ў кожнага сваіх праблем хапае.
Справа ў іншым. Былая жонка, а цяпер ужо вольная жанчына, не можа прыйсці ў сябе ад таго, як яе былы муж р’яна дзяліў маёмасць. Улічыў, расказвала, усё, літаральна да посуду. І, што найбольш уразіла жанчыну, не забыўся нагадаць ёй і тое, што год была яго нахлебніцай.
– Увогуле ж я працавала і працую ўсё жыццё, – расказвае жанчына. – Акрамя, вядома, дэкрэтных, калі дзяцей гадавала. А што датычыць года нахлебніцтва, то гэта ён мае на ўвазе час, калі я і сапраўды шукала ў Вілейцы працу, на «біржы» стала. Дык жа ў той час я не гуляла, а і ў калгас ездзіла, бульбу ды мяса на сям’ю зарабляла. Больш таго, якраз у той перыяд цяжка хварэла свякроў – і яе даглядала… Пазней знайшлася работа па спецыяльнасці, і я тут жа ўладкавалася, працую. Крыўдна, што жыла з чалавекам, які так «аддзячыў» за ўсё. Вельмі крыўдна…
Пайшоў з адным чамаданам, усё пакінуў былой сям’і – гэта даводзілася чуць, напэўна, кожнаму. Найчасцей – чытаючы ў газетах інтэрв’ю вядомых людзей, у якіх з першай сям’ёй, як кажуць, не склалася; бывае – назіраючы падобнае ў жыцці. Што ж, так паступаюць сапраўдныя мужчыны, якія, нягледзячы ні на што, любяць сваіх дзяцей і паважаюць (няхай сабе каханне і прайшло) жанчыну, з якой некалі былі шчаслівыя. Гэта я пра сапраўдных. На жаль, былы муж маёй гераіні да такіх не адносіцца. Дробязны і няўдзячны, ён шукае разлік (у тым ліку і матэрыяльны) нават у разводзе. Што ж тут сказаць, не пашанцавала жанчыне, што ў свой час з ім звязала свой лёс. А можа, пашанцавала цяпер, што развязала?
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries