Неяк шукала штосьці на гарышчы бацькоўскай хаты. Не падымалася сюды шмат гадоў, таму па-новаму ўбачыліся і пучкі зёлак, што віселі на цвіках, і рэшткі старога калаўрота, і складзены ў скрынку дзіцячы абутак, які ўжо няма каму насіць – выраслі… Позірк затрымаўся на невялічкай светлай сумачцы, туга нечым набітай. Ага, ды гэта ж маё, патаемнае… Яшчэ школьніцай пачала складваць у гэту сумачку прыгожыя паштоўкі і пісьмы ад дарагіх мне людзей. Яно ўсё захавалася і да гэтага часу. Прысеўшы, пачала перабіраць, перачытваць лісты. О, якія тут пачуцці… І добрыя сяброўскія парады, і высвятленне адносін з каханым, і аповеды брата-марака пра жыццё, далёкія краіны, дзе ён пабываў… Да болю знаёмыя почыркі, якіх даўно-даўно не бачыла, а вось жа адразу пазнала, чыёй рукой напісаны лісты.
Дзіўная яна, чалавечая памяць. Пра многае з таго, што калісьці адбывалася, нібыта і не ўзгадваеш, а яно недзе ў самых патаемных яе куточках надзейна хаваецца. Хопіць аднаго невялічкага штуршка, каб ажылі хвалюючыя ўспаміны. І ты адпраўляешся ў падарожжа на хвалях памяці, у сваё мінулае. Вось ужо зноў перажываеш тое, што радавала, турбавала і нават балела табе два, тры дзясяткі гадоў назад… Для мяне такім эмацыянальным штуршком сталі вось гэтыя старыя пісьмы. Пад настальгічна-светлым уражаннем пасля іх чытання была яшчэ доўга. Нешта прыпамінала, зноў перажывала, радавалася і сумавала… Ах, як добра, што яны, старыя лісты, захаваліся…
Напярэдадні навагодніх святаў чамусьці ўсё гэта прыгадалася. Мусіць, таму, што ў той сумачцы ёсць і нямала віншавальных паштовак з самымі рознымі, у тым ліку і навагоднімі, святамі. Памятаю, з якім хваляваннем чакала штодня паштальёна з кіпай пісьмаў і паштовак. Сярод іх былі і адрасаваныя мне, падпісаныя блізкім чалавекам. Той почырк пазнаеш сярод тысячы іншых…
Прайшло нямала гадоў, а добрая традыцыя віншаваць са святамі жыве і будзе жыць заўсёды. Толькі вось радкі тыя чытаем ужо не на паштоўцы і тым больш не ў пісьме. Найчасцей віншуюць звыклай эсэмэскай або некалькімі словамі ў «Аднакласніках». Сучасна, хутка, але ж без такой важнай эмацыянальнай афарбоўкі. Таму, сябры, пішыце і захоўвайце пісьмы. У іх жыве душа…
Ірына БУДЗЬКО