Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

«Мы імкнемся ўдасканальваць гэты свет»

Шэры пыл часу ўжо не сатрэцца з газетных падшывак, ахопленых пафасам публіцыстычнага радка, сагрэтых сэрцамі тых, хто быў і ёсць у нашай раёнцы. Захаванае нетрамі памяці журналісцкае слова і сёння гэтак жа свежа і ярка гучыць для сучаснікаў, як і 65 год назад. Бо занатавана яно на газетнай старонцы не столькі пяром, колькі сэрцамі яго аўтараў. Сэнс прафесіі журналіста ў тым, што ён не можа быць староннім назіральнікам, безуважным фіксатарам падзей акаляючага жыцця. Каб узварушыць людскія душы, трэба сваю прымусіць суперажываць, плакаць і смяяцца, спадзявацца і верыць. Ва ўнісон гучаць толькі нацягнутыя струны. Каб стаць набыткам газетных палос, скручаныя ў тугі клубок супярэчнасцей нервы эпохі сыходзяцца спачатку ў сэрцы журналіста. Мы імкнемся не толькі занатоўваць явы сучаснасці, наша задача – глыбей і адказней. Мы хочам удасканальваць гэты свет, зыходзячы з усведамлення сваёй адказнасці перад нашчадкамі. З гэтым усведамленнем выконвалі свой прафесійны абавязак усе пакаленні вілейскіх журналістаў.
Маім першым рэдактарам быў Васіль Шкаеў, грунтоўны, разважлівы чалавек, прафесіянал у літаральным сэнсе гэтага слова. Ён умеў утаймоўваць нашу юначую задзірыстасць, накіроўваць энергію ў рэчышча творчага пошуку, падтрымліваў парадай, супакойваў дасціпным жартам, – адным словам, гадаваў маладыя парасткі творчай нівы, не раўнуючы, як дбайны хлебароб гадуе кволыя ўсходы жытнёвага кліну. Доўгі час рэдагаваў газету Рыгор Пагуда, таксама выдатны журналіст і чысты, светлы чалавек. Мне пашчасціла працаваць з ім і стаць пасля яго пераемніцай. Былі ў калектыве рэдакцыі Іван Станкевіч, Мікалай Каўрус, Рыгор Галіцкі, Георгій Стаўскі, Уладзімір Храмцоў, Уладзімір Дубовік, Мікола Жоўтка. Сёння іх імёны пазначаны вечнасцю. У гэтыя юбілейныя дні хочацца, па хрысціянскаму звычаю, паставіць па ўсіх іх свечкі памяці і памянуць ціхім, светлым словам.
Гартаю кнігу «Вяртанне» – наша выданне, датасаванае да 60-годдзя газеты. У зборніку – публікацыі журналістаў, якія працавалі ў «Шляху перамогі», і публіцыстычныя творы сённяшніх членаў калектыву. Тут усе мы, пад адной вокладкай, пазначанай белымі бусламі. Як птушкі ў гнёзды, вяртаемся ўсе мы да сваіх вытокаў. І нават таямнічая вечнасць даносіць да нас жывыя галасы тых, хто закончыў ужо свой зямны шлях.
Яўген Лапіцкі і Анатоль Рогач. Іх сумесным артыкулам «Вечна жывое газетнае слова» адкрываецца наша «Вяртанне». Яны былі шчырымі сябрамі і аднадумцамі на зямлі. Цяпер шлях абодвух – у зорным небе. Толькі на два гады перажыў Анатоль, наш самы актыўны пазаштатны аўтар, свайго сябра. Абодва, па мерках чалавечага жыцця, маглі яшчэ быць сярод нас, быць доўга, радаваццца сустрэчам, шчаслівым знаходкам і творчым удачам. Няхай даруе мне чытач гэты настальгічны сум, які надараецца ў жыцці кожнага чалавека, калі ён пачынае перажываць горыч незваротных страт і асэнсоўваць жыццё як імгненне на фоне бясконцай вечнасці сусвету.
Радкі газеты – як папілярны ўзор на чалавечай далоні. Для ўсіх адкрытыя і непаўторныя. І ствараецца гэта непаўторнасць не толькі індывідуальнасцю журналіста, але і творчымі здольнасцямі, арыгінальнасцю мастацкай думкі дызайнераў газетнага нумара. Рэдактарская ідэя – гэта нематэрыялізаваны вобраз, рэальныя абрысы ён набывае, дзякуючы аператару вёрсткі. І калі аўтар падпісвае свой матэрыял, то дызайнер звычайна застаецца, як кажуць, па-за кадрам. Таму я сёння хачу публічна падзякаваць нашаму тэхнічнаму рэдактару Валянціне Праташчык, аператарам Марыі Сідарэвіч і Алене Цімафеенка. Хачу адзначыць свайго галоўнага бухгалтара Алу Белаш, якая ў адзіночку вядзе рэдакцыйныя фінансы і на добраахвотных пачатках займаецца аналізам нашай эканамічнай дзейнасці.
Я віншую з 65-годдзем свой калектыў, заснавальнікаў газеты, усіх яе пазаштатных аўтараў і чытачоў. Гэта агульная для ўсіх нас дата. Любіце сваю раёнку, чытайце яе і заставайцеся назаўсёды нашымі вернымі і надзейнымі сябрамі.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries