Вы заўважылі, што ў канцы года заўсёды хочацца закончыць нейкую справу, зрабіць пакупку, аб якой даўно марыш, разлічыцца з даўгамі?
Нібыта праз пэўны час не наступіць ужо новы год, і жыццё не будзе працягвацца. Хоць растлумачыць сітуацыю няцяжка – новы год хочацца пачаць з пэўным набыткам, здзейсненай марай і без даўгоў. Так спакайней, камфортней.
Вось і сёлета было ўсё як звычайна. У снежні пачаліся выгадныя скідкі на тавары, растэрміноўкі, крэдыты – толькі набывай. Справы, дарэчы, прывабныя, можна танней, як звычайна, прыдбаць патрэбную рэч. І ўсе забегалі, замітусіліся…
«Клюнула» на пераднавагоднія скідкі і я. А чаму б і не? Вырашыла, што канкрэтна мне патрэбна купіць і пайшла глядзець,дзе гэта выгадней зрабіць. Прыйшла ў дзяржаўны магазін, упэўнілася, што мой тавар у наяўнасці і ўзяць у растэрміноўку яго можна. Вырашыла: буду браць. Пачала з дробязі – з бланка, які патрэбна аформіць. Высветлілася, што яго на той час у прадаўцоў чамусьці не было («Можа, у дырэктара і ёсць, але яго няма сёння на месцы», – так адказалі мне ў магазіне). Чакаць дырэктара не стала, тым больш, што рэч, якую я наважылася набыць, была ў другім магазіне, ужо ўнітарнага прадпрыемства. Там і бланк патрэбны тут жа знайшоўся, і тавар аформілі без прамаруджвання.
Дарэчы, праз некалькі дзён пасля гэтага была ў Маладзечне. Вырашыла зайсці ў мэблевы магазін. А там, аказваецца, абед… Адзін, другі, трэці патэнцыяльныя пакупнікі паторгалі зачыненыя дзверы і пайшлі. А зусім непадалёк гасцінна запрашаў прыватны мэблевы, дзе – аніякіх абедаў…
Такія вось прыклады. Не ведаю, выпадковасці гэта ці заканамернасці. Хочацца спадзявацца, што першае, бо калі другое, то вельмі многія з недахопаў у гандлі тады можна растлумачыць…
Ірына БУДЗЬКО
«Клюнула» на пераднавагоднія скідкі…
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов