Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

І сустрэліся дзве адзіноты

Так склалася, што гэтыя старыя на схіле гадоў апынуліся ў інтэрнаце. Бабуля, якой ужо дзевяноста з маленькім «хвосцікам», жыла ў вёсцы адна, дзяцей у яе не было, таму інтэрнат для яе – заканамернасць. Дзядуля ж меў некалі сям’ю, жонку ўжо даўно пахаваў, а адзіная дачка жыве аж у Прыбалтыцы. Не кідала яна бацьку, заўсёды запрашала да сябе і нават настойвала – не паехаў. Куды, маўляў, ад роднай зямелькі, ад жончынай магілы…
У інтэрнаце яны неяк адразу пасябравалі – вясёлая і яшчэ бойкая для сваіх гадоў бабулька і негаваркі дзядуля. Цяпер кожную раніцу, ледзь толькі прачнецца, тупае стары да бабулінага пакойчыка. Так і сядзяць цэлымі днямі, гутараць, прыгадваюць мінулае, дарагое сэрцу…
– Ці не закахаўся ты, дзядуля? – іншы раз падтруньваюць над старым.
Моўчкі рэагуе на такія жарты. Мужчына, не крыўдзіцца. А вось толькі паспрабуе хто пакрыўдзіць яго сяброўку!
– Вось ужо сапраўды, каханню ўсе ўзросты пакорныя, – кажуць некаторыя, гледзячы на пару.
А мне думаецца, што проста сустрэліся дзве адзіноты, дзве блізкія адна адной душы. І ім добра разам.
Тое, што найбольшы вораг чалавека – адзінота, людзі пачынаюць разумець ужо сталымі. Дзеці, з якімі не засумуеш, ужо выраслі, стварылі свае сям’і і жывуць сваімі клопатамі. Яны ўжо толькі госці ў бацькоўскім доме, раз’ехаліся – і няпрошанай госцяй прыходзіць сюды адзінота. Ёй нязручна і сумна там, дзе душа саграе душу, дзе нехта некага падтрымлівае і клапоціцца як умее – у такіх дамах адзінота не прыжываецца. Ёй камфортна побач з пакінутымі і нікому не патрэбнымі…
Неяк выпадкова пачула размову дзвюх яшчэ даволі маладжавых жанчын. З іх слоў зразумела, што адна не так даўно пахавала мужа.
– Не ўяўляеш, як гэта цяжка – застацца адной, – ціха гаварыла яна. – Калі ў хаце – цішыня і ледзь не выратаваннем успрымаецца нячасты сынаў званок… Невыносна. Таму і завяла сабе коціка. Маленечкі такі камочак, чакае недзе мяне. Вось прыйду, а ён, мяккі, цёпленькі, скруціцца на каленях. Жывая істотка – і ўжо весялей…
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 32 queries