У бацькоўскую хату Сяргей прыязджае кожныя выхадныя. Хоць тут ўжо ніхто не чакае. Вясной і ўлетку даглядае градкі ў колішнім матчыным агародзе, радуецца дружным усходам, першаму ўраджаю пасаджанага. Узяўшы бацькаву касу, абыходзіць падворак, абкошвае траву – і сядзіба выглядае жылой. Вось-вось, здаецца, адчыняцца дзверы і на ганак выйдзе мама, паспяшаецца да хлявоў. А затым пачуюцца няспешныя бацькавы крокі…
Сем гадоў, як хата асірацела. Спачатку памёр бацька, а праз год пайшла за ім і маці. Сяргей, на той час ужо сам бацька дваіх амаль дарослых, нават не ўяўляў, што будзе так цяжка. Не, не матэрыяльна, хоць бацькі заўсёды дапамагалі, чым маглі. Прыйшло адчуванне, што ад яго адарвалі нешта вельмі-вельмі важнае, без чаго цяпер адзінока і балюча. Старэйшая сястра, якая па волі лёсу абаснавалася ў Расіі, пасля пахавання маці сказала яму: «Бацькаўшчына застаецца табе. Я ж, сам ведаеш, не наезджуся, хіба раз у год адпачыць… Рабі як сам ведаеш, хочаш – даглядай, хочаш – прадавай». Сяргей доўга не задумваўся, выбраў першае.
– Дарэмна, брат, жывеш, нічога не бачыш у жыцці, акрамя сваёй вёскі, – сказаў неяк Сяргею сусед па пляцоўцы. – З’ездзіў бы куды, адпачыў… А то ўсё вёска ды вёска…
І сапраўды, нідзе далёка Сяргей не пабываў. Калі не лічыць Германію, дзе служыў у арміі. А наконт адпачынку… Сабраліся неяк сям’ёй ды паехалі ў дом адпачынку. Добра там было, на ўсім гатовым, але ж ледзь дабыў ён, ледзь вытрымаў, каб не кінуць усё ды не падацца ў вёску. Так бы і пабег, здаецца, на вакзал, узяў білет туды, у сваё дзяцінства…
– Дзівак ты, чэснае слова, – аж злавалася жонка. – Не кідаць жа ўсё ды ехаць, як дзіця малое – зажадаецца чаго, дык хоць ты плач.
З таго часу ў санаторыі ды дамы адпачынку Сяргей не ездзіць. Стому, якая адчуваецца да канца працоўнага тыдня, лечыць толькі адным – вёскай. Тут дзень пралятае – як адна хвіліна, рукі і ногі ўвечары ныюць ад працы, але ж ныюць прыемна… А спіцца тут, у роднай хаце, неяк па-дзіцячы соладка і бясклопатна-лёгка, як і многа гадоў назад, калі толькі ўранку будзілі ціхія галасы маці з бацькам ды прыемны пах з кухні, дзе гатавалася смачнае снеданне.
– Дачакаюся пенсіі – пераеду сюды жыць, – плануе Сяргей. – І жонка не супраць. Будзем трымаць карову, завядзём кабанчыкаў, курак… А дзеці няхай жывуць у горадзе, ім, пакуль будзем мець сілы, дапаможам. Як і нам бацькі.
Вось яна, повязь з каранямі, гняздом, дзе нарадзіўся, і мясцінамі, дзе вырас чалавек. Думалася, назаўсёды стаў гараджанінам, вырваўшыся з вясковай хаты на паверхі. А вось жа не атрымалася. І паклікала да сябе вёска…
Ірына БУДЗЬКО