Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Фота і памяць

У розную пару года ля абеліска на вілейскай плошчы Свабоды вянкі і кветкі. Яны – знак памяці пра тых, хто коштам сваіх жыццяў здабыў іх – перамогу і свабоду. Час сцірае межы, загойваюцца на зямлі раны ад снарадаў і раны ў сэрцах, і месца, якое раней нічога, акрамя жаху і болю не выклікала, новым пакаленням запамінаецца зусім іншым выглядам і іншымі радаснымі,падзеямі. Шкада толькі, што разам з тым хуткаплынны час напаўпразрыстай завесай захінае і памяць.
На такі роздум падштурхнула незнарок убачаная сітуацыя з жыцця. Літаральна імгненне, якое чамусьці неяк непрыемна ўразіла, а зусім не «ўсміхнула», як сёння кажуць падлеткі. На першы погляд, нічога незвычайнага: маладая маці просіць дачку папазіраваць для фотаздымка. Тая, невялікая па ўзросце, стараецца найбольш прывабна стаць перад аб’ектывам камеры, у лепшых «подыумных» традыцыях ставіць руку ўбок і шырока ўсміхаецца. Але дзіўна тое, што ці то незнарок, ці то з-за неразумення, у якасці фону для здымка была выбрана… зваротная старана названага абеліска. Там таксама стаяць вянкі з пластыкавых елачак і кветак. Сярод іх штучнай прыгажосці дзіцячая ўсмешка падалася нейкай ненатуральнай, недарэчнай, пазбаўленай нечага няўлоўнага, але галоўнага і важнага… Успомнілася, як сёлета віляйчане адзначалі Дзень Перамогі, твары ветэранаў, жывыя кветкі ў іх руках, падараваныя школьнікамі. І тое адзінства пакаленняў падчас хвіліннага гучання хранометра, які адлічваў Памяць.
Не скажу пра пачуцці іншых, хто таксама стаў выпадковым сведкам гэтай карцінкі з жыцця – асабіста ў мяне гэта фота на памяць выклікала даволі спрэчныя думкі. Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 38 queries