Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Бульбашы. І тым ганарымся

Зноў верасень. І зноў адзін з найважнейшых клопатаў – копка бульбы. Здавалася б, такая распаўсюджаная, звыклая гародніна, з-за якой нас іншы раз называюць бульбашамі. А мы яе, бульбачку, і сапраўды, як у той песні, «варым, смажым, з масліцам ядзім…»
Успаміны з дзяцінства. Капаем бульбу. Не так, як цяпер іншы раз бачыш – талакою, а сваёй сям’ёй. Талаку тады збіраць не было з каго – кожная сям’я ў вёсцы шчыравала на сваіх «сотках». Таму і стараліся ўпраўляцца сваімі сіламі – дарослыя і дзеці.
– Угадайце, што будзем есці ў абед? – стараючыся падняць нам, дзецям, настрой, пыталася мама і дадавала: – Смачнае-смачнае…
Думаеце, мы пачыналі называць купленыя ласункі накшталт цукерак ці пячэння? Не, у адзін голас і без доўгіх роздумаў адказвалі: «Бабку». Ведалі, што заўсёды, калі дома збіраліся ўсе і рабілі нейкую важную справу, мама рыхтавала гэту страву. У абед, калі садзіліся за стол, даставаўся з печы чыгунок з апетытнай залацістай коркай, мама падавала кожнаму добры кусок араматнай бабкі, ставіла смятану. Такую смакату трэба яшчэ пашукаць… А калі дадаць, што за стол садзіліся людзі пасля нялёгкай працы, то можна ўявіць, з якім апетытам упляталася бабка, смак якой памятаеш і цяпер.
А ўзяць такую звыклую і простую страву – бульбяное пюрэ. Праўда, у нашым дзяцінстве яго называлі проста кашай. Мама размінала звараную бульбу таўкачыкам, запраўляла смажанымі шкварачкамі з цыбуляй. Вось і гатова няхітрая страва, якую хочаш еш з кефірам ці з салёным агурком, хочаш – з капустай у розных выглядах, а хочаш – з марынаванымі грыбкамі, запраўленымі смятанай.
Нядаўна размаўлялі па скайпу з братам-мараком. Як кажуць, па ўсім свеце чалавек паездзіў, многае бачыў і паспрабаваў. А пачалі гаварыць пра кулінарныя далікатэсы, прызнаўся:
– Няма нічога смачней за бульбу. Іншы раз аж сніцца пах бабкі… А як толькі я вяртаюся з плавання дамоў, раблю сабе, што называецца, свята жывата – таўку кашу і шчодра запраўляю шкварачкамі з цыбуляй, як гэта робіць мама. І здаецца, смачнейшага нічога не існуе.
Разумею яго і гэтак жа, як і ён, аддаю першынство перад рознымі іншымі, больш карыснымі, прадуктамі нашай бульбе. Ну ніяк мы без яе, ніяк. Нават доўгія гады пражыўшы далёка ад дома, у душы застаёмся бульбашамі. У самым лепшым сэнсе гэтага слова.
Ірына БУДЗЬКО

br /

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries