Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

АЎТАРСКАЯ КАЛОНКА

Бывае ж так: прачытаеш радкі – і возьмуць яны за жывое, дойдуць да самых патаемных куточкаў душы. Здаецца, менавіта твае пачуцці выказаў творца, твае думкі, якія жывуць у табе, хоць і схаваны глыбока-глыбока… Так атрымалася і ў мяне, калі прачытала ў свой час пранікнёныя словы Рыгора Барадуліна:
Бога і маму ў душы нашу,
Ступаю па грэшнай зямлі асцярожна,
Каб толькі не здрыгануць душу,
Звышняга й маму не патрывожыць…

У гэтыя кастрычніцкія дні ў мяне асаблівы настрой. Магчыма, таму, што набліжаюцца светлыя для кожнага з нас святы – Пакроў Багародзіцы, у які мы адзначаем яшчэ і Дзень маці. Таму і перапаўняюць сэрца прыгожыя пачуцці – удзячнасць, любоў, павага. Для мяне гэтыя дні хвалюючыя ўдвайне, бо літаральна ўчора ў чарговы раз адзначыла свой дзень нараджэння мая матуля. Ціхенька і сціпла жыве яна ў вёсачцы, дзе прайшлі яе дзіцячыя гады, юнацтва, сталасць; не патрабуе да сябе асаблівай увагі, акрамя аднаго – тэлефонных званкоў ад дзяцей і самага галоўнага паведамлення: у нас усё нармальна. Яна мацярынскім сэрцам адчуе, ці на самай справе гэта так. Засумняваецца – ціхенька перапытае, заўважыць, што «нейкі голас не такі…».
Прысутнасць мамы адчуваю заўсёды, нават калі яна не побач. Лаўлю сябе на тым, што гавару яе словамі, паўтараю яе рухі, жыву яе каштоўнасцямі. Сціплая, працавітая, праўдзівая, сумленная і надзвычайна добрая, яна была і застаецца маім ідэалам. Хачу, каб і мая дачка была падобнай на бабулю, простую жанчыну з чыстымі думкамі і неабмежаванай любоўю да людзей.
Памятаю, гасціў у мяне брат з Прыбалтыкі. Як звычайна бывае, падчас сустрэч мы ўзгадваем дзяцінства, дзелімся думкамі, прыпамінаем аднавяскоўцаў. У адзін з вечароў мы былі з братам удвух, гутарылі, смяяліся. Я паспявала яшчэ між іншым нешта рабіць па дому. Брат тады сказаў словы, якія сталі мне найлепшым кампліментам: «Ты – як мама…».
Усявышні і мама – першапачатак усяго. А ўжо за гэтым можна пералічваць мноства жыццёвых каштоўнасцяў і ідэалаў, у кожнага з нас – сваіх. Толькі вось пачатак павінен быць агульны для ўсіх. Сыны і дочкі, блізкія і далёкія, юныя і сталыя, давайце жыць так, каб, не вагаючыся, падпісацца пад гэтымі словамі паэта:
Бога і маму ў душы нашу,
Каб аніхто іх не ўскрыўдзіў, малюся…

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries