Аднойчы ў размове са знаёмай закранулі тэму, якая з цягам часу не становіцца менш балючай для нашага грамадства. Здаецца, і ўмовы жыцця ў нас год ад году паляпшаюцца, і мацярынства падтрымкай дзяржавы не абдзелена, але ж… Статыстыка не радуе памяншэннем колькасці дзетак, пакінутых бацькамі ў дзіцячых дамах. Пакінулі – навошта? Ніякім чынам не магу апраўдаць такі здрадніцкі ўчынак у адносінах да самага родненькага чалавечка.
Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу – неблагое выйсце для такіх дзетак, бо дапамагаюць намацаць свой шлях у жыцці, адчуць глебу пад нагамі, каб сітуацыя здрады не мела прадаўжэння далей. Але ж… Калі па тэлебачанні або радыё заахвочваюць тых бацькоў, у якіх па розных прычынах сваіх дзетак няма, шукаць сваё «чада» ў дзіцячых дамах, у душы расце абурэнне на маці-зязюль. Напрошваецца заканамерны вывад: калі мы будзем і далей «прыкрываць» грахі іншых сваёй сумленнасцю і талерантнасцю, то колькасць сірот пры жывых бацьках будзе павялічвацца ў геаметрычнай прагрэсіі. Калі нараджаць дзіця з мэтай абы толькі пусціць яго на свет – і забыцца: маўляў, не прападзе, знойдзецца, каму дагледзець, – то жывёлы ў такіх адносінах разумнейшыя за людзей, бо сваё патомства не кідаюць да поўнай самастойнасці, даючы ўсе неабходныя навыкі выжывання ў навакольным асяроддзі. Лічу так: узяў на сябе адказнасць нарадзіць дзіця – знайдзі ў сабе адказнасць, каб выгадаваць і паставіць яго на ногі. І апраўдвацца нейкімі акалічнасцямі жыцця ў няздольнасці зрабіць гэта – проста несур`ёзна. Бог дае чалавеку роўна столькі, колькі здолее ён вынесці на сваіх плячах – і радасці, і гора.
Тэма балючая, гаварыць можна бясконца. Прызнаюся: не ведаю таго дзейнага сродку, каб «пераламаць» сітуацыю ў пазітыўны бок. Безумоўна, дзетак, у адносінах да якіх адбылася такая здрада, пакідаць без дапамогі дзяржавы і людзей проста немагчыма. Але ж дзе так моцна спіць тое сумленне так званых «бацькоў», каб пабудзіць яго?
Таццяна ШАРШНЁВА