Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

А цяпер я яму спачуваю…

Быў сонечны асенні дзень ва ўсёй сваёй урачыстасці: на фоне блакітнага неба жоўта-барвова-зялёныя кроны дрэў здаваліся чароўна прыгожымі; пад нагамі шапацеў дыван з апалай лістоты; светлы сум выклікаў апошні танец лістка, які зрываўся нават ад лёгкага ветрыку і ляцеў-кружыўся да зямлі… На ўсё гэта хацелася глядзець бясконца, каб запомніць прыгажосць жывой прыроды на ўвесь той час, калі яна будзе ў зімовым сне.

Маленькая дзяўчынка ў чырвонай куртачцы на фоне асенняга хараства здавалася яркім агеньчыкам-непаседам: то бегала пад высокім клёнам, збіраючы рознакаляровыя лісты ў прыгожы букет; то весела шчабятала недзе ля кустоў акацыі і праз нейкую хвіліну залівіста смяялася, барахтаючыся ў рознакаляровым дыване пад дрэвам.
– Ну і непаседа, проста не паспяваеш за ёй, – з любоўю дакарала малую, відаць па ўсім, яе бабуля, яшчэ не старая мілавідная жанчына. – Гэта ж каб кожны дзень з ёй быць, дык і не справілася б… Пасля хваробы яна, дык у садок пакуль не ходзіць, вось і прыйшлося мне, пенсіянерцы, быць за няньку, у маладых жа работа…
Зусім незнаёмая мне жанчына, яна неяк вельмі хутка павяла размову пра надвор’е, клопаты (прыехала да дзяцей з вёскі), жыцейскія праблемы. Сын з нявесткай, падзялілася, будуюць кааператыў, хацелася б дапамагчы матэрыяльна, а з адной пенсіі не вельмі раскінешся. Таму і трымае яна немалую гаспадарку, якую цяпер пакінула на суседку.
– Мужа, відаць, пахавалі? – міжволі вырвалася ў мяне.
– Можна сказаць, што пахавала, – пацвердзіла жанчына і ўдакладніла: – Перайшоў да жанчыны ў суседнюю вёску. Жыве і цяпер, хоць такое там, кажуць людзі, і жыццё, а для нас – як пахавалі…
I яна расказала, як нялёгка было ёй тады: двое студэнтаў і адна школьніца былі на плячах маці. А яшчэ – гаспадарка, прысядзібны ўчастак, «соткі», нялёгкая праца на ферме… Здавалася, не вытрымаць. А неяк жа вытрымала, не без дапамогі, вядома, родных ды суседзяў.
– Прайшло сем гадоў, і я ўжо нават не адчуваю злосці на яго, – падвяла вынік расказанаму жанчына. – Наадварот, у думках іншы раз спачуваю яму: наперадзе старасць, я – разам з дзецьмі, унукамі, а ён адзін, не патрэбны нікому…
Чырвоным агеньчыкам мільганула паміж дрэў фігурка ўнучкі, і бабуля заспяшалася да малой.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 127 queries