Была зусім яшчэ дзіцем, калі ўпершыню пачула песню пад такой назвай, якую пранікнёна выконвала Сафія Ратару. Тады ў сілу ўзросту не магла асэнсаваць усю глыбіню таго, пра што спявала артыстка. Цяпер усё ўспрымаецца зусім па-іншаму – гэта не проста песня, а сюжэт некаторых жыццёвых гісторый, якія адбываюцца з рэальнымі людзьмі.
У маёй знаёмай каля чатырох месяцаў назад памерла матуля. Што і казаць, цяжка гэта – страціць самага роднага чалавека, хоць і дажыў ён да паважанага ўзросту. У вясковай хаце застаўся жыць адзін старэнькі бацька. Колькі ні клікала яго дачка да сябе, не згаджаўся,маўляў, на каго ж хату пакінуць… А дачка бачыла, што прычына ў іншым – бацьку не хацелася пакідаць сваё гняздо, якое яны з жонкай старанна вілі разам. Тут, у сваёй хаце, дзядулю ўсё нагадвала пра яе, каханую, з якой пражыў шэсць дзесяткаў гадоў і без якой не ўяўляў сябе ў гэтым жыцці. Заставалася адно – успамінаць тое, што разам перажыта, і гэтым існаваць. Так ён і рабіў. Аднак без той, з якой яны заўсёды былі як нітачка з іголачкай, ён не мог зусім і адчуваў, як жыццёвыя сілы пакідаюць яго… Праз чатыры месяцы пасля смерці жонкі пенсіянера не стала. Ён пайшоў на той свет ціхенька, нібы стараючыся не патурбаваць блізкіх. У кішэні касцюма, які бацька захоўваў «на смерць», знайшлі невялічкую іконку, яго талісман. Многа гадоў назад маладому салдату, праводзячы яго на фронт, гэту іконку даў бацька. І яна берагла хлопца, не дала загінуць. Яе, самае вялікае сваё багацце, пенсіянер узяў з сабой і ў тую невядомасць, дзе яго, верыў, чакала яго каханая…
– Вось і ўсё, пустая наша хатка ў вёсцы, – на вачах маёй знаёмай зноў з’яўляюцца слёзы. – І няма да каго мне спяшацца ў выхадны. А так хочацца…
Невыносна цяжка назаўсёды развітвацца з самымі дарагімі людзьмі. Але ж нічога не пераіначыш, бессмяротных няма. Пройдзе пэўны адрэзак часу, і крыху сціхне боль дачкі, застанецца толькі смутак. Але смутак светлы, бо пакінулі гэты свет яе бацькі па-лебядзінаму прыгожа.
Ірына БУДЗЬКО
Дзякуй за артыкул. Крануў. Ёсць над чым паразважаць.