Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Пражыла цэлы век і чаго толькі ні зведала…»

Калі сустракаешся са старажыламі ў нашых маляўнічых вёсках, то акунаешся адразу ў цэлыя эпохі. І хаця большасць з іх не героі якіх-небудзь войнаў, але пражылі сапраўды цяжкае і насычанае жыццё, зведаўшы ваенныя ліхалецці, голад і шэраг іншых выпрабаванняў.

Але кожны з іх пра ўсё гэта распавядае па-філасофску, кажучы – такі быў час.

Паразмаўляць з людзьмі, якім споўнілася амаль сто гадоў, якія яны знаходзяцца ў добрай памяці – гэта больш, чым прачытаць гістарычную кнігу пра сваю мясцовасць. Бо кнігі пішуць па архіўных дакументах з іх сухімі лічбамі і фактамі. А тут чалавек, які пражыў сто гадоў і рассказвае пра ўсе падзеі з эмацыянальнымі перажываннямі і цікавымі гісторыямі і фактамі, пачынаючы ад успамінаў пра часы Першай сусветнай вайны, перыяд за польскім часам, ваеннае ліхалецце і пасляваеннае будаўніцтва.

Зусім недалека ад аграгарадка Вязынь размяшчаецца ўтульная і маляўнічая вёска Фалькі, у якой было не менш за 75 хат, а зараз засталося з жыхарамі каля дзесяці. Тут жа пражывае Яўгенія Аляксандраўна Гулецкая, якой у хуткім часе спаўняецца 100 год. Гэта актыўная, жвавая і жыццярадасная бабуля, на першы погляд якой і не дасі столькі гадоў. Яна добра памятае кожны факт свайго веку, добра разбіраецца ў дні сённяшнім, актыўна цікавячыся праз тэлебачанне пра жыццё краіны, нават яе ўнутраную і знешнюю палітыку. Прагаварыўшы каля трох гадзін з Яўгеніяй Аляксандраўнай разумееш, што так Бог дае не кожнаму.

Яўгенія Гулецкая, у дзявоцтве Сухая, пра дзяцінства сваіх бацькоў можа расказаць так падрабязна, як быццам пра сваё. Яе матуля Агата паходзіць з вёскі Пахомава і была круглай сіратой, яе бацькі памерлі ад «іспанкі», калі дзяўчынцы споўнілася два гады. Выхоўвалі яе цёткі, але з малых гадоў яна ўжо вымушана была зарабляць сама. Зусім маленькай варыла есці на плытах мужчынам-плытагонам, што сплаўлялі лес, а Пахомава было галоўнай базай, дзе з маленькіх пачак лесу звязвалі вялікія плыты і сплаўлялі далей да Вільні і Каралеўца (сучаснага Калінінграда). Потым цётка аддала дзяўчынку да пахомаўскага святара прыслужніцай па гаспадарцы, а калі Агата падрасла, то пайшла працаваць да мясцовага пана, дзе праз пэўны час яе аддалі замуж за хлопца з Фалек. Бацька бабы Жэні Аляксандр Сухі прайшоў Першую сусветную вайну і быў жаніхом заможным, бо меў шмат зямлі. «Нашы сенакосы былі нават там, дзе зараз пасёлак Чысць, – говорыць Яўгенія Аляксандраўна. – Але і сям’я была вялікая, было шэсць дзяцей: два мае браты, тры сястры і я».

 

– Я вельмі любіла дзяцей, таму яшчэ малой дапамагала старэйшым сёстрам гадаваць іх дзяцей – была за няньку, – расказвае Яўгенія Аляксандраўна. – Памятаю, глядзела дзяцей ў сястры ў Буйлях, а там быў «Кабылле луг» – высокая гара, з якой аднойчы і павалілася з дзіцем сястры. Тая накрычала на мяне, і я думала, што больш не пайду няньчыцца, але ўсё роўна хадзіла і калыхала дзяцей, бо надта любіла.

У дзявоцтве Яўгенія Аляксандраўна вырашыла паехаць у Латвію «зарабіць на падушкі», як кажа сама. Бо яе старэйшыя сёстры павыходзілі замуж і забралі ў пасаг усе падушкі, а ёй не было.

– Ехалі ў Латвію «таварняком», а калі прыехалі, то нас забралі гаспадары да сябе на працу. Там была добрая гаспадыня, але ад гэтага працы менш не было, – узгадвае баба Жэня. – Уставалі штодня каля 4 раніцы і, падаіўшы кароў, везлі малако за чатыры кіламетры, каб перарабляць яго. За 13 месяцаў, пакуль была ў Латвіі, чаго толькі ні рабіла: і касіла, і даіла, і вазіла. Але ж зарабіла на той час 9 лат – а гэта былі вялікія грошы. Прывезла адтуль і паліто, і яшчэ іншага, але адразу тут купіла два мяхі пер’я і нарабіла падушак у пасаг. Хаця замуж ісці надта і не хацела. Мой мужык да мяне сватаўся некалькі разоў, пакуль я згадзілася. Валодзя быў сіратой з Лазарцаў, але яго выхоўваў дзяцька тут, у Фальках, і я ведала яго з маленства. Наколькі ён быў працавіты! Тут, у хаце, усё зроблена яго рукамі: ад падлогі да столі, нават карнізы, шафы, сталы і ложкі – зрабіць мог усё, ды яшчэ і клямкі з завесамі сам каваў.

– Вянчаліся мы на Ушэсце. Як зараз памятаю, што ў вязынскай царкве тады быў бацюшка Смірноў, ён і вянчаў. Праз год мужа забралі ў жаўнеры – у армію, служыць у Гродна. А потым пачалася вайна. Чаго толькі ні зведалі: днём немцы прыляталі з Вязыні, а ноччу – бандзіты, што выдавалі сябе за партызан. І кожны адбіраў апошняе. Памятаю, як сагналі ўсіх жанчын і дзяцей немцы ў адну хату і трымалі. Пэўна, думалі, калі награнуць партызаны, то маглі нас пазабіваць ці спаліць. А потым адпусцілі, але пазабіралі ўсё. Памятаю, як ледзь хата не згарэла, бо побач падпалілі хату суседзяў, чые сыны пайшлі ў партызаны – ой, як палыхала. Мне тады старыя людзі падказалі абнесці хату іконай і дзяжой – гэта, можа, і выратавала.

Яўгенія Аляксандраўна, расказваючы пра вайну, кожнае слова перажывае, як на той час падзеі, бо ўсё настолькі жыва і страшна.

– Калі мужыка вывозілі на працу ў Германію, а многа каго тады вывозілі, то мы з жанчынамі ішлі пешшу спачатку на Вілейку, тады на Маладзечна, а потым – у Краснае. Хацелі развітацца, але так і не сустрэліся, вярнуліся дадому. Праўда, Валодзя неяк змог уцячы перад поездам, калі немцы некуды адвярнуліся. Перачакаўшы ў нейкай хаце, ён змог вярнуцца дадому. Не забыцца, як у 43-м годзе ў вёсцы сем дзяцей памерла за тыдзень ад скарлаціны. І наш хлопчык памёр, – тут баба Жэня прыпыняецца, каб выцерці слёзы. – Чаго я толькі не рабіла. Свякроў параіла ноччу схадзіць на могілкі і сабраць са старога крыжа моху, каб заварыць дзіцяці – казалі, што памагае. І пайшла ў 12 ночы на могілкі. Але малое ўсё роўна памерла…

Калі прыйшло вызваленне Беларусі, мужа Уладзіміра забралі на фронт. Ён прайшоў вайну і вярнуўся адбудоўваць разбураную гаспадарку. Да пенсіі працаваў ў Вязыні брыгадзірам, быў на добрым рахунку, бо мог выканаць любую работу, настолькі быў майстравітым, хоць і вырас без бацькоў. Да апошняга разам сям’я трымала кароў, коней, не менш за сямнаццаць авечак, садзілі па два агароды.

– Мама нават пасля таго,як не стала бацькі, яшчэ год і каня трымала. У нас у кожнага па два кажухі было. Мама з воўны рабіла ніткі і вязала, бацька – валяў валёнкі сам, – дзеліцца дачка Ірына Уладзіміраўна, якая зараз даглядае матулю. – А ў свае 99 мама сама выбірала бульбу – кажа, свае рады яна выбярэ патрошкі толькі сама. Мы ў мамы засталіся ўжо з сястрой толькі адны. Два браты памерлі. Вось мы па чарзе маму і даглядаем. Хаця яна сама яшчэ нас абгоніць.

Яўгенія Аляксандраўна багатая бабуля: у яе 9 унукаў, 17 праўнукаў і 1 прапраўнучка. І кожнага яна памятае паіменна, кожнаму знаходзіць добрыя словы і парады. А як яе вершыкі любіць меншы праўнук з Маладзечна. А баба Жэня яшчэ памятае іх усе са школы. Як не забываецца ніводнага моманту са свайго жыцця.

– Ну што ж,  сустрэнемся летам і адзначым ваша стагоддзе, – дамовіліся мы на развітанне з Яўгеніяй Аляксандраўнай.

Сяргей ГАНЧАР /Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 26 queries