Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

60 гадоў споўнілася Крывасельскаму сельскаму Дому культуры

60 гадоў споўнілася Крывасельскаму сельскаму Дому культуры, які на працягу 36 гадоў узначальвае Алена Шаблыка.

Бягучы год для крывасельскіх творчых людзей адметны – споўнілася шэсцьдзясят гадоў, як у вёсцы адкрыўся сельскі клуб, які з 2008 года за высокія паказчыкі ў працы перайменаваны ў Дом культуры. На працягу трыццаці шасці гадоў установай загадвае мясцовая жыхарка Алена Шаблыка.

– У мяне і варыянтаў іншых не было, як працаваць ва ўстанове культуры, – з усмешкай падзялілася Алена Мікалаеўна. – Мама мая, Надзея Макараўна Герасімовіч, усё жыццё адпрацавала ў бібліятэцы і вельмі часта падмяняла і загадчыка клуба, тата, Мікалай Фаміч, быў музыкам, іграў на акардэоне і двухрадцы, выступаў на канцэртах. З маленства я была пры клубе, ведала пра клопаты сельскіх культработнікаў. На гэтым, можна сказаць, і вырасла. Ды і сама з дзяцінства выходзіла на сцэну, чытала вершы. З таго часу захавалася тое пачуццё адказнасці, калі выступаеш перад людзьмі, якіх добра ведаеш, і яны цябе – таксама. Тут ужо нельга пакрывіць душой…

Усё ў Крывасельскім Доме культуры нагадвае пра нашы агульныя карані, таленавітых продкаў, што перадалі свае ўменні новым пакаленням: і прыгожыя налічнікі на вокнах, і саламяныя павукі, вышываныя настольнікі і карціны, прыгожыя работы з саломкі, бісеру, падручнага матэрыялу.

– Сёння асноўны накірунак у нашай дзейнасці – дэкаратыўнапрыкладная творчасць, – расказала Алена Мікалаеўна. – Разам са мной без малога трыццаць гадоў працуе майстар па саломапляценні Ірына Станкевіч, творчая майстрыха і абаяльная жанчына. Мы з ёй, бібліятэкар Людміла Ракецкая ды наш нязменны музычны акампаніятар Вольга Кажура – гэта і ёсць той касцяк, вакол якога аб’ядноўваюцца таленавітыя і нераўнадушныя людзі, якія любяць свой край, шануюць нашу мінуўшчыну.

Сёлетні юбілейны год, адзначыла Алена Мікалаеўна, добра складваецца для ўстановы культуры: выкананы план платных паслуг, ёсць перамогі ў конкурсах і акцыях. Так, крывасельскія культработнікі і юныя наведвальнікі ўстановы ўдзельнічалі ў абласным дзіцячым конкурсе «Калыска талентаў», дзе работы юных былі высока ацэнены: дыплом першай ступені атрымала Наташа Запуняка за выстаўку хатніх работ з саломкі, а Паліна Путро – дыплом другой ступені за работы з бісеру. Яшчэ адна юная наведвальніца Дома культуры Даша Мікуліч прыняла ўдзел у інтэрактыўным конкурсе і атрымала дыплом трэцяй ступені за сваю работу – намітку.

Асобная тэма для сельскіх культработнікаў – святы вёсак свайго сельсавета. Гэта, на думку Алены Шаблыка, вельмі важныя і патрэбныя людзям мерапрыемствы, якія збіраюць вяскоўцаў разам, вяртаюць у нашу агульную гісторыю, ушаноўваюць заслужаных і працавітых і, што самае галоўнае, – аб’ядноўваюць, уносяць у жыццё новыя фарбы.
Сельскі Дом культуры. На думку Алены Шаблыка, якая аддала працы ў ім без малога чатыры дзясяткі гадоў, ён павінен заўсёды заставацца тым месцам, дзе можна адпачыць душой, раскрыцца ў творчым плане, а то проста хоць на нейкі час адысці ад штодзённых клопатаў. Бо не хлебам жа адзіным жывы чалавек.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Сяргея ГАНЧАРА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 51 queries