Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Бацькава справа паклікала

Ужо 17 год – з 2002-га – Міхаіл Генбура працуе лесніком у Вязынскім лясніцтве. Да прафесіі сваёй Міхаіл Іванавіч, можна сказаць, прыкіпеў сэрцам. Ды і ці магло быць інакш? Ён – ляснік у другім пакаленні. Пра адметнасці лясной справы ведаў з дзяцінства, дапамагаючы бацьку, які працаваў у гэтым жа лясніцтве таксама лесніком.

На абходзе – ляснік Міхаіл Генбура
На абходзе – ляснік Міхаіл Генбура

..Яго жыццёвай кропкай адліку былі Паняцічы – вёска, дзе жылі бацькі і прайшло яго дзяцінства. Адсюль праводзілі і ў армію. Служыў Міхаіл Генбура ў войсках сувязі ў Мінску. Калі вярнуўся на маленькую радзіму пасля службы – якраз да іх у госці прыехаў дзядзька з Латвіі. Яго прапанову паехаць разам у Прыбалтыку прыняў ахвотна – і 22 гады пражыў там, у горадзе Ліепаі. Там жа сустрэў будучую жонку – Алену Анатольеўну. Так і з’явілася іх сям’я, сям’я вялікая – яны і шасцёра дачок: Марына, Анастасія, Кацярына, Дар’я, Сняжана і Алена. Сёння амаль усе яны ўжо самастойныя, вывучыліся, працуюць. Праўда, ніхто з іх не знайшоў сябе ў лясной гаспадарцы, але гэта не засмучае Міхаіла Іванавіча. Ён ганарыцца іншымі іх дасягненнямі, а таксама тым, што ў яго з жонкай Аленай Анатольеўнай ёсць ужо два ўнукі і ўнучачка.

Пасля пераезду з Латвіі ў Беларусь яны вярнуліся на радзіму бацькоў – у Паняцічы. Некаторы час Міхаіл Генбура працаваў у калгасе, а потым уладкаваўся на працу ў лясніцтва – бацькава справа паклікала. А яшчэ – знаёмыя з дзяцінства лясныя сцежкі-дарожкі, якія яго бацька аб’язджаў яшчэ на кані. А ён цяпер – дзе пешшу, а дзе – на двухколавым транспарце, сваім старэнькім веласіпедзе. Дарэчы, на веласіпедзе Міхаіл Генбура пераадольвае розныя адлегласці – з дзяцінства сябраваў са спортам, да якога прызвычаіўся яшчэ калі вучыўся ў Вілейцы ў інтэрнаце. І пасля арміі самастойна займаўся спортам, такім чынам заклаўшы трывалы падмурак на ўсё жыццё. Міхаілу Іванавічу ў пачатку бягучага года споўнілася шэсцьдзясят год, але актыўны лад жыцця – гэта пра яго. Неаднойчы выступаў у камандзе лясгаса ў спартыўных спаборніцтвах. Можа і зараз прабегчы дыстанцыю на лыжах, але лічыць, што ўжо пара саступаць месца маладым.

Абход – так называецца тэрыторыя, за якую адказвае кожны ляснік, кантралюючы стан лясных пасадак, іх выкарыстанне, ахову і ўзнаўленне. У Міхаіла Генбуры такіх абходаў два. Іх агульная плошча – 1300 гектараў. Уся гэта тэрыторыя – яго зона адказнасці. Сёння, у параўнанні з мінулым, спіс абавязкаў лесніка шырэйшы – гэтага патрабуе рэчіснасць. Пасадкі – узнаўленне ляснога фонду; адводы – дзялянкі для нарыхтоўкі драўніны, якія ўсе адводзяцца лесніком; прачыстка і асвятленне лесапасадак, абкошванне травы вакол маладых дрэўцаў, барацьба з жучкамі-шкоднікамі… Нядаўні клопат, якім леснікі займаліся больш за тыдзень – апрацоўка верхавінак маладых дрэўцаў у пасадках спецыяльнай пастай, каб ласям (вялікім да гэтага ахвотнікам) ласавацца імі было «нясмачна».

Сапраўдны ляснік, Міхаіл Генбура ў будынку Вязынскага лясніцтва бывае мала часу. У любую пару года, у любое надвор’е – на абходзе.

Узнаўленне ляснога фонду – важная задача. Таму ў абавязкі лесніка ўваходзіць яшчэ і збор насення дрэў розных парод – дуба, вольхі, ясеня, клёна, ліпы… І, канечне, сасны. Гэта парода на Вілейшчыне галоўная, на пясках сасне падабаецца расці. Елкі ж больш патрабавальныя да глебы. З сабранага насення ў гадавальніку Вілейскага доследнага лясгаса вырасцяць саджанцы, якія праз пэўны час атрымаюць пастаянную «прапіску» ў лесе і стануць вялікімі дрэвамі.

– Сам па сабе лес не расце, – зазначае Міхаіл Генбура. – Яго трэба ахоўваць, бесперапынна клапаціцца аб ім. А ў працы лесніка галоўнае – любіць сваю работу і адказна выконваць яе, каб лес рос, а не знішчаўся.

Так лічыць Міхаіл Іванавіч. Ляснік, які ніякай работы не баіцца, а свае абавязкі выконвае старанна. І турбуецца аб тым, што не толькі ад самавольных рубак трэба ахоўваць сёння лес – у гэтым плане людзі сталі больш дысцыплінаванымі, не рызыкуюць, разумеючы адказнасць. Не зжывае сябе звычка пакідаць смецце ў лесе – і работы ў леснікоў становіцца больш. Забываюцца прыхільнікі актыўнага адпачынку, што ў лесе, які не шкадуе для іх грыбоў і ягад, яны толькі госці. І паводзіць сябе трэба адпаведна, не парушаючы тую гармонію, якая існуе спрадвеку.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 22 queries