Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Яго справа жыцця – частка гісторыі Беларусі

Вілейшчына багатая на імёны выдатных дзеячаў культуры, літаратуры, мастацтва і навукі, сусветна вядомых грамадскіх дзеячаў. Сярод іх – імя Аляксандра Уласава – беларускага грамадска-культурнага дзеяча, выдаўца, публіцыста, 145-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца ў гэтым годзе.

Аляксандр Уласаў
Аляксандр Уласаў

Пра Аляксандра Уласава можна трапна сказаць – рускі чалавек, які стаў сапраўдным беларускім патрыётам! Нездарма многія даследчыкі сучаснасці яго параўноўваюць з Уладзіміра Мулявіным, які таксама стаў беларускім песняром, маючы рускія карані. Аляксандр Мікітавіч Уласаў нарадзіўся 16 жніўня 1874 г. у горадзе Вілейка, на той час Вілейскага павета Віленскай губерніі. Увогуле лёс сям’і Уласавых вельмі цесна пераплёўся з лёсам Беларусі.

Аляксей Іванавіч Уласаў, прапрадзед нашага земляка, быў выхадзец з пецярбургскіх дваран. Яго накіравалі ў Беларусь ў 1827 годзе, дзе ён быў святаром праваслаўнай царквы пры віленскай паштовай канторы. Яго сын Мікіта Аляксеевіч спачатку быў начальнікам пошты ў Табольску, а потым працягнуў паштовую службу ў Вілейцы, Вільні і Пінску. Вось калі Мікіта Уласаў працаваў начальнікам паштовай службы Вілейкі, тут ў яго сям’і і нарадзіўся сын Аляксандр, а ўсяго ў сям’і Уласавых было пяць сыноў і пяць дачок.

У 1905-м Аляксандр Уласаў скончыў політэхнічны інстытут у Рызе. У час рэвалюцыі 1905-1907 гадоў уключыўся ў грамадска-палітычную барацьбу: арганізоўваў забастоўкі ў Радашковіцкім павеце, у Мінску, браў удзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, быў адным з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), ініцыятарам стварэння і рэдактарам-выдаўцом «Нашай нівы». Гэта – штотыднёвая грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета, стала знакавай з’явай у гісторыі і культуры Беларусі. Хоць газета і выходзіла менш за дзесяцігоддзе – да жніўня 1915-га – яе выданне было спынена ў сувязі з набліжэннем фронту Першай сусветнай вайны…

«Наша ніва» на той час была цэнтрам літаратурнага жыцця Беларусі: на яе старонках упершыню пабачылі свет многія творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага, Канстанцыі Буйло, Алеся Гаруна… У «Нашу ніву» дасылалі свае артыкулы і жыхары Вілейшчыны. Газета зрабіла велізарны ўклад у станаўленне і развіццё беларускай літаратурнай мовы. Аляксандр Мікітавіч Уласаў як ніхто ўмеў згуртоўваць вакол сябе творчых, таленавітых людзей. Якуб Колас успамінаў Уласава як свайго «духоўнага бацьку». Менавіта ён прапанаваў пачынаючаму паэту, а тады настаўніку без пасады, куток у рэдакцыі і заробак на пражыццё. Аляксандр Мікітавіч ужо ў той час зразумеў, што «перад ім узыходзячая зорка беларускай паэзіі».

У заходне-беларускі перыяд жыцця і дзейнасці (1921 – 39 гг.) у друку, выступленнях у польскім сейме, на сходах Аляксандр Уласаў выказваў занепакоенасць нацыянальным і сацыяльна-эканамічным прыгнечаннем мясцовага насельніцтва. Ён з’яўляўся арганізатарам і адным з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Да нашых дзён захаваўся здымак з’езду ТБШ у Вілейцы, на якім прысутнічаў і Аляксандр Уласаў. Пад яго апякунствам таксама дзейнічала ў 1922-29 гадах Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны, дзе навучаўся ў той час Максім Танк. У 1930-я гады Уласаў знаходзіўся пад пільным наглядам польскіх уладаў. У канцы 1939 года быў арыштаваны па падазрэнні ў шпіянажы і высланы ў Сіблаг. Яго сэрца не вытрымала гэтых выпрабаванняў, і 11 сакавіка 1941 на станцыі Марыінск Новасібірскай вобласці РСФСР Аляксандра Уласава не стала.

Рукапісная спадчына А. Уласава зберагаецца ў Літаратурным музеі Я. Купалы (Мінск), у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай АН Беларусі (Мінск), Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы (Вільнюс). Але галоўнае, што яго памятаюць і паважаюць землякі.

Сяргей ГАНЧАР/Фота з архіва Рымы ГІРЫЛОВІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 27 queries