На ўскрайку Вілейскага раёна, каля самай мяжы з Лагойскім раёнам, размясцілася вёска Крайскія Пасекі. Тут, акрамя адметнай вясковай архітэктуры, існуе ўнікальнае падвор’е – сапраўдны эксперыментальны сад з прыкладна 600 відамі раслін.
Так, мы не памыліліся – на панадворку адной з вясковых хат у вёсцы на Вілейшчыне вырошчваецца каля шасці соцень відаў раслін. І большасць з іх – у выглядзе куставых скульптур. Наведваючы Альковічскі край, давялося разам са старшынёй Ільянскага сельсавета Аляксандрам Мікуцкім пабываць у цікавай і каларытнай вёсачцы Крайскія Пасекі. Тут ужо больш за дзевяць гадоў жыве цікавая гаспадыня падвор’я, галоўны занятак якой, што яна знайшла для сябе пасля выхаду на адпачынак – тапіар.
Што ж такое тапіар? Гэта куставая скульптура, фігурная стрыжка дрэў і кустоў. Адно з найстарэйшых садова-паркавых мастацтваў. Шырока гэта майстэрства было распаўсюджана і на Вілейшчыне ў канцы 19 — пачатку 20 стагоддзяў, калі ствараліся і актыўна перабудоўваліся шляхецкія сядзібна-паркавыя комплексы ў Мацькаўцах, Стайках, Юнцавічах, Зецемені.
– У мяне ў садзе сотні раслін, кожную з іх я падстрыгаю і фармірую. Вось, напрыклад, звычайная сасна, якая вырасла з насення. Для яе была прывезена лясная падсцілка. Каб надаць ёй пэўную форму, спатрэбіцца некалькі год. Затым яна будзе высаджана ў чыімсьці садзе. У горадзе ў мяне чарга за такімі раслінамі.
Звычайныя самшыт ці ядловец могуць стаць адным з самых каларытных упрыгожванняў садовага ўчастка, аўтарскага ландшафта – і гэта можна пабачыць на свае вочы ў Крайскіх Пасеках. Тут і жывая агароджа з біручыны, і 120 квадратаў лавандавай фермы, і мудрагелістыя формы туй і дрэў.
– Гэты сад – для мяне пляцоўка для вывучэння і эксперыментаў. Дзесяць гадоў таму я шукала сабе дачны ўчастак, але ў мяне амаль не было грошай. Прапаноўвалі абасоблены хутар на Валожыншчыне, але ён быў ў аддаленні ад трас, населеных пунктаў – вельмі каларытны, але дабірацца туды амаль не агчыма без асабістай машыны. Таму мой выбар спыніўся на памежжы Вілейшчыны і Лагойшчыны. Тут вельмі цікавыя мясціны. У 1930-я гады на гэтай тэрыторыі была Польшча, а праз кіламетр – Савецкая Беларусь. Мая хата натхняе мяне, як і мой сад. Тут падлога з самаробных дошак, якія маюць крывыя бакі, але кожная дошка вельмі шчыльна падагнаная адна да адной – проста цуд. Я спецыяльна падлогу пафарбавала ў белы колер, каб кожны змог пабачыць, якія майстравітыя былі нашы продкі.
Амаль цэлае лета сюды, у Крайскія Пасекі, прыязджаюць фатографы з маладымі на фотасесіі, прыязджаюць семьямі, парамі, каб зрабіць каларытныя здымкі. А многія наведваюць вёску, як адзначыла гаспадыня падвор’я – «проста за натхненнем».
– Паглядзіце, як проста і прыгожа выглядае гэта жывая агароджа з біручыны. А вось зірніце на агароджу майго новага суседа – яна з металапрофілю і каштуе некалькі тысяч даляраў. А можна пасадзіць простыя галінкі біручыны, якая з’яўляецца блізкай сваячніцай бэзу. Калі яе не фарміраваць і не падстрыгаць, то яна можа выглядаць вельмі пасрэдна. Але толькі варта ўжыць садовыя нажніцы, як яе знешнасць проста зменьваецца, наводзячы асацыяцыю з эфектам мадэльнай прычоскі. Так і тут, пад старым спарахнелым плотам ці сеткай, можна высадзіць па некалькі галінак біручыны і праз гады два-тры ў вас будзе высокая жывая агароджа і каштаваць гэта будзе некалькі рублеў. Так, зусім проста, можна зрабіць панскі сад.
Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара