Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Закрыццё фестывалю «Светлае слова» адбылося ў Вілейскім Палацы культуры

Заключны акорд ІІ-га літаратурна-музычнага фестывалю «Светлае слова» стаў урачыстай падзеяй – з узнагароджваннем пераможцаў, гала-канцэртам і яскравымі фарбамі эмоцый.

Закрыццё фестывалю адбылося 19 кастрычніка ў Вілейскім Палацы культуры. У зале – людзі рознага ўзросту, але аднолькава чуйныя да роднага слова. Да іх і да ўдзельнікаў «Светлага слова» звярталіся намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга і благачынны Вілейскай акругі настаяцель храма прападобнай Марыі Егіпецкай іераманах Аляксандр (Шмырко). Кампетэнтнае журы фестывалю, якое ўзначаліла народная артыстка Рэспублікі Беларусь, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Марыя Захарэвіч, выканала ганаровую задачу – узнагародзіла юных аматараў мастацкага слова, адрасаваўшы кожнаму з іх цёплыя пажаданні. Некалькі гадзін таму яны прымалі ўдзел у конкурсе ўзорнага мастацкага чытання ў кінатэатры, а зараз зноў падняліся на сцэну, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды і адчуць радаснае хваляванне. А потым зноў у выкананні навучэнцаў устаноў адукацыі Вілейкі прагучалі творы вядомых аўтараў – пранікнёна, з пачуццём, неабыякава…

Гран-при в номинации "Мастацкае чытанне" удостоена КВЯТКЕВИЧ Ксения,СШ N5
Гран-при в номинации «Мастацкае чытанне» удостоена КВЯТКЕВИЧ Ксения,СШ N5

 

Літаратурна-музычны фестываль «Светлае слова» на працягу некалькіх тыдняў здзіўляў, дарыў мноства станоўчых эмоцый, даваў падставы для роздуму і радаваў талентамі вілейскай зямлі. «Светлае слова» стала значнай культурнай падзеяй – літаратурнай, музычнай і, канешне, светлай.

Арганізатары фестывалю ўдзячны за падтрымку ўсім неабыякавым: установам культуры, Вілейскаму благачынню, упраўленню капітальнага будаўніцтва Вілейскага райвыканкама, раённаму аддзяленню Беларускага Дзіцячага фонда, ЗАТ «Завод Фламетр», Цэнтральнай бібліятэчнай сістэме, Вілейскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру», Белтэлерадыёкампаніі, Цэнтру эстэтычнага выхавання, магазіну канцтавараў «Парус-торг», філіялу «Вілейскі хлебазавод» РУП «Барысаўхлебпрам», Вілейскаму прамысловаму ўчастку ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат», усім бацькам вучняў і педагагічным калектывам устаноў адукацыі Вілейкі.

Таццяна ШАРШНЁВА


У ТЭМУ

Роднае слова, табой я багаты…”

Гэты радок з верша вілейскага паэта Івана Лашуткі можа служыць лейтматывам да ўсяго мерапрыемства, якое ў мінулую суботу адбылося ў кінатэатры «Мір». Конкурс узорнага мастацкага чытання, па сутнасці, стаў апошняй каларытнай імпрэзай другога раённага фестывалю «Святло слова». Удзельнікі яго, вучні гарадскіх школ і гімназій, дэманструючы свае здольнасці перад аўтарытэтным журы, засведчылі галоўнае: кожны паэтычны радок павінен гучаць на струне чалавечай душы. Толькі тады ён даходзіць да слухача, кранае, пераконвае, вымушае задумацца над зместам і сутнасцю вершаванага твора…

Не вельмі разгорнутая праграма складалася з васямнаццаці нумароў. Папярэдні конкурс, які праходзіў у школе №5, быў больш маштабны. І, напэўна, у журы тады было больш магчымасцей для вылучэння лепшых чытальнікаў. Але і тое, што пашчасціла пачуць, шчыра скажам, не вельмі шматлікім наведвальнікам імпрэзы, даставіла апошнім незабыўныя хвіліны судакранання з творчасцю вядомых аўтараў, сапраўднай паэзіяй.

Са сцэны гучалі радкі Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Грачанікава. Суладна ўпляталіся ў паэтычнае шматгалоссе творы нашых паэтаў-землякоў: Уладзіміра Цануніна, Віктара Кажуры, Бажэны Ганушкінай. Шчыра, натхнёна, хвалююча – такую адназначную ацэнку можна даць выступленням на сцэне юных чытальнікаў. Безумоўна, зала слухала не прафесіяналаў. Але шчымлівыя слёзы набеглі на вочы не толькі эмацыянальна настроеных чытачоў, але і строгага журы, калі са сцэны гучала «Крывавая балада» на словы Анатоля Грачанікава ў выкананні вучняў пятай гарадской школы: «…нашы маткі так крычалі, што завялі сорак кветак…». Матыў вайны, гібелі дзяцей, над якімі ўчынілі вытанчаныя ў сваёй непрыкрытай жорсткасці здзекі фашысцкія нелюдзі – ён і сёння, праз дзесяцігоддзі, разрывае на крывавыя кавалкі чалавечыя душы. Вось чаму не хавала слёзы расчуленая зала і ледзьве стрымлівала іх настроенае на аб’ектыўнасць журы.

«Час выбраў нас» – і гэта літаратурна-мастацкая кампазіцыя вучняў другой гімназіі, прысвечаная 105-й гадавіне пачатку Першай Сусветнай вайны, выклікала ў слухачоў зразумелае хваляванне. Сапраўды, столькі год мінула. І сведкаў, і пакаленні нашчадкаў той вялікай трагедыі свету паклікала вечнасць. Але гучыць бясконцае рэха людской болі, змарнелых салдацкіх лёсаў, знішчанага кахання… Продкі перадалі нам эстафету памяці. Не падхапіць яе, не агучыць у паэтычным слове, кароткім, як святло знічкі, горкім уздыху, значыць, здрадзіць мінуламу, пакінуўшы такім чынам прэцэдэнт для паўтарэння трагедыі… «Памяць не збіраецца ў запас. Памяць апіраецца на нас».

Няпроста выйсці на сцэну, знайсці тыя інтанацыі, каб табе паверылі,– старшыня журы, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, безумоўна, ведае, аб чым гаворыць. Тут ёй дапамагае рабіць вывады багаты творчы вопыт, тая самая любоў да роднага слова, якую яскрава прадэманстравалі ў час конкурсу і яго юныя ўдзельнікі.

У Алега Вінярскага, акцёра і рэжысёра Белтэлерадыёкампаніі, чалавека, якога добра ведаюць і шануюць у Вілейцы, з якім наладжаны плённыя творчыя стасункі – сваё пажаданне юным выканаўцам. Ён хоча, каб з берага мінулага яны зрабілі рашучы крок у сённяшні дзень. Каб са сцэны,з усёй адкрытасцю і шчырасцю, загучаў голас пакалення сучаснікаў, якія жадаюць з дапамогай таго самага светлага слова падзяліцца сваім трывогамі, сваім разуменнем зместу цяперашняга напружанага свету, сваімі надзеямі і радасцямі. І гэта будзе яшчэ адзін крок да разумення пакаленняў…

Юным выканаўцам дарылі кветкі іх сябры, бацькі і настаўнікі. Усе віншавалі адзін аднаго са святам. А гэта і было, як сказала Марыя Захарэвіч, сапраўднае свята паэзіі, на якім гаспадарыла Яго Вялікасць Слова.

Марыя КУЗАЎКІНА, кіраўнік клуба » Юны журналіст» Вілейскага каледжа

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 148 queries