Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Cвяткаванне Дня маці ў Залессе

Дата святкавання Дня маці ў Беларусі выбрана не выпадкова. Гэта дзень Пакроваў Прасвятой Багародзіцы. Кожная мама, як Багародзіца, ахінае сваіх дзяцей клопатам і ласкай.

Актавую залу Залескага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа 14 кастрычніка запоўнілі жыхаркі п.Партызанскі, педагогі і работнікі школы-сада, навучэнцы. На просьбу павіншаваць жанчын музычным падарункам калектыў аўтарскай песні “Імпэт” адгукнуўся з радасцю. Дарэчы, артысты ўжо неаднаразова выступалі перад жыхарамі п.Партызанскі.На гэты раз калектыў не змог прыехаць у поўным саставе, але гэта зусім не перашкодзіла стварыць адпаведны настрой. Арганізатар і кіраўнік студыі аўтарскай песні Галіна Кутас сама спявала побач са сваім выканаўцамі. Пяшчотнай песняй “Калыханка маці” на словы Н.Мацяш пачалася віншавальная праграма. З вуснаў салістак Марыны Шэрай і Святланы Міхалькевіч гучалі песні пра жанчыну, пра каханне. А паміж песнямі гучалі вершы Міколы Кутаса. Між іншым, сам паэт таксама прыняў запрашэнне і пажадаў прыехаць на сустрэчу. Усім прысутным цікава было даведацца пра дзяцінства аўтара зборнікаў паэзіі “Перазвоны”, “Гадзіннік на ратушы” “Размову з вераснем вяду”, “Пацеркі зімы”, пра вучобу ў школе, пра спробу пяра, пра працу настаўнікам. Мікалай Сямёнавіч параіў навучэнцам з пашанай ставіцца да роднай мовы, вывучаць і любіць яе. І хоць маладыя людзі павінны ведаць і іншыя мовы(рускую, англійскую і інш.), але роднай для нас была і застаецца беларуская. Паэт заахвоціў навучэнцаў да вершаскладання. Прачытаўшы свае некаторыя трохрадкоўі, ён прапанаваў дапоўніць сваім варыянтам радкі “Мокне парасон. Ды радуецца…”. “З ім радуецца мая душа”, — шчыра выказаў сваю думку адзінаццацікласнік Уладзіслаў Герко. За знаходлівасць хлопец атрымаў ад аўтара ў падарунак кніжку вершаў “Перазвоны” і магчымасць сфатаграфавацца на памяць.

Атмасфера дабра, цяпла і цудоўнага настрою была створана гасцямі. На развітанне спявачкі выканалі песню на словы Я.Янішчыц “Пачынаецца ўсё з любві”. Усё наша жыццё, усе нашы справы і памкненні заснаваны на ёй, любві. Гэта паслужыла лейтматывам да ўсёй сустрэчы з паэзіяй, з песняй. Кожны ўдзельнік сустрэчы панёс у сваім сэрцы гэту любоў, якая будзе натхняць жыць, тварыць, любіць.

Дзякуй табе, “Імпэт” за цёплы душэўны падарунак! Дзякуй Вам, Мікола Сямёнавіч, за павагу да жанчыны, маці, за адданасць роднай мове!

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries