Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прачула, задушэўна, пранікнёна…

Так чыталі вершы юныя майстры мастацкага чытання падчас конкурсу, які праводзіўся на мінулым тыдні ў сярэдняй школе №5 у рамках фестывалю «Светлае слова». Удзельнікамі конкурсу сталі сорак навучэнцаў школ раёна ад першакласнікаў да выпускнікоў.

Разнастайнымі былі і творы, з якімі хлопцы і дзяўчаты выходзілі на сцэну: ад вершаў беларускіх класікаў і вілейскіх паэтаў да рускіх класічных. Прадстаўнічым было журы конкурсу, у склад якога ўваходзілі галоўны рэдактар часопіса «Нёман», член саюза пісьменнікаў, лаўрэат нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Дэбют», паэтэса Юлія Алейчанка; адказны сакратар часопіса «Полымя», член саюза пісьменнікаў, пісьменніца і наша зямлячка Бажэна Ганушкіна; намеснік рэдактара часопіса «Маладосць» Дзмітрый Шулюк; кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці», член саюза пісьменнікаў Ірына Карнаухава; актрыса, заснавальнік і рэжысёр дзіцячага ўзорнага тэатра «Ялінка», адна з заснавальнікаў дабрачыннага фонда «Крокі» і музея I сусветнай вайны Валянціна Цітовіч (старшыня журы); метадыст навучальна-метадычнага кабінета упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ірына Бадзеева.

Адкрываючы мерапрыемства, дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч шчыра вітала ўсіх удзельнікаў конкурсу, іх настаўнікаў і бацькоў, выказала словы падзякі калектыву пятай гарадской школы, якая гасцінна прымала гасцей, і асабіста дырэктару ўстановы Наталлі Занкавіч. Калектыву школы аргкамітэт фестывалю ўручыў памятны падарунак – кнігу.

Хвалююча-запамінальным было кожнае выступленне юных чытальнікаў. Па выніках конкурсу 27 з іх прымуць удзел у гала-канцэрце. Два калектывы мастацкага слова – з першай і другой гімназіі – таксама стануць яго ўдзельнікамі. Як адзначыла Таццяна Захарыч, ні адзін з юных удзельнікаў конкурсу не застаўся па-за ўвагай, усе атрымалі дыпломы і сувеніры. А яшчэ – творчыя падарункі, якімі сталі майстар-класы членаў журы. Гэты конкурс стаў адметным і тым, што падчас яго ў асноўным гучала беларускае слова, блізкае і светлае.

Заключны этап конкурсу адбудзецца ў кінатэатры 19 кастрычніка ў 11 гадзін, а ў 15 гадзін усе жадаючыя запрашаюцца ў Палац культуры на канцэрт.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 141 queries