Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Падарыць дзіцяці сям’ю

Лілію і Пятра Крывіцкіх у Лыцавічах ведаюць усе. Кожны скажа, што людзі яны дастойныя, працавітыя. Пётр Іосіфавіч – знакаміты механізатар, сумленная праца якога летась адзначана Ордэнам Пашаны. Ніколі не забудзецца, як гэтую высокую ўзнагароду ўручаў яму Прэзідэнт нашай краіны. Што і казаць, падзея на ўсё жыццё.

А яшчэ сям’ю Крывіцкіх ведаюць і як адну з прыёмных, у якой у свой час адагрэліся душой і навучыліся многім патрэбным у жыцці справам восем дзетак, якія па волі лёсу былі пазбаўлены бацькоўскай ласкі. Сёння большасць з іх дарослыя, некаторыя нават маюць свае сем’і. А вось дарогу сюды, ва ўтульны дом №19 на вуліцы Садовай, не забываюць – прыязджаюць, дапамагаюць, віншуюць бацькоў, як і родныя дзеці.

Сустрэча з мамай сямейства Ліліяй Леанідаўнай адбылася напярэдадні Дня маці. Прызнаюся шчыра, якраз з нагоды гэтага свята мне захацелася ўбачыцца з гэтай жанчынай і пагутарыць. Ва ўтульным пакоі мы разглядалі сямейныя фотаальбомы, дарагія мацярынскаму сэрцу паштоўкі і падзелкі, зробленыя дзіцячымі рукамі, і гутарылі пра такое непрадказальнае і няпростае жыццё.

Лілія і Пётр нарадзіліся і раслі на Мядзельшчыне, абое вучыліся ў Свірскай школе. Менавіта тады, ужо ў далёкім юнацтве, узнікла паміж імі тое прыгожае пачуццё, якое яны беражліва нясуць праз жыццё. Пасля школы Пётр пайшоў у армію, а Ліля чакала яго, адказвала на яго лісты. Праз пэўны час маладыя пажаніліся. Трыццаць шэсць гадоў таму Крывіцкія пераехалі на Вілейшчыну, уладкаваліся працаваць на прадпрыемства «Беразавік». Пазней, калі яно закрылася, Пётр пайшоў вадзіцелем у колішні калгас імя Кірава, ад якога сям’і выдзелілі жыллё, а Лілія пачала працаваць у гандлі. У сям’і падрасталі дачушкі Іна і Света. Дзяўчаты былі ўжо дарослымі, калі іх сям’я стала мнагадзетнай…

– Па рэкамендацыі тагачаснага дырэктара мясцовай школы Галіны Уладзіміраўны Дземяшкевіч у 2005 годзе мы сталі прыёмнымі бацькамі, – прыгадала Лілія Леанідаўна. – Трэба сказаць, што не адразу мы з мужам згадзіліся на гэты крок, доўга вагаліся, усё абмяркоўвалі. Памятаю, адгаворвала мяне нават сястра, маўляў, ніхто не ведае, якімі будуць тыя чужыя дзеткі… І ўсё ж мы рашыліся.

Іх першымі прыёмнымі дзецьмі сталі Юля, Анжэла і Віця, родныя паміж сабой. Іх усіх разам і ўзялі ў сям’ю.

– Прытулак, адкуль забіралі дзяцей, тады яшчэ размяшчаўся не ў Шылавічах, а ў Вілейцы, – прыгадала мая суразмоўца. – Памятаю, забрала дзетак, выйшла з імі на вуліцу і літаральна тут жа, не дайшоўшы да веснічак, пачула: «А можна мы будзем называць вас мамай?» Не чакала такога пытання адразу, неяк нават разгубілася. А затым слёзы самі паліліся з вачэй. Прыгарнула малых да сябе, завіце, кажу, завіце мамай… А сама тады ўсю дарогу ад Вілейкі да Лыцавічаў не магла супакоіцца.

Сказаць, што з дзецьмі было лёгка, значыць сказаць няпраўду. Напачатку было няпроста і ім, бацькам, і дзецям, якіх трэба было вучыць усяму з нуля. У кожнага з малых свае характары, звычкі, светапогляд. І не віна дзяцей, а іх бяда, што ім, з маленства пакрыўджаным лёсам, жыццё часам бачылася нібыта ў крывым люстэрку. Навучыць гэтых дзяўчынак і хлопчыкаў жыць сярод людзей, паказаць ім, якой павінна быць нармальная сям’я, дапамагчы знайсці сваё месца ў жыцці і стаць самадастатковымі людзьмі – гэта галоўныя задачы, якія ў ідэале павінны стаяць перад усімі прыёмнымі бацькамі. Вось і Крывіцкія, беручы ў сваю сям’ю дзяцей, марылі пра гэта. І сёння, ужо бачачы вынікі сваёй працы, могуць ганарыцца, што ў іх усё атрымалася. Іх прыёмныя дзеці, як і родныя дочкі, выраслі дастойнымі людзьмі, за якіх бацькам не сорамна. Юля з Анжэлай выйшлі замуж за лыцавіцкіх хлопцаў, сталі добрымі жонкамі, мамамі, гаспадынямі. Іх брат Віця сёння працуе ў Мінску, але вельмі часта прыязджае да прыёмных бацькоў у Лыцавічы. Асабліва цесныя і цёплыя адносіны ў хлопца з бацькам, што навучыў яго ўсім справам, якія павінен умець рабіць сапраўдны мужчына і гаспадар. Прыпамінаецца, калі падчас адной са жніўных кампаній камбайнер Крывіцкі з гонарам прадстаўляў свайго маладога памочніка: «А гэта мой сын». І ні ў кога тады не ўзнікла нават падазрэння, што два гэтыя мужчыны – сталы і малады – не родныя па крыві.

У 2010 годзе, падзялілася Лілія Леанідаўна, членам іх сям’і на паўгода стала маленькая Марыйка, якой было тады толькі крышку болей за год. Былі бяссонныя ночы, перажыванні, калі малеча хварэла – усё як з родным дзіцяткам. Можа, таму, што гэта дзяўчынка была самай маленькай з усіх іх выхаванцаў, Крывіцкія да яе прыкіпелі душой. І калі прыйшоў час вяртаць Марыйку роднай маме, якая перагледзела свае адносіны да жыцця і зрабіла выбар на карысць дзіцяці, не абышлося без слёз.

Задаволены прыёмныя бацькі і тым, як склаўся лёс іх дачушак Карыны і Светы: першую праз два гады забрала родная мама, другая ж, закончыўшы школу, паступіла ў медыцынскі каледж, як і марыла. Хочацца верыць, што і ў гэтых дзяўчынак усё у жыцці будзе добра.
– Бабуля, я прыйшоў! – пачулася з калідора, і на парозе пакоя, дзе мы размаўлялі, з’явіўся жвавы хлапчук з букетам кляновай лістоты.

– А гэта, знаёмцеся, наш прыёмны ўнучак Ванька, – усміхнулася Лілія Леанідаўна. – Думалі з мужам, што ўжо не будзем браць дзетак, адпачнём. А вось прапанавалі Ваньку з яго старэйшым брацікам Уладзікам, і мы не ўтрымаліся. Толькі ўжо не бацькамі сталі ім, а бабуляй з дзядулем. Добрыя хлопчыкі, кемлівыя, але ж і гарэзы яшчэ тыя. Як і ўсе хлапчукі. Разам робім урокі, перажываем за адзнакі, дысцыпліну.

– Мне сёння хацелі паставіць «дзясятку», – пачаў расказваць бабулі ўнук, – але настаўніца сказала, што крышку недавучыў і паставіла «васьмёрку». А пасля мы хадзілі збіраць кляновае лісце. Глядзі, які прыгожы букет атрымаўся!

Едучы дадому, міжволі ў думках вярталася да нашай з Ліліяй Леанідаўнай размовы. І зноў думалася пра высокае наканаванне жанчыны-маці, якое не толькі ў тым, каб нарадзіць дзіця. Куды важней стаць яму прыкладам, дапамагчы вызначыцца ў няпростым жыцці, навучыць любіць, паважаць, дараваць, спачуваць, а калі коратка – вырасціць сапраўдным чалавекам. Як паказвае жыццё, для гэтага не абавязкова быць роднымі па крыві.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага альбома КРЫВІЦКІХ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 51 queries