Якімі клопатамі жывуць зараз вяскоўцы? Ды самымі рознымі: убраць, спарадкаваць, захаваць, нарыхтаваць, перапрацаваць тое, што вырашчана; пасеяць азімыя; паклапаціцца пра тое, каб на працягу стойлавага перыяду было чым паўнацэнна накарміць жывёлу… Такі вось бесперарыўны кругаварот атрымліваецца. Акрамя ўсяго гэтага, многа спраў у кожнага вяскоўца і на сваіх падворках ды гаспадарках.
І ўсё ж у гэтым напружаным калейдаскопе падзей знаходзіцца месца і на тое, што для душы, бо не хлебам жа адзіным жывы чалавек. Душа просіць і святаў, якія робяць жыццё цікавейшым, прыгажэйшым, уносячы ў яго яркія фарбы. Мне ўяўляецца, што каардынатарамі (а часта і ініцыятарамі) і непасрэднымі ўдзельнікамі цікавых мерапрыемстваў для людзей і пра іх з’яўляюцца прадстаўнікі мясцовай улады, і ў гэтым заўсёды пераконваемся. Вось і на нядаўнім раённым этапе конкурсу «Уладар сяла» старшыні сельвыканкамаў, якія прыехалі на конкурс са сваімі сем’ямі-удзельніцамі, былі ў групах падтрымкі. І як шчыра перажывалі за сваіх аднавяскоўцаў! А ўзяць святы вёсак, якія традыцыйна праводзяцца ў населеных пунктах раёна, канцэрты і сустрэчы ў сельскіх клубах, суботнікі па добраўпарадкаванні населеных пунктаў… Хіба бываюць яны без галоўнага чалавека – старшыні сельвыканкама? Ды і ўвогуле, любая ініцыятыва без іх удзелу ну ніяк не ўяўляецца.
Пра гэта я папрасіла паразважаць дзвюх вядомых у раёне жанчын, якія на працягу многіх гадоў узначальваюць Людвіноўскі і Крывасельскі сельвыканкамы – Наталлю Шавялёву і Ірыну Супрановіч. І яны расказалі нямала цікавага і павучальнага.
Ірына Супрановіч:
– Практычна ў кожным мерапрыемстве, якое праводзіцца на тэрыторыі сельсавета, стараюся прыняць удзел. А як жа інакш? Вось і ў мінулую нядзелю праводзілі свята вёскі Карэкаўцы. Цікавая была сустрэча. Сабраліся ля каплічкі, якую пабудаваў стараста вёскі Пётр Саковіч. Выступалі самадзейныя артысты з Ерхаў, малебен правёў настаяцель Рэчкаўскай царквы айцец Валянцін. Як і звычайна бывае, я павіншавала ўсіх жыхароў, асобна адзначыўшы старэйшых. Былі гульні, конкурсы, песні і танцы. Ніхто не застаўся без сувеніра. Трэба сказаць, што падчас такіх мерапрыемстваў сціраецца мяжа паміж артыстамі і гледачамі – усе разам спяваюць і танцуюць. І гэта, мне здаецца, галоўнае.
Хачу расказаць і пра нашы клопаты. І галоўны з іх – добраўпарадкаванне населеных пунктаў, могільнікаў. Чацвер – адзіны санітарны дзень, і мы гэтага цвёрда прытрымліваемся. Дарэчы, на тэрыторыі сельсавета тры дзясяткі месцаў спачынку нашых продкаў. Канешне ж, няпроста падтрымліваць іх у належным парадку. Вялікі дзякуй тым вяскоўцам, хто актыўна ўдзельнічае ў суботніках (а яны праводзяцца вясной і восенню) па навядзенні тут парадку. Вялікую работу праводзіць і сельсавет. Так, стараемся тры разы на год абкасіць кожны могільнік, што трэба – падладзіць. Цяпер вось плануем пашыраць межы могільніка ў Ерхах, ужо закупілі матэрыялы і будзем брацца за перастаноўку платоў.
Бягучы Год малой радзімы адзначаны важнай для ўсіх нас падзеяй – 75-годдзем з дня вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. На тэрыторыі нашага сельсавета 28 памятных знакаў, у тым ліку пяць помнікаў. Мы пастараліся, каб усе яны былі даведзены да ладу. І не проста, так бы сказаць, касметычна іх падрамантавалі, а і па магчымасці правялі капітальны рамонт: помніка ў Ерхах – у мінулым годзе, у Грыгарках – сёлета, а помнік у Рэчках будзем капітальна рамантаваць у наступным годзе. А што датычыць касметычных рамонтаў, то праводзім іх рэгулярна – чысцім, фарбуем помнікі, падладжваем платы, добраўпарадкоўваем тэрыторыі.
Такімі клопатамі жывуць зараз вяскоўцы, сваімі добрымі справамі пацвярджаючы, што яны – гаспадары на сваё зямлі. А значыць, рабіць яе прыгажэйшай, больш камфортнай для жыцця людзей – ім.
Наталля Шавялёва:
– Хачу расказаць пра работу, якую мы правялі па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Людвінова і Жары. На першапачатковым этапе асноўнай задачай сельвыканкама, дэпутатаў, старастаў была растлумачальная работа з насельніцтвам аб неабходнасці замены старых платоў. Гэта і сапраўды патрэбна было зрабіць, што многія жыхары гэтых населеных пунктаў усведамлялі. І пачалася сумесная работа. Яна будавалася такім чынам: сельвыканкам арганізоўваў дастаўку матэрыялаў, устаноўку платоў і іх афарбоўку. Домаўладальнікі, у сваю чаргу, бралі на сябе затраты на матэрыял. У выніку такога супрацоўніцтва ў Людвінова і Жарах з удзелам насельніцтва на пачатак жніўня было ўстаноўлена амаль 800 метраў плоту на больш чым дваццаці ўчастках. Да канца кастрычніка плануем устанавіць яшчэ 350 метраў. Для выканання гэтых работ была створана брыгада з трох чалавек, якая была занята дэмантажом старога плоту, устаноўкай жалезабетонных слупоў і ніжніх панэляў. Выраб верхніх секцый быў наладжаны ўласнымі сіламі, а фарбаваліся платы супрацоўнікамі сельвыканкама, дэпутатамі, старастамі, работнікамі культуры.
Трэба сказаць, што тым, хто не мог аплаціць устаноўку за раз (а гэта нашы пенсіянеры), сельвыканкам прадставіў растэрміноўку плацяжоў на два месяцы. Транспартам для дастаўкі матэрыялаў нам дапамагала мясцовая гаспадарка – РСУП «Першы Беларускі». Такі вопыт сумеснай работы – першы ў раёне. Прыемна, што, як кажуць, першы блін не стаў камяком.
Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіва рэдакцыі