Імя Эдуарда Мацюшонка вядома далёка за межамі не толькі Вілейскага раёна, але
і нашай краіны. Яго мастацтва – гэта цэлы сусвет, гэта асаблівае адлюстраванне
філасофіі жыцця мастака, якая заснавана перш за ўсё на любові да малой радзімы, сваіх каранёў,нацыянальных традыцый і спрадвечных каштоўнасцей беларусаў.
Быць сапраўдным Мастаком – адна з важных граняў таленту Эдуарда Мацюшонка, але зусім не адзіная. Ён Настаўнік, як кажуць, ад Бога. Яго заняткі напоўнены разважаннямі і дыялогам з вучнямі на роўных. Ён паказвае дзецям важнасць жыць у гармоніі са сваім унутраным светам і вучыць бачыць прыгажосць ва ўсім, ведаць і паважаць традыцыі сваіх продкаў, сваёй Бацькаўшчыны. Эдуард Уладзіміравіч аддана працуе на ніве прафесійнага жывапісу ўжо больш за трыццаць пяць год, але вялікую ролю ў жыцці мастака адыгрывае педагагічная дзейнасць. Яшчэ будучы студэнтам мастацкаграфічнага факультэта Віцебскага педінстытута, Эдуард Мацюшонак даў сабе слова: калі звяжа жыццё з педагагічнай дзейнасцю, абавязкова створыць і будзе весці мастацкую студыю для дзетак.
Так яно і адбылося – больш за трыццаць год Эдуард Уладзіміравіч вядзе студыю выяўленчага мастацтва ў Вілейцы. Туды могуць прыходзіць розныя людзі, ад самых маленькіх да дарослых, каб там навучыцца адчуваць свет мастацтва, маляваць, каб пагутарыць ці проста папіць гарбаты і паразважаць. Настаўнік Эдуард Мацюшонак выпусціў сотні дзетак у вялікі свет мастацтва. А колькі маладых людзей атрымалі пасыл духоўнасці і накірунак у пошуку свайго «Я», стаўшы таленавітымі мастакамі, дызайнерамі, архітэктарамі, мадэльерамі і фотамастакамі з яго падачы. Калі наведваеш студыю Эдуарда Уладзіміравіча, адразу адчуваеш нейкую адметную аўру, дзе творыць і навучае педагог і сапраўдны майстар, а галоўнае – адчуваеш непаўторную атмасферу творчасці, якая пануе ў яго майстэрні, жыве паміж ім і яго вучнямі.
Напярэдадні навучальнага года Эдуард Мацюшонак вярнуўся з міжнароднага мастацкага пленэра. Пачынаўся ён у сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага, а працягвалі сваю працу мастакі ўжо ў Тракайскім Нацыянальным парку ў Літве. Толькі чатыры мастакі былі выбраны прадстаўляць Беларусь у рамках міжнароднага пленэра – і сярод іх быў наш зямляк. Удзельнікамі пленэра сталі: Віктар Нямцоў – прафесар кафедры малюнка Беларускай акадэміі мастацтваў, Віктар Барабанцаў – дацэнт кафедры інтэр’ера і абсталявання Беларускай акадэміі мастацтваў, Эдуард Мацюшонак – выкладчык сусветнай мастацкай культуры і малявання Вілейскай гімназіі № 1 «Логас» і Галіна Бяганская – кіраўнік народнай студыі выяўленчага мастацтва пры Палацы культуры г. Маладзечна. З літоўскага боку былі запрошаны наступныя мастакі: Іева Скаўроне – рэктар Віленскай акадэміі мастацтваў, Жывіле Ясуцітэ – дацэнт кафедры манументальнага жывапісу і сцэнаграфіі Віленскай акадэміі мастацтваў, Рычардас Барткявічус – прафесар Універсітэта Вітаўтаса і Аляксандрас Вазбінас – член саюза літоўскіх мастакоў.
Міжнародны праект, у рамках якога быў арганізаваны мастацкі пленэр, мае сімвалічную назву «Тут і там». Цягам двух тыдняў мастакі стваралі свае палотны у памежных музеяхпалацах: роду Агінскіх у беларускім Залессі і роду Тышкевічаў у літоўскім Затроччы. Мастакі адлюстроўвалі палацавае асяроддзе, як яго бачыць і ўспрымае звычайны чалавек. За час працы ў музейных комплексах мастакі напісалі па некалькі карцін, якія экспанаваліся на арганізаваных выставах, а затым пакінулі асобныя свае карціны для калекцый гэтых палацаў.
– Вельмі было прыемна працаваць як у Залессі, так і ў літоўскім Затроччы. Палац Тышкевічаў з рэгулярным паркам ўяўляе незвычайнае па прыгажосці відовішча, а ў хвалях возера з альтанак парку відаць яшчэ і чырвоны тракайскі палац. Усё асяроддзе там дыхае гісторыяй – а гэта самая прыдатная атмасфера для творчасці, – падзяліўся сваімі ўражаннямі Эдуард Мацюшонак.
Творчасць мастакоў па вартасці ацанілі наведвальнікі мерапрыемстваў у Беларусі і Літве, а супрацоўнікі музеяўсядзіб сфарміравалі з гэтых работ выдатную калекцыю, якая цяпер будзе радаваць наведвальнікаў гэтых палацаў. А Эдуард Мацюшонак у чарговы раз праславіў Вілейшчыну за межамі краіны і наталіўся станоўчымі эмоцыямі, якія будзе перадаваць на занятках вучням.
Сяргей ГАНЧАР