Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

А людзі ў вас добрыя…

Немагчыма ўявіць сваё жыццё без стасункаў з іншымі людзьмі. Літаральна кожны пражыты намі дзень напоўнены сустрэчамі, вырашэннем розных пытанняў, праблем. І так на працягу ўсяго жыцця. У гэтай кругаверці ёсць вясёлае і сумнае, радаснае і горкае – рознае, што і складае наша існаванне. Сённяшнія звароты ў рэдакцыю розныя, а дакладней, жыццёвыя. І гэта зразумела, бо не бывае наша існаванне толькі радасным ці, наадварот, толькі сумным.

З Ільі ў рэдакцыю звярнулася Зоя Ніканораўна Лапеха. Жанчына папрасіла змясціць па газетнай старонцы яе падзяку працаўнікам мясцовай кацельні і іх начальніку Генрыху Друшчу.
– На працягу многіх гадоў у маім доме было холадна, – паведаміла жанчына. – Зусім не грэлі батарэі. Толькі ў гэтым годзе становішча памянялася. І ўсё гэта дзякуючы Генрыху Друшчу. Дзякуй яму вялікі.
Нядаўна ў рэдакцыю наведалася жыхарка Оршы Зінаіда Мікалаеўна, якая некалькі дзён гасціла ў нашым горадзе. Жанчына падзялілася сваімі ўражаннямі. Так, яе непрыемна ўразіла, што з Маладзечна ў Вілейку даводзілася дабірацца ў перапоўненым аўтобусе. І ў Маладзечна на вакзале прыезджай жанчыне на яе пытанні адказвалі груба. Таму і застаўся ў Зінаіды Мікалаеўны непрыемны асадак ад гэтай паездкі. Праўда, адзначыла яна і станоўчае.
– Людзі ў Вілейцы добрыя, – выказала сваю думку жанчына. – Што ні запытаешся, раскажуць культурна, даходліва і нават пакажуць. Зайшла ў бібліятэку – і тут мяне сустрэлі як даўнюю знаёмую, нават чаем пачаставалі. Уразіла, што дзеткі ў вас выхаваныя. Вось і нядаўна выходзіла з магазіна, дык малы хлапчук адчыніў дзверы і трымаў, уступаў мне дарогу. Людзі ў вас добрыя…
Такія вось прыемныя звароты, якія так адпавядаюць гэтым светлым вясновым дням.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries