Ідэя стварэння музея беларускай маляванкі на базе гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» існуе ужо даўно. Супрацоўнікамі музея назапашана вялікая колькасць артэфактаў, якія прынята называць мастацтвам у стылі “прымітывізм”. Шырока вядома, нягледзячы на адсутнасць экспазіцыйнай прасторы, калекцыя маляваных дываноў Язэпа Драздовіча і Алёны Кіш. Бо дэманстраваліся яны на іншых музейных пляцоўках. Аднак большасць калекцыі невядома шырокаму гледачу. Тычыцца гэта і унікальных маляванак на шкле з падложаннай фальгой, і размалёваных куфраў ды некаторай іншай мэблі.
Любэцкія маляванкі на шкле. Фота прадстаўлена Вольгай Трубач.
І вось добрая навіна. А.Лукашэнка зацвердзіў рашэнне фонда Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, якое прадугледжвае фінансаванне стварэння музея беларускай маляванкі.
Таксама фондам будуць падтрыманы яшчэ пяць важных культурніцкіх праектаў:
узнаўленне радавой сядзібы Напалеона Орды ва урочышчы Чырвоны Двор Иванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, кансервацыя касцёла ў Мсціслаўі, кансервацыя і фрагментарная рэстаўрацыя замка ў Гальшанах, рэстаўрацыя капліцы-пахавання князей Паскевічаў у Гомелі, рэстаўрацыя адслоенага жывапісу XVIII-XIX ст. Спаса-Прэабражэнскай царквы ў Полацку.
Ірына ТРУБАЧ.