Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На Вязыншчыне прайшла чарговая сустрэча кіраўніцтва раёна з насельніцтвам

Чарговыя сустрэчы кіраўніцтва раёна ў мінулую сераду прайшлі ў прыгажэйшым куточку Вілейшчыны – на Вязыншчыне.

Па традыцыі ў камандзе, якую ўзначальваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Бегунец, былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар, намеснікі старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга, Марына Вазняк, Аляксандр Катовіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Паўлоўскі,кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, да якіх звычайна на сустрэчах з насельніцтвам бывае больш за ўсё пытанняў. На сустрэчах прысутнічалі і актыўна ўдзельнічалі ў размове старшыня Вязынскага сельвыканкама Ігар Судніковіч і выконваючы абавязкі кіраўніка мясцовай гаспадаркі Рыгор Чарток.

Сустрэчы адбыліся ў Вязынскім сельвыканкаме і ў Селішчанскім сельскім клубе. На іх сабраліся тыя, хто хацеў задаць нейкае пытанне, і тыя, каму цікава было сустрэцца з прадстаўнікамі ўлады, паслухаць іх. Як адзначалі людзі, не так часта раней выпадала такая магчымасць.

Пачынаючы размовы з людзьмі, старшыня раённага выканаўчага камітэта зазначаў, што галоўныя мэты гэтых сустрэч – бліжэй пазнаёміцца з населенымі пунктамі, пагутарыць з людзьмі, адказаць на іх пытанні, пачуць прапановы і пажаданні. На большасць пытанняў адказы даюцца тут жа, у час размовы, а з тымі праблемамі, якія патрабуюць вывучэння і прыняцця рашэнняў, працуюць кампетэнтныя спецыялісты і ў адведзены заканадаўствам час даюць людзям адказы.

У пачатку размоў гутарка пайшла пра нашы агульныя справы. Алег Бегунец расказаў прысутным пра завяршэнне жніва і пра важныя для аграрыяў задачы на цяперашнім этапе – сяўбу азімых, нарыхтоўку кармоў і іншыя. Адзначыўшы, што ёсць некаторыя праблемы і ў прамысловасці, кіраўнік раёна ўсё ж больш увагі ўдзяліў сельскагаспадарчай галіне, дзе ўсім нам прадстаіць зрабіць вельмі многа. І сур’ёзная работа па выпраўленні становішча ўжо ідзе. Вядома ж, не адразу можна ўбачыць яе станоўчыя вынікі, усё будзе бачна з часам. Але і сёння можна канстатаваць, што зрухі да лепшага ёсць. Так, за першае паўгоддзе бягучага года наш раён, які ў мінулым годзе быў аўтсайдэрам у вобласці па вытворчасці малака, сёлета падняўся на пяць радкоў і займае зараз сямнаццатае месца. Пра станоўчую дынаміку сведчыць і наступнае. У рэйтынгу раёнаў вобласці па сацыяльна-эканамічным развіцці за 2016-2018 гады наш раён займаў апошняе, 23-яе, месца, а за першае паўгоддзе бягучага года па гэтым паказчыку ён падняўся на тры радкі.

Некалькі сельскагаспадарчых арганізацый раёна сёння ўжо маюць інвестараў, і дзякуючы гэтаму становішча ў гэтых гаспадарках наладжваецца. Вось і акцыі «Новай Віліі», на тэрыторыі якой і праходзілі сустрэчы кіраўніцтва з насельніцтвам, перададзены ў давернае кіраванне УП «Малочная праўда» (гэта даччынная структура ААТ «Тураўскі малочны камбінат»). Дзякуючы гэтаму, у раней адсталых арганізацыях набываецца новая тэхніка, працаўнікі (сумленныя, адказныя, кваліфікаваныя) атрымліваюць зарплаты, якія іх задавальняюць.

Забяспечыць людзей работай, за якую яны будуць атрымліваць дастойную зарплату, стварыць бяспечныя ўмовы працы, дзякуючы чаму ў сем’ях будуць дабрабыт і камфорт – вось галоўныя задачы, адзначыў Алег Бегунец, якія трэба вырашаць. А для гэтага трэба працаваць і працаваць. Усім разам і кожнаму на сваім месцы.

І ў Вязыні, і ў Селішчы прысутныя на сустрэчах задалі старшыні райвыканкама адно і тое ж пытанне: ці будзе інвестар «Новай Віліі» «Малочная праўда» падпарадкоўвацца раёну? Безумоўна, адзначыў Алег Бегунец. Сумленным і дысцыплінаваным працаўнікам гаспадаркі не трэба наконт гэтага хвалявацца, захаваюцца ўсе сацыяльныя стандарты. У людзей будзе работа, будуць і зарплаты. Тым жа, хто жыве па прынцыпе «дзень пражыў – і добра», не праяўляе рвення да працы і парушае працоўную дысцыпліну, прыйдзецца добра падумаць і перагледзець свае адносіны да працы і ўвогуле да жыцця.

Жыхары Вязыні задавалі на сустрэчы пытанне па водазабеспячэнні дома, які знаходзіцца на балансе мясцовай гаспадаркі. Людзі жывуць на другім паверсе, у доме – ні водаправода, ні каналізацыі. Як жыць? Гэта заканамернае пытанне задалі жыхары кіраўніцтву. Неадкладна разабрацца з пытаннем і вырашыць яго на працягу тыдня – такое даручэнне даў Алег Бегунец кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі сумесна са службай ЖКГ.

Адразу некалькі пытанняў, якія прагучалі, датычыліся добраўпарадкавання Вязыні. Так, падымалася праблема былога спіртзавода, будынак якога сёння без гаспадара і разбураецца. Хочацца спадзявацца, што гаспадар той знойдзецца, інфармацыя пра будынак размешчана на сайтах раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў. Ішла гутарка на сустрэчы ў Вязыні і пра панскія сажалкі, якія патрабуюць добраўпарадкавання; і пра сад, які быў высечаны; і пра рамонт маста; і пра якасць вады; і пра недахоп смеццевых кантэйнераў; і пра аварыйныя дрэвы… На кожнае пытанне былі дадзены грунтоўныя адказы, спецыялістам дадзены даручэнні і акрэслены тэрміны, да якіх яны павінны разабрацца ў праблемах і ўхіліць недахопы.

Падобныя пытанні падымаліся і ў Селішчанскім сельскім клубе. Тут таксама гаварылі пра якасць вады (ужо даўно прыйшоў час перадаць водаправод на баланс «Водаканала», што станоўча адаб’ецца на якасці вады і забеспячэнні ёю); дамы, якія знаходзяцца на балансе гаспадаркі і патрабуюць сур’ёзнага рамонту; медыцынскае абслугоўванне; неабходнасць размяшчэння ў Селішчы «спячага паліцэйскага» і іншыя пытанні. І кожнае ўсебакова абмяркоўвалася, шукаліся шляхі вырашэння праблем, даваліся канкрэтныя даручэнні. На сустрэчах панавала атмасфера паразумення, еднасці і нават нейкай сямейнасці, і было бачна, наколькі ўсё тое, пра што ішла размова, хвалюе і тых, хто задаваў пытанні, і тых, хто на іх адказваў.

Пытанні агучаны, праблемы акрэслены, і над імі працуюць кампетэнтныя спецыялісты – у гэтым павінны быць упэўнены людзі, якія вялі дыялог з уладай. Прыемна было ў канцы размовы ў Вязыні чуць такія вось словы: «Дзякуй, што прыехалі. Бачна, што ўлада сапраўды народная…» І гэта, думаецца, вельмі важна.

Ірына БУДЗЬКО/Фото автора

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 150 queries