Мы працягваем серыю артыкулаў «Страчаная спадчына Вілейшчыны», у якой распавядаем пра ўнікальныя аб’екты сакральнай і грамадскай архітэктуры, што напаткаў лёс забыцця: яны былі страчаны з часам, спалены падчас войнаў, разбураны ці сышлі ў нябыт.
На працягу ўсёй нашай гісторыі ў духоўным жыцці нашых продкаў пэўную ролю адыгрывалі мясцовыя святыні – паклонныя крыніцы, камяні, дрэвы, узгоркі ды іншыя прыродныя аб’екты. Да катэгорыі мясцовых святынь адносіліся таксама і цудадзейныя абразы, некаторыя старажытныя могільнікі, асобныя каменныя і драўляныя крыжы, капліцы. Яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя амаль усе вясковыя святыні мелі «свае» прыходы і святы, а па пэўных днях каля іх адбываліся фэсты і кірмашы. У пакланенні вясковым святыням назіраюцца элементы хрысціянскай абраднасці і разам з тым відавочныя часткі дахрысціянскіх культаў.
Да нашага часу захавалася шмат легендаў і паданняў, звязаных з валунамі, якім людзі таксама надавалі магічныя ўласцівасці. А некаторыя з валуноў па сёння з’яўляюцца паклоннымі. На Вілейшчыне існуе шмат культавых камянёў, якім нашы продкі надавалі розныя ўласцівасці: некоторыя дапамагалі пры пэўных хваробах, а некаторыя – пры розных жыццёвых абставінах. Іх называлі па імёнах пэўных людзей, атасаямлялі з жывёламі. Так, каля вёскі Сцеберакі існуюць «каменныя быкі», у Куранцы – «Гомсін камень», у Камена – «Варацішын крыж», існуюць камяні са слядамі Божай Маці, камяні з ямкамі, камяні-крыжы.
Культ каменя шырока распаўсюджаны не толькі ў Беларусі, але і ў большасці народаў свету. У значнай ступені культавыя валуны звязаны з першабытнымі вераваннямі, шанаваннем аб’ектаў прыроды, верай у тое, што асобныя камяні былі раней жывымі істотамі, а таксама з больш познімі рэлігійнымі вераваннямі – культам продкаў.
Вялікую цікавасць выклікае і шэраг каменных жаночых ідалаў, якія па форме нагадваюць крыжы. Самым вядомым сярод іх з’яўляецца каменны ідал, які знаходзіўся паміж вёскамі Даўгінава і Жары Вілейскага раёна. У 1980-я гады ён быў перавезены ў Мінскі музей валуноў, а цяпер выстаўлены ў будынку Інстытута геалогіі Нацыянальнай акадэміі навук як адзін з самых рэдкіх і каштоўных. «Каменная баба» – так яе называлі мясцовыя жыхары – крыжападобнай формы ўяўляе сабой стылізаваны вобраз жанчыны. Ён высечаны з часткі гнейсавага валуна, злёгку крануты выветрываннем. Вышыня яго 173 см, размах рук – 107 см. Для такіх памераў ён занадта тонкі, каля 20-25 см. Верхні канец сваёй круглявасцю нагадвае галаву, дыяметр падобны на расстаўленыя рукі. На іх узроўні, у сярэдзіне каменя, два выступы ў выглядзе грудзей. Ніжэй, дзе павінен быць жывот, знаходзіцца падобная на сам крыж фігура – яна сімвалізуе дзіця. Па ўсіх прыкметах гэта не крыж, а ідал жаночага бажаства. На «спіне» ідала высечаныя чатыры чатырохканцовыя крыжы з перакладзінамі на канцах.
Загадкавыя крыжы на адваротным баку «каменнай бабы» сустракаюцца ў многіх народаў, на нашых землях гэты сімвал мае ў народзе назвы «крыж крыжоў», «вогненны крыж», «крыж Мары». У беларусаў і іншых народаў старажытную багіню Мару лічылі як апякункай шлюбаў і вяселляў. На гэтай падставе многія даследчыкі і мяркуюць, што гэты каменны ідал быў прысвечаны Мары – аднаму з самых старажытных бажаствоў індаеўрапейцаў – багіні, якая апекавала замагільны свет, спрыяла працягу роду, абараняла жаночы род. У беларускай фальклорнай традыцыі Мара з цягам часу дэградавала да персанажа ніжэйшай міфалогіі і была звязана з замагільным светам і смерцю; ва ўяўленні старажытных беларусаў яна магла нарадзіць дзіця ад сувязі са смяротным мужчынам. Па другой версіі, больш абгрунтаванай, якую агучвалі археолагі Я. Звяруга і М. Чарняўскі, мяркуецца, што ідал з’яўляецца Ладай – багіняй шлюбу і дабрабыту, альбо Мокаш – багіняй ўрадлівасці.
Ва ўсім свеце захавалася не так шмат старажытных каменных ідалаў, таму і ў выпадку з даўгінаўскай «каменнай бабай» нельга дакладна суаднесці гэты ідал з пэўным бажаством, вызначыць час яго стварэння і так далей. У любым выпадку, даўгінаўскі ідал з’яўляецца сведчаннем у шанавання багіні-маці. Сляды былых жаночых культаў, у тым ліку і шанаванне жаночых фігур-бажаствоў, захаваліся да нашых дзён. Неаднойчы вучоныя даследавалі месца размяшчэння «каменнай бабы», каб даведацца падрабязней пра яе. Але час сур’ёзна паўплываў на прадстаўленні насельніцтва і ўзгадкі пра каменны крыж.
У 1982 годзе вучонай Людмілай Дучыц было запісана паданне, паводле якога крыж – гэта знак, дзе французы закапалі багацці. Іншыя распавядалі, што там пахаваны адзін з французскіх генералаў, а таксама, што так абазначаўся старажытны «кацярынінскі шлях».
Версій было шмат. Раскопкі на месцы, дзе стаяў каменны крыж, а потым пэўны час ляжаў пры дарозе, паказалі, што, верагодней, ён быў сюды перамешчаны з часам. А яго сапраўднае месца было паблізу ў нейкай святой прошчы ці на старажытным гарадзішчы.
Сяргей ГАНЧАР/Фота Валерыя Вінакурава, Георгія Ліхтаровіча