Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Сустрэцца з людзьмі, выслухаць іх, пачуць аб праблемах

Традыцыйныя сустрэчы раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Бегунцом з жыхарамі раёна ў мінулую сераду адбыліся ў дзяржаўнай сельска-гаспадарчай установе «Вілейская сортавыпрабавальная станцыя», філіяле раённага Дома рамёстваў у Каловічах і ў дзяржаўнай установе адукацыі «Любанская сярэдняя школа Вілейскага раёна».

Разам са старшынёй райвыканкама, на сустрэчах прысутнічалі і адказвалі на пытанні людзей старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар, намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ Аляксандр Катовіч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жанна Старадуб, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў Вілейшчыны.

Сустрэцца з людзьмі, выслухаць іх, пачуць аб праблемах – гэта галоўныя мэты, якія ставіць перад сабой раённае кіраўніцтва падчас такіх сустрэч. І, як паказваюць мерапрыемствы, людзям вельмі патрэбны такія дыялогі з уладай, у час якіх адказы на многія пытанні даюцца адразу ж. На тыя ж звароты, якія патрабуюць вывучэння і прыняцця адпаведных рашэнняў, людзі атрымліваюць адказы ў адведзены заканадаўствам тэрмін. Трэба адзначыць, што кожнае пытанне кіраўніцтва раёна па магчымасці стараецца вырашаць у карысць людзей. Урэшце, дзеля іх і праводзяцца гэтыя сустрэчы, бо, як адзначае старшыня райвыканкама, забяспечыць людзей работай, якая дасць ім дастойныя зарплаты і прынясе камфорт і дабрабыт у сем’і – галоўнае на сёння. Безумоўна, дасягнуць гэтага – справа не аднаго месяца і нават года, але ж працаваць на ажыццяўленне пастаўленых мэт трэба пастаянна, нераўнадушна і ўсім разам.

Як паказвае практыка, падчас падобных сустрэч з людзьмі звычайна закранаюцца традыцыйныя пытанні: дарогі, недагледжаныя нічыйныя будынкі і тэрыторыі ля іх, аварыйныя (на думку людзей) дрэвы, транспарт, водазабеспячэнне… Кожнае канкрэтнае пытанне занатоўваецца, старшынёй райвыканкама даюцца канкрэтныя даручэнні адпаведным службам дэталёва разабрацца ў праблеме. Для гэтага арганізуюцца выезды кампетэнтных спецыялістаў на месцы, сітуацыя ацэньваецца прафесіяналамі, якія і прымаюць канкрэтныя рашэнні.

Нярэдка на сустрэчах людзі звяртаюцца да Алега Бегунца з асабістымі (звычайна вельмі маральна балючымі) пытаннямі. А гэта значыць, што ўладзе давяраюць. Вось і падчас сустрэч ў мінулую сераду такія звароты былі. Уважліва выслухаў іх кіраўнік, паабяцаў разабрацца і, калі будзе хоць маленькая магчымасць, дапамагчы.

Прыемнае ўражанне пакінула пасля сябе сустрэча ў Вілейскай сортавыпрабавальнай станцыі. Людзі з цікавасцю выслухалі Алега Бегунца пра стан спраў у сельгасгаліне, пра апошнія акорды жніва. Канешне ж, не абышлося і без праблемных пытанняў, якія, як кажуць, усе ўзяты на аловак і з якімі старшыня даручыў разабрацца адказным кіраўнікам. Асабіста мне запомнілася іншае. На сустрэчы прысутнічала і ад імя жыхароў Порсы вяла дыялог з прадстаўнікамі ўлады былая працаўніца сортавыпрабавальнай станцыі, аграном з вялікім стажам, а зараз актыўная і неабыякавая пенсіянерка, стараста населенага пункта Алена Лаўрыновіч. Было бачна, што Алена Сідараўна дэталёва падрыхтавалася да сустрэчы, нават занатавала ўсе пытанні сваіх аднавяскоўцаў на паперы. Сур’ёзна, з веданнем справы, канкрэтна гаварыла жанчына, і дыялог адбыўся канструктыўны. Урэшце, так яно звычайна і бывае, калі абодва бакі ведаюць, пра што гавораць, разумеюць рэаліі сённяшняга дня. Пытанні, якія паступілі ў Порсе, датычылі добраўпарадкавання населенага пункта, прыватызацыі жылога дома. З усімі імі даручана разбірацца адказным спецыялістам.
Размове ў Каловіцкім філіяле раённага Дома рамёстваў папярэднічала экскурсія па музеі ўстановы, дзе сабраны сапраўдныя рарытэты з прадметаў, якімі ў сваім побыце карысталіся нашы продкі. Гаспадыня ўстановы Тамара Бурко цікава расказала пра кожную рэч, якая, здаецца, яшчэ захоўвае цеплыню натруджаных рук нашых прашчураў. І за кожнай гэтай рэліквіяй – сама гісторыя…

Што датычыць пытанняў, якія хвалююць жыхароў Каловічаў, то гэта, перш за ўсё, усё тыя ж дарогі, аварыйныя дрэвы, зарослыя травой нічыйныя ўчасткі. Адна з галоўных праблем – адсутнасць водаправода, а ў гэтым годзе абмялелі і калодзежы. Якая перспектыва з водазабеспячэннем Каловічаў? Кіраўнік Вілейскага водаканала Аляксандр Міна паведаміў, што для таго, каб падвесці сюды водаправод, неабходны вялікія сродкі, якіх зараз у бюджэце для гэтых мэт няма. Аляксандр Мікалаевіч даў мясцовым жыхарам слушную параду аб’яднацца па некалькі чалавек і наняць спецыялістаў, якія зробяць свідравіну. Гэта, зазначыў кіраўнік водаканала, і абыдзецца танней, і вада будзе лепшай якасці.

Адным з галоўных пытанняў, якія задалі на сустрэчы жыхары Любані, было транспартнае. Як расказалі людзі, вельмі непрадуманы расклад руху аўтобусаў, на якіх можна з Любані даехаць, дапусцім, у Вілейку. Так, трапіць у горад да гадзін васьмі раніцы практычна немагчыма. А некаму ж трэба ездзіць на працу, на вучобу, у бальніцу… Вывучыць пытанне на месцы даручыў Алег Бегунец старшыні Любанскага сельвыканкама Юліі Алянцэвіч, а ўжо затым праблема будзе вырашацца з удзелам транспартнікаў.

Многа пытанняў у жыхароў аграгарадка і па жылых памяшканнях, дзе яны жывуць. Не на належным узроўні добраўпаракаванне тэрыторый, не рамантуюцца будынкі ўнутры, працякае дах – гэтыя і іншыя пытанні адрасавалі людзі прадстаўнікам улады. Называліся адрасы, даваліся канкрэтныя даручэнні кампетэнтным спецыялістам, а гэта значыць, што праблемы пачуты і будуць вырашацца.

Сустрэчы кіраўніцтва з насельніцтвам працягваюцца, і кожны жадаючы можа задаць сваё пытанне, расказаць аб праблеме. Гэта не значыць, што ўсё, нібыта ў казцы, тут жа выправіцца. Зусім не. Мы ж не ў казцы і няма ў нас такой палачкі-выручалачкі. Хаця не, яна ёсць. Гэта сумленная праца кожнага на сваім месцы і гаспадарскія адносіны да ўсяго, што ўключае ў сабе малая радзіма.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 35 queries