Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Властелин села-2019». В Вилейском районе выбрали самую дружную и креативную семью

Так можна ахарактарызаваць святочнае мерапрыемства, што прайшло ў мінулую суботу
ў Людвінове. Свята аб’яднала ў сабе дзве падзеі: урачыстасць з нагоды святкавання 80-годдзя мясцовай гаспадаркі і традыцыйны раённы конкурсны праект «Уладар сяла».

На вялікай пляцоўцы пры ўездзе ў аграгарадок размясціліся ўрачыста прыбраная сцэна, гандлёвыя палаткі, атракцыёны для дзяцей. Быў сонечны дзень, і на пляцоўцы паступова станавілася людна. Адны ў чаканні адкрыцця праграмы ласаваліся рознымі прысмакамі з гандлёвых палатак, другія прыглядаліся да прыгожых вырабаў, створаных рукамі вілейскіх майстроў, трэція з задавальненнем гулялі ў цікавыя гульні, што праводзілі супрацоўнікі цэнтра эстэтычнага выхавання, іншыя зацікавіліся бяспройгрышнай латарэяй, дзе можна было выйграць не толькі нейкую дробязь, але і зусім не лішнія для вясковага падворка збожжа, курыцу ці труса…

І вось яна, урачыстасць. Вядучыя цёпла прывіталі гасцей свята, што зручна размясціліся перад сцэнай, зрабілі невялікі экскурс у гісторыю. Напэўна, кожны з прысутных нейкім чынам звязаны з мясцовай гаспадаркай – працаваў тут ці працуе або тут шчыравалі сваякі. Так ці інакш, але адчувалася, наколькі дарагое людзям усё тое, што звязвае іх з гаспадаркай.

Былі названы ўсе кіраўнікі, якія ў свой час узначальвалі «Беларускі», пазней – «Першы Беларускі», і два з іх – Генадзь Мікалаевіч Міргалоўскі і Іван Іванавіч Трубач – прысутнічалі на свяце. Апладысментамі вітала іх і іншых знакамітых працаўнікоў гаспадаркі імправізаваная зала, калі вядучыя выклікалі гэтых заслужаных людзей на сцэну, бо кожны з іх у свой час зрабіў для гаспадаркі вельмі многае. Сённяшні дырэктар «Першага Беларускага» Аляксандр Аўгусціновіч разам з першым намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта Анатолем Завацкім шчыра павіншавалі ветэранаў і ўручылі ім падарункі. А затым ушаноўвалі ўжо сённяшніх перадавікоў гаспадаркі, якіх віншавалі Аляксандр Аўгусціновіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Брыль. Прыемна было бачыць, як на сцэну выклікаліся і добра знаёмыя нашым чытачам працавітыя дынастыі Яўгеляў і Курленкаў. Што і казаць, заслужылі ўсе гэтыя людзі такой пашаны ад землякоў і кіраўніцтва, сваёй сумленнай працай заслужылі…

Людзі вёскі. Механізатары і даяркі, паляводы і даглядчыкі, жыхары Людвінова і навакольных вёсак. Яны не паехалі шукаць лёгкага хлеба ў горад, а на ўсё жыццё засталіся вернымі роднай зямельцы, бацькаўшчыне. За гэта ім – гонар і пашана.

У віншаваннях, цудоўных выступленнях самадзейных артыстаў час ляцеў непрыкметна, і вось ужо распачалася другая частка праграмы – конкурс «Уладар сяла», у якім удзельнічала пяць маладых сямей Вілейшчыны: Юрый і Анастасія Сонічы з Селішча; Андрэй і Надзея Мецікі з Крывога Сяла; Юрый і Ірына Ардзякі з Іжы; ільянцы Сяргей і Кацярына Тонкавічы; жыхары Людвінова Юрый і Вольга Жарскія. Кожная з сямей выйшла на сцэну і расказала пра сябе падчас «Візіткі», затым кампетэнтнае журы, у складзе якога былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар, першы намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Завацкі, намеснік старшыні райвыканкама Марына Вазняк, кіраўнік райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Брыль, агледзела і ацаніла падворкі сямей-канкурсантаў (чаго там толькі не было!). А пасля ўдзельнікі дэманстравалі спрыт, сілу і ўменне ў выкананні даволі няпростых вясковых спраў – пары рэзалі дровы, мужчыны тут жа спрытна іх секлі, а жанчыны складвалі. Трэба было бачыць, як горача «хварэлі» гледачы і падчас яшчэ аднаго конкурсу, у час якога дзецям патрабавалася хуценька сабраць рассыпаную бульбу, татам – прышыць гузік, а мамам – забіць цвік у дошку. Здавалася б, справы няхітрыя, а вось жа не зусім простыя. Трэба сказаць, што з імі ўсе канкурсанты справіліся, і пераможцаў вызначалі тут толькі секунды. А ўвогуле, конкурсы яшчэ раз даказвалі, што маладыя сельскія сем’і – творчыя, ініцыятыўныя, спартыўныя, захопленыя і працавітыя.

Што і казаць, няпроста было кампетэнтнаму журы пры падвядзенні вынікаў, бо літаральна ўсе ўдзельнікі былі на вышыні. Аднак на тое ён і конкурс, каб вызначаць лепшага з лепшых. Адзначаны былі ўсе і падарункамі, і намінацыямі. Так, у намінацыі «Лаўкачы сяла» пераможцай стала сям’я Соніч, Мецікі прызнаны «Умельцамі сяла», Ардзякі – «Спартсменамі сяла», Тонкавічы – «Душой сяла», а Жарскія – «Артыстамі сяла». А вось галоўны тытул конкурсу «Уладар сяла» пасля падлікаў балаў за ўсе конкурсы быў прысуджаны сям’і Ардзякаў з Іжы. Ім і ўручылі галоўны прыз ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання – кабанчыка, які чакаў сваіх новых гаспадароў непадалёку ў цяньку.

Як пасля падзялілася першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Анастасія Чарняўская (менавіта гэта маладзёжная арганізацыя стала ініцыятарам і арганізатарам конкурсу), падарункі для цудоўнага свята ў Людвінове падрыхтавалі таксама аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, райкам прафсаюза работнікаў АПК, ГА «Белая Русь». Слоў шчырай падзякі заслугоўваюць Людвіноўскі сельсавет, дзе ладзілася свята, і сельсаветы, з якіх прыехалі сем’і-ўдзельніцы.

Безумоўна, самых цёплых падзячных слоў заслугоўваюць і самадзейныя артысты, якія выступілі ў гэты дзень на людвіноўскай імправізаванай сцэне і падарылі людзям сапраўднае свята.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 55 queries