Уладзімір Кульбацкі аддаў сорак гадоў жыцця вілейскаму цэху гідразбудаванняў, у свой час быў начальнікам вадасховішча.
Калі даводзіцца размаўляць з незнаёмымі людзьмі і ўспамінаць пра наш горад, то рэакцыя іх звычайна бывае такая: «А-а, гэта там, дзе вадасховішча…» Так, Вілейскае вадасховішча ведаюць практычна ўсе, яно – славутае месца, тая разынка, што робіць Вілейку адметнай. У далёкім 1968-ым пачалося будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Вось што напісана пра гэта ў кнізе «Памяць. Вілейскі раён»: «Перш за ўсё быў расшыраны лясны прасёлак на левым беразе Віліі, арганізавана будаўнічая пляцоўка. Сюды была накіравана магутная тэхніка… Неабходна было высячы лясы, якія займалі больш за палову плошчы будучага вадасховішча, перанесці ці пабудаваць нанава каля 500 жылых дамоў, многія саўгасныя і калгасныя пабудовы, выбраць і вывезці сотні тысяч кубаметраў грунту. Работы па пракладванні канала вяліся адначасова з двух бакоў насустрач адзін аднаму.» Работа, у якой было задзейнічана мноства людзей і тэхнікі, была нялёгкай і адказнай. Нараджэннем Вілейскага вадасховішча лічаць дзень перакрыцця Віліі. Гэта адбылося 8 верасня 1973 года.
Для віляйчаніна Уладзіміра Кульбацкага вадасховішча – не толькі прыгажэйшыя мясціны, дзе можна добра адпачыць, але і месца яго працы. Вілейскаму цэху гідразбудаванняў Уладзімір Ігнатавіч аддаў сорак гадоў жыцця, у свой час быў начальнікам вадасховішча. Сур’ёзная работа, адказная.
– З 1948 года я ў Вілейцы, – расказвае пра сябе Уладзімір Ігнатавіч. – А нарадзіўся на Далёкім Усходзе. Так склалася, што спачатку мы з мамай, Неанілай Паўлаўнай, пераехалі спачатку ў Куранец, пасля ўсёй сям’ёй асталяваліся ў Вілейцы. Бацька мой, Ігнат Іванавіч, працаваў шафёрам. Калі быў пушчаны першы аўтобус на маршруце Вілейка-Маладзечна, яго вадзіцелем быў бацька.
Сам Уладзімір Ігнатавіч у свой час закончыў вучылішча, пазней вучыўся ў Ленінградзе ў інстытуце, служыў у арміі. А вось лёс свой сустрэў тут, у Вілейцы. «Як пажаніліся, пачалі жыць у жончыным бацькоўскім доме, так і цяпер жывём у ім, – усміхаецца пенсіянер і жартуе: – Так што я прымака…»
З маладых гадоў Уладзімір Кульбацкі захапляецца фатаграфіяй. У яго дамашнім архіве мноства здымкаў, зробленых у розных мясцінах і падчас розных падзей. Пра кожнае фота аўтар можа расказаць нешта цікавае. Канешне ж, захаваліся і тыя здымкі, якія ён рабіў у час будаўніцтва вадасховішча і падчас працы ў сістэме гідразбудаванняў.
– Вось тут я занатаваў бурэнне свідравін у час будаўніцтва другой чаргі ГЭС, – пачаў раскладваць здымкі Уладзімір Кульбацкі. – А гэта выгляд на першую чаргу ГЭС, здымак зроблены ў 2001 годзе. Сфатаграфаваў я, як чысціліся каналы, гэта было ў 2002 годзе… А яшчэ – як быў падтоплены пасёлак будаўнікоў, калі з вадаскіду скінулі ваду. Ёсць і такі вось цікавы фотаздымак зімовага вадасховішча, дзе яго паверхня нагадвае ландшафт на месяцы…
Вадасховішча. Дзякуючы яго ўвядзенню ў дзеянне карэнным чынам палепшылася водазабеспячэнне сталіцы – і гэта яго галоўная роля. Важна і тое, што для многіх-многіх людзей гэты буйны вадаём з’яўляецца любімым месцам адпачынку ва ўсе поры года. А для некаторых, як і для Уладзіміра Кульбацкага, вадасховішча – месца працы, з якім звязана многа цікавага і запамінальнага. Хіба можа гэта забыцца – вялікая будоўля, кругласутачныя дзяжурствы, пачуццё адказнасці за важную справу? Ніколі, упэўнены Уладзімір Ігнатавіч.
Вось і гэтыя фотаздымкі – напамінак пра мінулыя гады, калі ён быў непасрэдна звязаны з гідразбудаваннямі. Ветэран і сёння не парывае сувязі з былым месцам працы і цікавіцца ўсім, чым жыве сённяшні калектыў, які там працуе. Урэшце, там цяпер нясе дзяжурствы і сын Уладзіміра Ігнатавіча.
Ірына БУДЗЬКО/Фота Уладзіміра КУЛЬБАЦКАГА