Ёсць мерапрыемствы, на якіх варта пабываць, бо як ні напішы – ўсё не тое. Таму я і не стаўлю мэту – перадаць эмоцыі і атмасферу, толькі перакажу, што пабачыла на свяце вёскі Любкі, або, як яго яшчэ назвалі, Любкі-фэст “Абы палюбоўна”. Асноўны вынік – атрымалася палюбоўна!
Апоўдзень 17 жніўня мясцовыя жыхары і госці свята з іншых мест (а была тут моладзь з Маладзечна, Барысава, Гародні, Мінску) сабраліся на адкрыцці фотавыставы “Любэцкія”. Яна месцілася прама на сценах хаты Віктара Ермалаевіча Кабака. А склалі яе больш за 50 фотаздымкаў з архіваў мясцовых жыхароў. Свае сямейныя альбомы адкрылі для ўсіх Ірына Шайко, Ганна Дубяга, Віктар Кабак, Ніна Кунавіч, Лілія Ількевіч, Сяргей Плёска, Анастасія Трубач, Мікалай Шайко. Здымкі былі сасканіраваны, раздрукаваны на лістах вялікага памеру і прышчэплены да навязанай ніткі праз усю сцяну хаты і гаспадарчых прыбудоў сядзібы Кабака.
“Вой, не пазнаць, а хто ж гэта?” – чулася з розных месц і адказы-падказкі на гэтыя пытанні. Любэцкія пазнавалі сябе і сваіх родных, успаміналі пра падзеі, што адлюстраваныя на здымках. А тут і вяселлі, і рыбалка, і партрэты. Дарэчы, самы стары здымак зроблены ячшэ за царскім часам – бацька Віктара Кабака – Ермалай служыў у расійскім войску. Праўда, Віктар Ермалаевіч мала памятае бацьку, той памёр, калі хлопчыку было чатыры гады. Цікава, што некалі хата Кабакоў была месцам збору моладзі, а ўсё таму, што першыя займелі яны электрагенератар, які працаваў на керасіне,ну і ўключалі для ўсіх. Гэта “рэліквія” захавалася да сённяшняга дня, сын Віктар Ермалаевіч прадэманстраваў яе сяльчанам.
Яшчэ адной “кропкай збору” была мапа вёскі. На яе былі нанесены хаты сяльчан, запісаны імёны ранейшых уласнікаў (бо частка хат ужо выкуплена) і іх вясковыя мянушкі, а таксама пазначаны неіснуючыя дамкі (але яны жывыя ў памяці сяльчан). Тут прыпомнены былі Зайцавы, Андрэевы, Гарасімавы, Вінцэсевы, Палюшыны, Бабкі, Клімукі, Яначкавы, Наташчыны і іншыя – як вы зразумелі, гэта не прозвішчы, а мянушкі. Бо калі па прозвішчах, то іх нямнога, у асноўным – Кабакі, Шайко, Кунавічы.
Паблізу гэтай мапы месцілася другая – “Любэцкія ваколіцы”. Зрэшты гэта і не мапа, бо не падпісаная. Хутчэй – прапанова сяльчанам успомніць і занатаваць назвы ваколіц, а ужо пазней будзе зроблена сапраўдная мапа. “Гэтыя назвы рызыкуюць адысці ў нябыт, каб гэтага не адбылося, мы маем намер захаваць іх на нашай мапе”, – кажа Вольга Трубач, арганізатарка свята вескі. І любэцкія пачалі называць – Даржы, Русвіна, Падкром’е, Астравец, Дуброва, Міслеўска, За Магерам, Падлоззе, Кліны, За могілкамі і інш.
Ад хаты Кабак людзі перамясціліся на пляцоўку да Андрэевых (Шайко). Тут былі расстаўлены лавы для бяседы, і яна пачалася! А ў хуткім часе і песні пайшлі. Гарманісты былі мясцовыя і з гасцей. Дарэчы, апошнія ў якасці падарунка любэцкім праспявалі некалькі песень пад гармоннік і акапэльна. Тут жа, падчас бяседы, адбылося ўзнагароджванне: ад Іжскага сельскага Савета атрымалі падарункі самая старэйшая жыхарка – дзевяностачатырохгадовая Валянціна Іванаўна Кабак, і наймалодшы жыхар –шасцігадовы Максім Іванчыкаў. Яшчэ прэзенты атрымалі Мікалай Кабак 1952 года нараджэння і Пётр Кабак 1944 года нараджэння, як людзі, найбольш пражыўшыя ў весцы і нікуды не выязджаўшыя з яе. Быў адзначаны самы актыўны ўдзельнік свята, ураджэнец Любак, зараз жыве ў Іжы, Генадзь Іванавіч Арловіч. Дарэчы, ён правёў для гасцей экскурсію па вёсцы, ды быў адным з галоўных кансультантаў па гісторыі вёскі.
Усе разам і любэцкія, і госці – сталі ўдзельнікамі спеўнага сходу з каралеўскімі бабулямі. Бабулі і сапраўды былі “каралеўскія” спявачкі. Усе разам заспявалі некалькі песен, словы якіх былі папярэдне раздрукаваны на паперы. Аднак трыма песнямі з паперы, канешне, справа не скончылася – бабулі праспявалі не менш за дзесяць. Іх, канешне, не спынялі, бо калі душа просіць, то не стрымацца. “Во, “зорны час” на дзявятым дзясятку спаткалі”, –- смяецца Ірына Васільеўна Занкавіч.
За песнямі, вядома, хочацца ў танцы. “Мы, як былі маладымі, ці хату наймалі, ці за Палюшынымі на гумне танцавалі, я іграў на гармоніку”, – распавядае Генадзь Арловіч. А Ганна Іосіфаўна Шайко нават прынесла стары фотаздымак пра танцы сваіх равеснікаў. Танцпляцоўка тады была паміж Любкамі і Каралеўцамі. А яшчэ жанчына паказала архіўную выразку з нашай газеты (тады мы называліся “За савецкую Радзіму”), дзе якраз і пісалі пра танцавальны адпачынак любэцкай і каралеўскай моладзі.
Па праўдзе, любэцкія танцаваць ўжо не пайшлі, але занялі месцы ў імправізаваным глядацкім зале – у гумне Палюшыных. Тут быў сабраны мабільны танцпол – драўляная канструкцыя, што збіраеццца як пазл. Госці – аматары народных танцаў, тыя,хто пажадаў навучыцца ім – занялі месцы ў парах на танцполе. А вучыла танцам унікальная жанчына – Зінаіда Крупская-Губарава. Яна ведае больш 150 танцаў, якія танцавалі раней па ўсяму раёну. Зінаіда Васільеўна – харэограф “ад Бога”, а таму у хуткім часе нават тыя, хто ўпершыню спрабавалі кракавяк, ужо спрытна тупалі разам з аматарамі танцаў.
Акампаніравалі на майстар-класе па танцах унікальны вілейскі цымбаліст-самавучка Іван Валынец, а таксама шырока вядомы ў этнаграфічных колах Аляксей Крукоўскі. А пасля да рання моладзь кружылася ў танцы. Гралі ім, змяняючы адзін аднаго, многія музыкі. Раман Яраш з Беразіно граў на кларнеце і барабане. Надзя Бароўка в Барысава – на акардыёне. Скрыпачкі Сабіна Пятроўская – з Ракава, а Юля Вайцяховіч – з Маладзечна. Мінчук Коля Кашкан на баяне і акардыёне, Кірыл Котаў (рускі нарвежац) – балалайцы. А з Гародні прыехала капэля гарадзенскіх дворыкаў – гарманіст Андрэй Броўскі і дудар Алесь Жура. На бубне граў Алег Чырыца, на тубе Кастусь Канцавы з Магілёва.
Мы ўзялі каментар ў арганізатаркі любэцкага фэсту Вольгі Трубач. Як яна сама ацэньвае фэст, ці так адбылося, як было запланавана?
– Па водгуках, якія мне гаварылі і мясцовыя, і госці свята, людзям спадабалася. І гэта галоўнае. Здаецца, нам удалося стварыць цёплую атмасферу сустрэчы добрых сяброў для вяскоўцаў, і нашыя госці неяк арганічна ўпісаліся ў яе. Думаю, для іх таксама ўбачаннае і пачутае на свяце стала спосабам дачынення да гісторыі беларускай вёскі.
Хацелася б зазначыць, што нам вельмі спрыяла кіраўніцтва Іжскага сельвыканкама і асабіста Валянціна Навасёлак. А фінансавую падтрымку правядзенню свята аказала адукацыйнай праграма “VioskaLab”, так надарылася, што мы маглі пабываць на яе трэнінгах, дзе агучылі сваю ідэю свята вескі і акрамя ментарскай дапамогі атрымалі фінансы на правядзенне. Гэта было вельмі дарэчы, бо стварэнне фотавыставы і мапы патрабавалі выдаткаў. Частку свята, звязаную з танцамі, госці фінансавалі самастойна. Такім чынам была аплочана ежа і праца музыкаў.
Таксама хачу дзякаваць і сваім суседзям Андрэевым і Вінцэсевым. І, канешне, сваім бацькам Івану Іванавічу і Анастасіі Мікалаеўне Трубачам. А яшчэ – найлепшай камандзе валанцёраў свята: Каці Гіль, Косцю Вайценкову, Дзянісу Краўчонку і Сяргею Латышаву.
Канешне, мне прадстаўлялася, што на свята прыедзе больш выхадцаў з вёскі, прыйдуць людзі, якія выкупілі хаты пад лецішчы. Бо такіх было только пару чалавек. Я не хачу думаць, што такія агульныя святы могуць быць камусьці не цікавымі. Думаю, людзям патрэбен час, каб спакваля прыгледзіцца, а потым ужо актыўней удзельнічаць. Так што, відаць, будзем рабіць нешта падобнае і надалей. Будзем працаваць з памяццю гэтага месца.Тым больш, што любэцкія казалі: “Дапаможам”.
Ірына ТРУБАЧ/Фота аўтара