Апошні дзень ліпеня выдаўся халаднаватым і з самага рання пагражаў дажджом. Выходзячы на працу, кожны з нас пастараўся абавязкова захапіць з сабою парасон. Вось і ўсё вырашэнне праблемы. Толькі ці праблема гэта, калі яе можна вырашыць з дапамогай парасона?
Нібыта ў іншым вымярэнні, поўнасцю залежным ад надвор’я, жывуць і працуюць зараз хлебаробы. Разгарнулася найважнейшая летняя сельскагаспадарчая кампанія – жніво, і хацелася б, каб нябесная канцылярыя спрыяла вяскоўцам. Ды вось не заўсёды так атрымліваецца. Вось і сёлетняя ўборачная праходзіць у даволі няпростых умовах.
– Учора дзень выдаўся добрым, не было дажджу, дык нашы камбайнеры адпрацавалі ўдарна, – падзяліўся намеснік кіраўніка РСУП «Першы Беларускі» Андрэй Шупенька, з якім мы наведаліся на поле ля вёскі Кастыкі, дзе ў дзень майго прыезду працавалі зернеўборачныя экіпажы. Убіралі трыцікале, а наперадзе яшчэ палеткі ячменю, пшаніцы, жыта, аўсу. Пачалі жніво з рапсу, з якім ужо ўправіліся.
На жніве ў гаспадарцы сёлета занята сем камбайнавых экіпажаў, у тым ліку два маладзёжныя. На дзень нашай сустрэчы лідзіраваў экіпаж у складзе камбайнера Сяргея Яўгеля і яго памочніка Віталя Сляпцова, якія на гэты дзень намалацілі 221 тону рапсу і 320 тон зерневых. Першынство сярод маладых экіпажаў трымалі камбайнер Станіслаў Жыгалаў са сваім памочнікам Аляксандрам Дуброўскім, якія мелі на сваім рахунку 149 тон рапсу і 262 – зерневых.
Тут, на полі ля вёскі Кастыкі, мы і сустрэліся з вышэйназванымі камбайнерамі, і з іншымі. Прыемна было бачыць знакамітага не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне Барыса Яўгеля, памочнікам у якога сёлета працуе Валянцін Тафейка. Як і заўсёды, Барыс Іванавіч быў у добрым настроі, жартаваў і ніколькі не засмучаўся, што пакуль не ў пераможцах. Вопытны механізатар ведае, што ўборачная разгарнулася яшчэ нядаўна і рана рабіць нейкія прагнозы наконт лідарства. Ды і не камусьці пакуль што ўступае экіпаж Барыса Іванавіча, а роднаму брату. Гэта ж не засмучацца трэба, а радавацца за яго. Абодва яны – Барыс і Сяргей Яўгелі – патомасныя хлебаробы, якія працягваюць справу свайго бацькі. Прыемна, што тут, у гаспадарцы, працуе механізатарам і сын Барыса Іванавіча, Ігар, які ў гэтыя дні заняты на ворыве. Малады механізатар нядаўна атрымаў новы трактар – магутны, сучасны – і даказвае працай, што недарэмна гэта тэхніка даверана яму.
У час гутаркі з удзельнікамі жніва «Першага Беларускага» міжволі адзначыла, што ўсе яны – як на падбор, усмешлівыя, працуюць з добрым настроем. Вось і маладзёжны экіпаж Максіма Пасекі і Уладзіслава Юркевіча, якія мелі на апошні дзень ліпеня на рахунку 52 тоны намалочанага рапсу і 233 тоны зерневых, падзяліліся з намі аптымізмам і жартам. З такім настроем працуецца лягчэй – гэта даказана жыццём.
Прыязджалі да камбайнаў і ад’язджалі з поўнымі кузавамі аўтамабілі. Гэта старанна рабілі сваю справу вадзіцелі Святаслаў Вайцяшонак, Віктар Святоха, Аляксандр Завадскі.
– Усе хлопцы стараюцца, не губляюць ні адной хвіліны, – растлумачыў Андрэй Шупенька. – Ад аператыўнасці і стараннасці залежыць і ход жніва, і іх заробкі.
Няпростую хлебаробскую справу Андрэй Віктаравіч ведае добра: вырас у сялянскай сям’і, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, працаваў памочнікам камбайнера на жніве. Так склалася, што спачатку звязаў сваё жыццё з культурай (быў і з’яўляецца зараз актыўным удзельнікам людвіноўскай самадзейнасці), а пасля жыццё павярнулася так, што паступіў вучыцца ў сельгасакадэмію. Працаваў у роднай гаспадарцы прарабам на будаўніцтве, а зараз – намеснік кіраўніка. Пасада, вядома, адказная, патрабуе ад чалавека і прафесіяналізму, і ўмення працаваць з людзьмі. Гэтага Андрэю Віктаравічу не займаць. А песня? Яна, як вядома, і будаваць, і жыць дапамагае… Прыемна было даведацца, што ў сям’і Шупенькаў – тры дачушкі, старэйшая з якіх ужо студэнтка ўніверсітэта. З асаблівай цеплынёй гаварыў пра іх, пра жонку, пра бацькоў мой субяседнік.
Ніколькі не шкадуе Андрэй Віктаравіч, што застаўся жыць і працаваць на бацькаўшчыне. Горад, пераканаўся ён, не для яго, там наўрад ці змог бы жыць. Зусім іншая справа – вёска, дзе ўсё і ўсіх ведае і дзе такі прастор для добрых спраў і думак. І людзі ўсе – як адна сям’я.
– Стараемся, каб нашым працаўнікам і пенсіянерам гаспадаркі жылося лягчэй, – расказаў Андрэй Шупенька. – Бясплатна садзім, апрацоўваем і ўбіраем бульбу, дапамагаем з нарыхтоўкай сена і саломы, не пакідаем без увагі кожны зварот. Бярэ на сябе гаспадарка і большую частку аплаты абедаў хлебаробаў (для іх абед каштуе 2 рублі). Клапоцімся пра належную дысцыпліну, і працаўнікі гаспадаркі гэта ўжо добра ведаюць, як ведаюць і тое, што толькі сумленнай і шчырай працай зарабляюцца дастойныя зарплаты, іншага не дадзена.
Напрыканцы Андрэй Шупенька расказаў, што сёлета іх гаспадарка будзе адзначаць 75-годдзе з дня ўтварэння. Што і казаць, ганаровая дата. Пройдзе ўрачыстасць, на якой будуць ўшаноўвацца былыя кіраўнікі, працаўнікі гаспадаркі – былыя і сённяшнія, у планах яшчэ многа цікавага, важнага і хвалюючага. Ды гэта пазней. А пакуль задача нумар адзін – яго Вялікасць жніво. Вось і шчыруюць хлебаробы.
Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара