Жніво на Вілейшчыне ў самым разгары. На працягу ўсяго светлавога дня не змаўкае на ніве гул камбайнаў, не спыняецца рух грузавых машын. У сельскагаспадарчым філіяле “ Бубны” УП “ Мінгаз” работа кіпіць з раніцы і да самай ночы – працаўнікі гаспадаркі спяшаюцца сабраць ураджай, які ў гэтым годзе плануецца нядрэнны.
Вядома, што ў многім поспех уборачнай кампаніі залежыць ад яе тэхнічнага аснашчэння, стабільнасці работы ўборачных машын і агрэгатаў. І ўсё ж на першы план заўсёды выходзіць чалавечы фактар: менавіта людзі ўбіраюць збожжа, адвозяць яго на сушыльныя комплексы і даводзяць да патрэбных кандыцый для захоўвання. Таму, зразумела, што клопат пра чалавека працы, які задзейнічаны на жніве, павінен выходзіць на першы план. Важнае значэнне тут мае і матэрыяльнае заахвочванне лепшых працаўнікоў. Добра ведаюць пра гэта і ў філіяле “Бубны”, дзе сёлетні ўраджай хлебаробаў гаспадаркі радуе: убіраць ёсць што. І цяпер людзі імкнуцца выканаць гэтыя работы як мага хутчэй і, у той жа час, якасна.
– Сёлета нам неабходна ўбраць 1185 гектараў зерневых культур, – расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці філіяла “Бубны” УП “Мінгаз” Міхаіл Шлыковіч, што суправаджае нас разам з кіраўніком гаспадаркі Андрэем Бушмовічам. – На ўборцы задзейнічана ў нас пяць камбайнаў. Нядаўна скончылі ўборку 326 гектараў азімай пшаніцы, атрымаўшы ўраджайнасць 38,6 цэнтнера з гектара. Цяпер асноўныя сілы задзейнічаны на ўборцы азімага жыта. Па гаспадарцы, без уліку кукурузы, плануецца атрымаць 4300 тон зерня.
Міхаіл Мечыслававіч, чалавек вопытны, шмат год адпрацаваў на Астравеччыне, і вось ужо два гады, як працуе ў філіяле “Бубны”. У свой час яго сюды запрасіў кіраўнік гаспадаркі Андрэй Мар’янавіч. Разам з імі мы і накіроўваемся ва ўрочышча Цаліна, што за вёскай Заброддзе. Тут камбайны ўбіраюць поле, дзе каласіцца гібрыднае жыта “Пікасо”. Сярод іншых на ўборцы задзейнічаны і сямейны экіпаж сям’і Войнічаў, перадавікоў жніва. Пётр і Святлана Войніч убіраюць збожжавыя не першы сезон. Пятра Войніча, перадавога механізатара гаспадаркі, нашы чытачы ведаюць добра: ён адзін з першых і на сяўбе, і на корманарыхтоўцы. Колькі год запар ён удзельнічаў ва ўборцы разам са сваёй дачкой Аленай.
Зараз другі год з жонкай – Святланай Анатольеўнай, якая на пытанне, ці не цяжка з мужам працаваць – толькі ўсміхаецца і кажа, што ўсё выдатна і справу яна асвоіла хутка. Сам Пётр Вікенцьевіч родам з Вардаміч, некалі працаваў у калгасе “Барэц”. У Бубнах – з 1996 года. Ён чалавек вопытны і працавіты, таму штогод адзначаецца сярод перадавікоў. Вось і зараз сямейны экіпаж Войніч ні ў чым не саступае больш маладым калегам, бо вопыт у гэтай справе – самае галоўнае.
Хутка развітваемся з Пятром і Святланай, бо кожная хвіліна ў час жніва – як золата. Непадалёк прыпыняецца яшчэ адзін перадавік на сёння (31 ліпеня – заўв. аўт) – камбайнер Генадзь Місун.
– 20-ы сезон на камбайне, – дзеліцца з намі Генадзь Яўгенавіч. – Раней працаваў у Даўгінава, зараз тут – у філіяле “Бубны” УП “Мінгаз”. Сам родам з Мільчы. Жонка Алена Віктараўна працуе выхавальніцай у дзіцячым садку ў Сцешыцах. Разам выхоўваем дзвюх дачок. Працаваць у новай гаспадарцы добра, тут ствараюцца ўсе ўмовы.
З экіпажам пад кіраўніцтвам Генадзя Місуна мы таксама хутка развітваемся, бо надвор’е дазваляе і камбайнеры на полі каля Заброддзя сёння будуць працаваць да самай начы.
Жадаем добрых намалотаў.
Жніво гэтага года, нягледзячы на пэўныя складанасці зза надвор’я, і тое напружанне, якое нязменна суправаджае гэтую сельскагаспадарчую кампанію, усё роўна застаецца для хлебаробаў доўгачаканым і радасным. Так, папрацаваць у гэты перыяд даводзіцца шмат – ад самай раніцы да позняй ночы гудуць камбайны ў полі. І тым не менш, у кожнага ўдзельніка ўборачнай ёсць магчымасць не толькі нядрэнна зарабіць, а і падлічыць вынікі ўсіх намаганняў, якія былі прыкладзены для таго, каб вырасціць новы ўраджай 2019 года.
Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара