У рамках адзінага дня інфармавання наш раён наведала начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкама Таццяна Дзедух. Найперш яна сустрэлася з рэдакцыйным калектывам газеты «Шлях перамогі». Адбылася цікавая размова па асноўнай тэме адзінага дня, якая раскрывае сутнасць і перспектыву развіцця саюзнай дзяржавы, аднаго з прыярытэтаў у беларуска-расійскіх адносінах. Таццяна Уладзіміраўна спынілася на пытаннях супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў у навукова-тэхнічнай, культурнай сферах, наяўнасці сумесных праграм развіцця, асаблівую ўвагу ўдзяліла інтэграцыі Міншчыны ў агульнадзяржаўныя праекты. Адначасова начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення цікавілася арганізацыяй работы рэдакцыі, яе матэрыяльнай базай, творчымі планамі журналістаў.
Пры наведанні Ільянскага сельвыканкама і сустрэчы з яго старшынёй Вольгай Гаранінай, абмяркоўвалася праблема добраўпарадкавання тэрыторыі сельсавета і ролі ў ім мясцовага самакіравання. Вольга Чаславаўна расказала аб тым, як рыхтуюцца пасяджэнні выканкама, як працуюць грамадскія фарміраванні, пастаянныя камісіі.
Пры абмеркаванні на пасяджэнні выканкама пытання добраўпарадкавання населеных пунктаў выкарыстоўваўся наглядны матэрыял – каляровыя слайды. Яны дэманстраваліся прысутным на мультымедыйнай устаноўцы. Добраўпарадкаванне – справа агульная, – так лічыць сельвыканкам. Таму традыцыйнымі ў Ільі і акаляючых вёсках сталі масавыя суботнікі. Прыбіраюцца агульнымі сіламі могілкі, садзяцца дрэўцы. А нядаўна ў Асцюковічах такім жа калектыўным метадам пафарбаваны платы. Стараста вёскі сабраў з яе жыхароў грошы на фарбу, астатняе зрабілі сваімі сіламі. Школы, каледж, арганізацыі, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета, – ніхто не застаецца ў баку.
Начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення пацікавілася роляй сельвыканкама ў правядзенні адзіных дзён інфармавання. Вольга Гараніна растлумачыла, што пры выканаўчым камітэце дзейнічае інфармацыйная група, у склад якой уваходзяць культработнікі, прадстаўнікі адукацыйнай сферы. Менавіта ім даручана арганізацыя і правядзенне адзіных дзён інфармавання.
Сустрэлася Т. У. Дзедух і з жывёлаводамі філіяла «Аграфірма «Ілья» закрытага акцыянернага таварыства «РАСТЭМ», наведаўшы жывёлагадоўчую ферму «Асцюковічы», дзе ўтрымліваецца 186 галоў дойнага статку. Ад галоўнай тэмы дня інфармавання размова пераключылася на справы надзённыя. Як зазначылі кіраўнік філіяла Генадзь Ракель і яго намеснік Ігар Чыркевіч, жывёлагадоўчая галіна мае ў гаспадарцы рэальную перспектыву развіцця. На сёняшні дзень сярэднесутачны надой ад каровы складае 12,3 кілаграма малака, гэта на 200 грамаў больш, чым у адпаведным перыядзе мінулага года. Гадавы ж надой запланаваны ў межах 5 тысяч кілаграмаў. Але праблем у жыцці філіяла яшчэ хапае. Трэба ўсур’ёз брацца, – зазначыла Т. У. Дзедух, – за добраўпарадкаванне тэрыторый ферм, больш мэтанакіравана працаваць з кадрамі. Пакуль у філіяле недастаткова не толькі галоўных спецыялістаў, але і механізатараў. Апошняе востра адчуваецца, – канстатаваў Генадзь Ракель, у перыяд масавых сельскагаспадарчых кампаній.
Настрой людзей, камфорт іх быту, упэўненасць у заўтрашнім дні – менавіта гэтыя пытанні павінны быць у цэнтры ўвагі не толькі ідэалагічных службаў, але і ўсіх, хто арганізуе працу калектываў, ставіць перад імі канкрэтныя мэты і задачы, – зазначыла Таццяна Дзедух.
Марыя КУЗАЎКІНА
На здымку: начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраў-лення аблвыканкама Т. У. Дзедух, намеснік старшыні райвыканкама М. Ц. Кароткі і старшыня Ільянскага сельвыканкама В. Ч. Гараніна (у цэнтры).
Фота аўтара







