Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Культурнае супрацоўніцтва: віляйчане ў Літве.

КУЛЬТУРА НЕ ВЕДАЕ МЕЖАЎ

Сёння за межамі Беларусі ў розных краінах пражывае шмат беларусаў, якія па розных прычынах не маюць магчымасці прыехаць на Радзіму. Жывучы на чужбіне, яны аб’ядноўваюцца ў грамадскія суполкі, беражліва захоўваюць гісторыка-культурныя і духоўныя традыцыі сваіх продкаў і заўсёды рады сустрэчы з сваімі землякамі.

Па запрашэнні Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы дэлегацыя Вілейскага раёна наведала Літоўскую Рэспубліку. У чарговы раз гісторыка-культурную, духоўную спадчыну Вілейшчыны ў суседняй краіне прадставіў Народны калектыў аўтарскай песні «Элегія» Цэнтра эстэтычнага выхавання ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна” разам з навуковым супрацоўнікам ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей» Вольгай Коласавай.

Падтрымка і папулярызацыя беларускай культуры за мяжой, знаёмства беларускіх суполак, насельніцтва з самабытнай культурай Беларусі – асноўная мэта шматлікіх мерапрыемстваў, якія былі арганізаваны Згуртаваннем беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы разам з Вілейскім раённым выканаўчым камітэтам. Паездка, якая праходзіла ў вельмі насычаным графіке, стала незабыўнай і хвалюючай для кожнага ўдзельніка дэлегацыі.

22 чэрвеня – трагічная дата ў нашай гісторыі, пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Дзень усенароднай Памяці ахвяр вайны, які адзначаецца не толькі ў Беларусі. У гэты дзень у Клайпедзе адбыўся мітынг-рэквіем. Ля мемарыялу на воінскіх могілках сабраліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, дзеці вайны, прадстаўнікі дыпламатычных служб Расіі, Беларусі, Літвы, грамадскіх арганізацый, моладзь, каб аддаць даніну памяці тым, хто мужна змагаўся з ворагам за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы… Гучаць словы памяці… Тут пахаваны 685 воінаў, у тым ліку сем Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні горада ў студзені 1945 года.

Старшыня Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у горадзе Клайпеда, старшыня беларускай суполкі «Крыніца» Мікалай Логвін, узгадваючы тыя падзеі, адзначыў: «Вельмі важна памятаць гэту трагічную дату пачатку вайны. Менавіта у гэты час на долю беларускага народа выпалі самыя цяжкія выпрабаванні. Мужнасць абаронцаў Брэсцкай крэпасці, дзяцей і дарослых, насельніцтва назаўсёды застануцца ў памяці шматлікіх пакаленняў». Мікалай Логвінаў пажадаў усім прысутным, каб сённяшнее падрастаючае пакаленне не ведала жахаў вайны і беражліва захоўвала гісторыю свайго краю.

Боллю гучала песня “Чатыры сыны” ў выкананні ўдзельнікаў вакальнага гурта “Купалінка” беларускай суполкі “Крыніца” г. Клайпеды.

Ад Вілейскага раённага выканаўчага камітэта, ад усіх віляйчан шчыра вітала прысутных кіраўнік дэлегацыі, дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч: “Знаходзячыся на літоўскай зямлі,  мы разам з вамі, шаноўныя ветэраны, дарагія сябры, адчуваем боль і смутак, якія прынесла вайна ўсім народам. Гісторыя яднае нас, яе нельга забываць і перапісваць. І зараз тут, у Клайпеде, і адначасова у розных куточках Беларусі, і на нашай любай Вілейшчыне, адзначаецца гэта падзея, дзе ўшаноўваюць памяць аб тых людзях, якія аддалі жыццё за нашу мірную будучыню. Мы жадаем вам, дарагія сябры, міра і любові, узаемаразумення, сяброўства, усяго самага добрага”. Працягам шчырых вітанняў гучала літаратурна-музычная кампазіцыя “Самы доўгі чэрвеньскі дзень” па вершах  Івана Лашуткі, Уладзіміра Цануніна. Пяшчотна і па-беларуску гучалі цымбалы Алены Кеўліч і гітара Уладзіміра Лапціка, кранала жывое слова і песні ў выкананні аўтараў Таццяны Захарыч і Уладзіміра Цануніна. На мерапрыемстве не было раўнадушных…  Шчыра дзякавалі вілейчан нашы суайчыннікі і ветэраны, арганізатары мерапрыемства   за шчырасць і памяць, любоў і павагу да радзімы і традыцый…Незабыўныя хвіліны, яны застануцца ў памяці на ўсё жыццё… Хвіліна маўчання. Ускладанне кветак да помніка…Мы ідзем разам, людзі розных нацыянальнасцей і краін, каб пакланіцца памяці тых, хто ніколі не вернецца дадому і не ўсміхнецца сваім родным… У памяці адначасова праходзіць гісторыя сваёй радзімы і сваёй сям’і… Дзень  22 чэрвеня…

Пасля мітынгу наведалі Пакрова-Мікольскую царкву г. Клайпеды, дзе пабылі на службе і сустрэліся з настаяцелем храма пратаіярэем Рыгорам Негурцом. Ад віляйчан мы ўручылі духмяны старавіленскі хлеб, які з такой любоўю выпяклі майстры вілейскага хлебазавода.
На другі дзень нас сустракаў паўночны Шауляй, чацвёрты па велічыні горад у Літве. Шяуляй славіцца сваёй гісторыяй, архітэктурнымі помнікамі і шматлікімі музеямі. Тут знаходзіцца царква святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе настаяцелем служыць наш земяляк,ураджэнец г. Вілейкі протаіярэй Алег Штэльман, які не аднойчы наведваў наш горад. Па яго ініцыятыве вось ўжо дзесяць гадоў запар у г. Шауляй адбываецца фестываль «Да святится имя Твое» ў гонар Дня ўсіх святых.

Амаль чатыры гадзіны доўжыўся 10-ы юбілейны фестываль, у якім прынялі ўдзел творчыя калектывы,суполкі, прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Літвы,Украіны, Шауляя і Клайпеды.
Беларусь прадстаўлялі два калектывы: мужчынскі хор «Гармонія» Пінскага кафедральнага сабора і народны калектыў аўтарскай песні «Элегія». На мерапрыемстве ў выкананні віляйчан прагучала літаратурна-музычная праграма «Святло слова». Беларускае слова, уласныя песні і вершы «Элегіі», духоўная паэзія, жывы гук музычных інструментаў, душэўнае і шчырае выкананне ўдзельнікаў калектыву моцна ўразілі гледачоў і пераканалі ў тым, што менавіта светлае слова, мова мастацтва аб’ядноўваюць людзей розных нацыянальнасцей і канфесій. Па выніках фестываля калектыў «Элегія» быў узнагароджаны граматай і падарункамі. На развітанне айцец Алег праспяваў свае песні пра Беларусь. Адна з іх – «Мая вёсачка», прысвечаная мястэчку,дзе прайшло яго дзяцінства – вёсцы Балашы і яе жыхарам. Ён падарыў на памяць свае кнігі вершаў і нацыянальны пірог «Шакоціс».

Мы ад’язджалі з Літвы з добрымі ўраджаннямі і разуменнем значнасці дзейнасці беларусаў замежжа і віляйчан па зберажэнні і развіцці беларускай культуры за мяжой, культурнага супрацоўніцтва абодвух бакоў. На развітанне мы выказалі шчырыя словы падзякі за плённае супрацоўніцтва Згуртаванню беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, беларускім суполкам г.Клайпеды, г.Шауляя і іх кіраўнікам Мікалаю Логвіну, Георгію Пракаповічу,  саветніку па гуманітарных пытаннях Пасольства Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы  Ірыне Зубко,  прыхажанам  Пакрова-Мікольскай царквы г.Клайпеды і  настаяцелю храма пратэіярэю Рыгору Негурцу, прыхажанам  царквы святых апосталаў Пятра і Паўла г.Шауляя і настаяцелю храма, пратэіярэю Алегу Штэльману, усім арганізатарам мерапрыемстваў. Праз некалькі дзён пасля наведвання вілейскай дэлегацыі Літоўскай Рэспублікі старшыня Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы Мікалай Логвін наведаў Вілейку, дзе сустрэўся са старшыней Вілейскага райвыканкама Алегам Паўлавічам Бегунцом па пытаннях далейшага супрацоўніцтва.

Таццяна ЗАХАРЫЧ, кіраўнік Вілейскай дэлегацыі ў Літоўскай Рэспубліцы

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 44 queries