У мінулыя выхадныя адбылося свята вёскі Маразы, якое сабрала каля сотні прадстаўнікоў сямейных дынастый ураджэнцаў вёскі.

Зусім маленькая вёска Маразы, якая размяшчаецца на мяжы Вілейскага і Лагойскага раёнаў, амаль у лесе, мае моцныя традыцыі і шчырых, ветлівых аднасялчан. І хаця на сёння толькі адзін жыхар стала пражывае ў Маразах, на свята вёскі сабралася каля сотні аднавяскоўцаў, якія прыехалі з розных куткоў Беларусі і нават замежжа.

– Мы рады вітаць усіх на сённяшнім свяце. Прыемна, што сабралася столькі маразян, і гэта нездарма, бо мы як адна сям’я, – распачалі мерапрыемства Валянціна Аўсянік і Ганна Церах (па дзявочых прозвішчах), ураджэнкі Маразоў і арганізатары свята.

Калі казаць пра гісторыю вёскі, то яна вядома як засценак з 1800 года. Складаецца з дзвюх частак: непасрэдна Маразы – гэта ў асноўным сселеныя з бліжэйшых хутароў сем’і, а другая частка – Мунікі, дзе пабудаваліся тры браты Моніды і жылі сваімі сем’ямі. Сярод старажылаў і жыхароў навакольных вёсак па сёння так і існуюць дзве назвы: Маразы і Мунікі.

Як і прынята на святах вёсак, падчас мерапрыемства ад імя старшыні Ільянскага сельвыканкама вядучыя мерапрыемства павіншавалі і адзначылі падарункам самага старэйшага жыхара, якім з’яўляецца старажыл Маразоў Анатоль Монід. Анатоль Сцяпанавіч ужо размяняў 88 год, а нарадзіўся ён у 1931 годзе і на сёння з’яўляецца старэйшым ураджэнцам вёскі. Ён выгадаваў двух сыноў, якія ўжо ў сваіх дзецях і ўнуках працягваюць род. Не абмінулі і самага меншага жыхара – ім аказаўся 37-гадовы Дзяніс Монід, унук Анатоля Сцяпанавіча. І гэта не жарт. Дзяніс – апошні з афіцыйна зарэгістраваных дзіцей, якія нарадзіліся ў Маразах. Зараз Дзяніс Леанідавіч працуе генеральным дырэктарам Дарожна-будаўнічага трэста №7 г. Мінска і пры яго непасрэдным удзеле было арганізавана свята вёскі.

– За сваі 37 год я ўпершыню бачу, як сабралася ўся вёска, і гэта вельмі прыемна. Зараз праходзіць год малой радзімы, і наша свята як нельга дарэчы, хаця спецыяльна да гэтага не прымяркоўвалася. І, нягледзячы на тое, што ў Маразах афіцыйна пражывае толькі адзін жыхар, але вёска жыве і будзе жыць, пакуль мы будзем сюды прыязджаць і прывозіць сваіх дзяцей.

На мерапрыемстве ўвагай не абышлі нікога. Узгадвалі старажылаў, якія яшчэ побач і могуць многае распавесці, а таксама ўраджэнцаў, якія выйшлі ў вялікі свет з маленечкай вёскі і сталі сапраўдным яе гонарам: будаўнікі, настаўнікі, вайскоўцы, працаўнікі сельскай гаспадаркі і многія іншыя.
– У таго народа няма будучыні, які не шануе свае карані, – адзначыла, звяртаючыся да ўсіх прысутных на свяце, Марына Вазняк, намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама. – Сённяшняе свята вельмі душэўнае і прынесла кожнаму прысутнаму толькі станоўчыя эмоцыі. Многія аднавяскоўцы не бачыліся шмат дзясяткаў гадоў, а сёння змаглі сустрэцца і ўзгадаць сваё дзяцінства і юнацтва. І гэта дарагога каштуе.

І сапраўды, свята было напоўнена душэўнай цеплыней, шчырымі ўсмешкамі і ўспамінамі, добрымі словамі і цудоўнай музыкай і гумарам, бо канцэртную праграму для маразян арганізавалі артысты Ільянскага Дома культуры і народны гумарыстычны калектыў «Смехата».
– Я так узрушана сённяшнім святам, што хочыцца многае сказаць, – падзялілася сваімі ўражаннямі Раіса Давідовіч, што таксама нарадзілася і вырасла ў Маразах. – Нашая вёска з’яўляецца для кожнага яе ўраджэнца тымі надзейнымі каранямі, што трымаюць нас на гэтай зямлі. Многа гадоў таму я пакінула сваю родную вёску. Але на сённяшняе свята прыйшла са сваімі дзвюма дочкамі, а дома яшчэ сын і шасцёра ўнукаў – і гэта наш працяг. Заўжды ўзгадваю вясковыя традыцыі, і галоўную сярод іх – гасціннасць. У вёсцы кожная хата заўжды была адчынена і зайсці мог кожны: паесці, пераначаваць – свой ты, ці чужы. Памятаю вялікую бацькоўскую хату, дзе ладзіліся танцу, як прыходзіў Чэсь і стакаў сваімі ботамі па паліцах падчас танца, як ставілі кіно… Узгадваю вясковую талаку, калі ўсе збіраліся ці то дах перакрыць, ці то калодзеж выкапаць. Гэтым былі мы і моцныя. Сёння няма нашых бацькоў, але тут іх дзеці і ўнукі. Важна, каб кожны з іх не забываўся на сваю малую радзіму.
Адзін з тых, у каго ў пашпарце значыцца месцам нараджэння вёска Маразы Часлаў Аўсянік, зараз жыхар суседняй вёскі Аўсянікі. Сваімі ўспамінамі ён падзяліўся з намі.
– Па пашпарту я нарадзіўся ў Маразах, але на самой справе – на хутары Аляксееўшчызна, што быў метраў за 700 ад вёскі Маразы. Там стаяла каля сямі хат да вайны, але пасля нас усіх перасялілі і я пабудаваўся ў Аўсяніках. Хаця мне было гадоў восем як скончылася вайна, але той час вельмі захаваўся ў памяці. Добра памятаю многіх мясцовых паноў: пані Яцынову, якая дажывала век у Аўсяніках, пана Палянскага, Жданоўскага, Пілсудскага, Бароўскага, Багдановічаў. Памятую стражніцы, якіх тут было шмат – у Крайскіх Пасеках, Маразах, Яноўшчыне, Альковічах. Памятаю, як спалілі некалькі сем’яў за сувязь з партызанамі і потым іх цішком мясцовыя хавалі ў бульбяных ямах, бо немцы не дазвалялі зусім іх хаваць. Тут прайшлі маладосць і працоўнае жыццё. Мы шмат працавалі, а галоўнае, што адносіліся да ўсяго як свайго асабістага. Я працаваў брыгадзірам у мясцовым калгасе, за культуру земляробства і высокія ўраджаі маю ўзнагароды, сярод якіх і «Знак Пашаны».
Так успаміны і шчырыя сустрэчы сталі сапраўдным святам для аднавяскоўцаў, што адзначылі свята вёскі Маразы. А завяршэнне сустрэчы за круглым сталом стане ўспамінам на доўгія гады.
Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара








