Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На фестывалі “Пеўчае поле” калектыў “Любанія” стаў лаўрэатам другой ступені

На фестывалі “Пеўчае поле”, які традыцыйна прымала Мядзельшчына, выступілі 25 калектываў з усіх абласцей Беларусі, а таксама краін блізкага замежжа. Народны харавы калектыў “Любанія” стаў лаўрэатам другой ступені.

Ужо больш за паўстагоддзя раз у два гады збірае на Мядзельшчыне аматараў беларускай песні фестываль харавога мастацтва «Пеўчае поле». Сёння ён мае статус рэспубліканскага і заклікае да ўдзелу аматарскія калектывы вакальна-харавога жанру Міншчыны і іншых абласцей рэспублікі, а таксама краін бліжняга замежжа. Сёлета ўдзел у фестывалі прымалі 25 калектываў (а гэта больш за 600 выканаўцаў), сярод іх – народны харавы калектыў «Любанія» Вілейскага Палаца культуры, які, дарэчы, стаў лаўрэатам другой ступені, а яго кіраўнік Андрэй Дударчык адзначаны дыпломам за высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства як саліст і, заўважу, такіх узнагарод прафесійнае журы ўручыла толькі дзве (аўт.).

– Тое, што «Любанія» выступіла годна – агульнае дасягненне ўсіх удзельнікаў, – расказаў Андрэй Дударчык. – Наш аматарскі калектыў выканаў тое, што ад яго патрабавалася. І хоць нас на фестывалі было 18 чалавек замест 25, якія адсутнічалі па ўважлівай прычыне, дзякуй усім. Сярод нашых канкурэнтаў былі заслужаныя калектывы, вопытныя выканаўцы. Без хвалявання не абышлося. Перад выступленнем (а выступалі мы дванаццатымі) эмоцыі пераадолелі, сабраліся – і па якасці выканання, па ўсіх правілах харавога мастацтва мы выступілі не горш за астатніх.

На фестывалі ўсе калектывы дзяліліся паводле манеры выканання – народнай або акадэмічнай. «Любанія» выступала ў першай катэгорыі з кампазіцыямі «Ой, на гары мак» і «Ехаў полем мал да казачэнька». Харавы калектыў з Вілейкі, бадай, адзіны, які надаў народным песням сучаснае гучанне – і гэта адзначыла журы на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам, мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча Міхаілам Дрынеўскім.
Гран-пры фестываля атрымалі нашы суседзі – народны ансамбль песні і танца «Спадчына» імя Іосіфа Сушко Палаца культуры Маладзечна (заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь). Дыплом другой ступені ў народнага хора Народнай песні імя В. Е. Балаханава Палаца культуры Бабруйска, які мае званне заслужанага, а лаўрэатам другой ступені стаў народны харавы калектыў «Любанія», які вядомы далёка за межамі Вілейкі і мае багатую гісторыю – сёлета калектыў адзначыць сваё 50-годдзе.

У гэтым годзе фестываль быў прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сваю перамогу харысты «Любаніі», адзначыў падчас нашай размовы Андрэй Дударчык, прысвяцілі таксама гэтай даце – падзеі, якая для нашага народа і ўсіх яго пакаленняў мае адметнае значэнне.

Таццяна ШАРШНЁВА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries