Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У Нарачы ўпершыню прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да Дня медыцынскіх работнікаў

Мерапрыемства, якое было прымеркавана да Дня медыцынскіх работнікаў, у Нарачы прайшло
ўпершыню. Яго ініцыятарам стаў былы настаўнік хіміі мясцовай школы Рычард Кратовіч, які ўзяў
на сябе большую частку клопатаў па падрыхтоўцы і правядзенні святочнай сустрэчы.

У гэты дзень у зале мясцовага Дома культуры не было аншлага. Хтосьці не прыйшоў у клуб з-за спякоты, нехта знайшоў сабе іншы занятак… А шкада. Сустрэча ў Доме культуры атрымалася цікавая, цёплая і хвалюючая.
Пад гукі вядомай песні «Людзі ў белых халатах» у залу ўрачыста зайшлі і занялі свае месцы на першым радзе выпускнікі мясцовай школы розных гадоў, якія абралі прафесію медыцынскага работніка і сёння працуюць у розных месцах нашай краіны. Урачы, лабаранты, медыцынскія сёстры – усе яны аддаюць свае сілы і веды дзеля галоўнай мэты –  здароўя людзей.
– Да  медыцынскіх работнікаў у мяне асаблівыя адносіны, – сказаў, віншуючы сваіх былых вучняў з прафесійным святам, Рычард Кратовіч. – Яны для мяне – богі на зямлі. Менавіта па гэтай прычыне я стараўся, каб мае вучні ішлі  ў медыцыну.
Сёння 28 выпускнікоў розных гадоў Нарацкай школы абралі справай жыцця лячэнне людзей.  На гэту сустрэчу ў родную Нарач усе яны прыехаць не змаглі – жыццё ёсць жыццё, але многія знайшлі на гэта час. Так, Вольга Баўтрукевіч, якая працуе ўрачом-педыятрам  у Мастоўскай раённай бальніцы Гродзенскай вобласці, са сцэны падзякавала школе, землякам, а таксама расказала пра сваю работу, нават дала пэўныя рэкамендацыі маладым бацькам. Яшчэ адна выпускніца школы, Алеся Шынгель – малодшы навуковы супрацоўнік, даследуе пухліны ў навукова-даследчай лабараторыі ў Бараўлянах. Выпускніцы шчыра падзякавалі свайму былому настаўніку Рычарду Іванавічу Кратовічу за арганізацыю такой цудоўнай сустрэчы і спусціліся ў зал, каб падарыць яму кветкі.
У гэты дзень падчас мерапрыемства было многа хвалююча-прыгожых момантаў: і ўручэнне Рычардам Кратовічам  і дырэктарам Нарацкай школы Сяргеем Капцюгом  медработнікам памятных медалёў (за іх трэба падзякаваць мясцовай гаспадарцы – ААТ «Нарачанскія зоры»); і многа цёплых слоў і кветак; і, безумоўна, цудоўная канцэртная праграма, якую нарачанскія самадзейныя артысты падрыхтавалі для гледачоў… Усё было прадумана, прыгожа і прафесійна. А галоўнае –  нова, цікава і павучальна. Чаму б і ў іншых аграгарадках не арганізоўваць такія вось сустрэчы-віншаванні і не збіраць сваіх выпускнікоў розных прафесій? «Землякі, землякі, як прыток да ракі, так імкнёмся ў свой край, землякі», – спявалі артысткі на сцэне. Так яно і ёсць.
Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 55 queries