У гаспадарках раёна гарачая ва ўсіх сэнсах пара – ідзе нарыхтоўка кармоў, убіраюцца травы першага ўкосу. Не вельмі спрыяльнай для іх росту была сёлетняя вясна, паскупілася яна на дажджы, вось і атрымалася, што травы выраслі не такія, на якія спадзяваліся. Хоць,
канешне ж, у ніжэйшых мясцінах ды належным чынам падкормленыя дзе-нідзе яны парадавалі. У ААТ «Новая Любанія», куды я на днях наведалася, зараз, як і ва ўсіх гаспадарках, клопат нумар адзін – касьба. Хоць і іншых спраў нямала. З нядаўняга часу – з канца мая – абавязкі
кіраўніка тут выконвае Юрый Дуброўскі, які і раней пэўны час працаваў у гаспадарцы. Пасля быў перапынак на некалькі гадоў, а зараз Юрыю Станіслававічу зноў даручылі ўзначаліць «Новую Любанію».
У гаспадарках раёна гарачая ва ўсіх сэнсах пара
З аднаго боку, яму павінна быць прасцей, бо ведае ўсё і пра само сельгаспрадпрыемства, і пра людзей, якія тут працуюць. З другога ж – многае тут змянілася, адзначыў кіраўнік, і трэба пачынаць, лічы, з чыстага ліста.
– Будзем працаваць, – падагульніў сказанае Юрый Станіслававіч, і ў яго словах пачуліся і рашучасць, і мэтанакіраванасць, і гаспадарлівасць, і разуменне адказнасці за даручаную справу.
Па дарозе на поле, дзе ўбіраліся травы на сянаж, Юрый Дуброўскі прывёў некалькі лічбаў. Усяго ў гаспадарцы травы трэба ўбраць на 1015 гектарах. На дзень нашай сустрэчы (11 чэрвеня. Аўт.) было скошана 900 гектараў і ўбрана 80 працэнтаў траў. Было нарыхтавана 150 тон сена, 3000 – сенажу.
Сёмы сезон працуе на корманарыхтоўках у гаспадарцы механізатар Юрый Русак. Вось і сёлета ён на сваім КВК з ранку да вечара заняты гэтай надзвычайна важнай справай. У дзень нашага прыезду механізатар здрабняў скошаную траву на полі ля Любані, загружаў масай машыны і трактары, якія адвозілі яе да сянажнай траншэі. Вось і яшчэ адзін трактар, якім кіруе вопытны механізатар Алег Акуньковіч, ужо гатовы ўзяць курс да месца выгрузкі… Мы папрасілі механізатараў на хвілінку прыпыніцца, пацікавіліся іх настроем. «Усё нармальна», – коратка адказалі мужчыны, якім, было бачна, не да доўгіх размоў ў гэтую гарачую пару. Умовамі працы, іх пажаданнямі і заўвагамі пацікавіўся ў працаўнікоў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Радзевіч, які таксама ў гэты дзень быў у гаспадарцы. Некалькі хвілін на размовы – і механізатары зноў узяліся за справу.
На гэтым жа полі мы сустрэлі і механізатара Мікалая Каракіна з Дзяржынскага раёна, які на некалькі дзён стаў памочнікам любанцам. Як растлумачылі кампетэнтныя суразмоўцы, аблвыканкамам было прынята рашэнне накіроўваць механізатараў з іншых раёнаў на дапамогу сваім суседзям, дзе гэта дапамога вельмі патрэбна. Вось і Мікалай Каракін са сваім земляком Аляксандрам Сепуном некалькі дзён жывуць клопатамі працаўнікоў «Новай Любаніі», сумленна працуюць тут на корманарыхтоўцы. «Жывём на кватэры, умовы нармальныя, – падзяліўся Мікалай Каракін. – Працуем, стараемся, як і на палях сваёй роднай гаспадаркі».
Што тут скажаш, радуе такое ўсведамленне важнасці агульнай справы, якую зараз робяць вяскоўцы.
Вяртаючыся з поля, мы пад’ехалі да сянажнай траншэі, дзе таксама сустрэлі цікавых людзей. Вось пад’ехаў на машыне адзін з лепшых вадзіцеляў гаспадаркі Андрэй Сільвановіч, і новая порцыя пахучай здробненай масы пасыпалася ў траншэю. І тут ужо трэба будзе брацца за справу механізатару Івану Сухарэўскаму, які на магутным «Амкадоры» (зусім новенькі, другі месяц у гаспадарцы!) трамбуе масу. За некалькі хвілін размовы з Іванам я даведалася, што ён дзесяць гадоў назад прыехаў у Любань, уладкаваўся ў гаспадарцы і зараз ніколькі не шкадуе аб сваім выбары. Ён прыжыўся ў гэтых мясцінах, атрымаў жыллё ад гаспадаркі, дзе і зараз жыве з сям’ёй. Сухарэўскія, як і ўсе вяскоўцы, маюць гаспадарку, агароды. Так што ёсць усе ўмовы, каб жыць і працаваць (тым больш на новай тэхніцы!).
На гэтай аптымістычнай ноце закончылася наша размова, і механізатар узяўся за сваю звыклую справу. А мы развіталіся з прыгожым куточкам Вілейшчыны з падвоеным пачуццём. Як і ўсюды, тут хапае пытанняў і праблем. Але ж, нягледзячы на гэта, тут кіпіць работа, калектыў жыве адвечным сялянскім клопатам – нарыхтаваць кармы для жывёлы.
Ірына БУДЗЬКО/Фото автора
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ