Чарговая выстава жывапісу нашага знакамітага мастака Эдуарда Мацюшонка прайшла ў Мінску. На гэты раз выставачнай залай стала фае авальнай залы Дома ўрада, дзе праходзяць пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Не кожны мастак можа сказаць, што яго карціны экспанаваліся ў «альмаматар» заканатворчасці нашай краіны. З аднаго боку Дом урада – гэта звышафіцыйны будынак, з другога – менавіта тут працуюць лепшыя прадстаўнікі розных сфер нашай краіны, што вызначыліся сваёй сумленнай працай і з’яўляюцца адданымі прафесіяналамі сваёй дзяржавы. Выстава жывапісу Эдуарда Мацюшонка пад сімвалічнай назвай «Дома» афіцыйна адчынілася 31 мая напярэдадні правядзення сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, у якім разам з парламентарыямі прымалі ўдзел і члены Урада Беларусі. Галоўнымі гасцямі выставы сталі кіраўнікі беларускага парламента – Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў, і Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Галоўная ідэя кожнай работы Эдуарда Мацюшонка – адраджэнне духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Кожная карціна мастака, што прадстаўлена на выставе ў Доме ўрада, – гэта сапраўдны летапіс нашай гісторыі, якая пачынаецца з драўлянай хаты на малой радзіме, дзе жывуць і жылі нашы продкі. Кожная карціна – гэта экскурс у гістарычныя вехі нашай Беларусі, гэта аповед пра выбітных дзеячаў культуры, мастацтва і навукі, пра лёс звычайных людзей, што стваралі і захоўвалі нацыянальную культуру, з’яўляліся носьбітамі звычаяў і глыбінных традыцый продкаў. Усё гэта з грунтоўным, напоўненым духоўным падтэкстам аповедам Эдуарда Мацюшонка, заўжды робіць яго выставы адметнымі падзеямі не толькі ў культурным жыцці нашага раёна, але і на нацыянальным узроўні, як гэта адбылося ў Доме ўрада.

– Вашы работы абуджаюць ў кожнага гледача непадробныя эмоцыі і душэўныя хваляванні, бо, гледзячы на карціны і слухаючы глыбокія філасофскія разважанні пра свае карані, пра нашу традыцыйную культуру, – немагчыма не задумацца аб сваёй ідэнтыфікацыі ў гэтым свеце, – адзначыў Валерый Варанецкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, выказваючы меркаванні кожнага з прысутных на выставе. – Тое, што вы робіце – вельмі важная і патрэбная справа для лекавання чалавечых душ, якія ў сучасным імклівым свеце становяцца больш чорствыя. Вашы карціны абуджаюць пачуцці гонару за свае карані, сваю Бацькаўшчыну.

Выстава ў Доме ўрада праводзіцца па ініцыятыве дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Віктара Міраша, які з’яўляецца земляком Эдуарда Мацюшонка. Сваю падтрымку аказала і парламентарый ад Вілейскай выбарчай акругі Наталія Жыбуль. У Доме ўрада выстава будзе экспанавацца некалькі тыдняў, а затым будзе выстаўлена ў выставачнай зале Прэзідэнцкай бібліятэкі.
Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара










