Гэта падарунак для Вілейкі — такі хор. Хацелася яшчэ слухаць і слухаць,-абменьваліся думкамі пасля канцэрту Акадэмічнага харавога калектыву Белтэлерадыёкампаніі эмацыянальна настроеныя гледачы. Выступленне хору абылося напрыканцы мінулага тыдня ў Вілейскім Палацы культуры.Хто прыйшоў на яго, меў шчасце сустрэчы з сапраўдным мастацтвам, гучаннем прафесійна пастаўленых галасоў. Яно літаральна паланіла залу і трымала яе ў стане зачараванага адранцвення ўвесь час, пакуль доўжыўся канцэрт , пакуль вядучыя –Алег Вінярскі, акцёр і рэжысёр Белтэлерадыёкампаніі і Таццяна Захарыч, дырэктар Вілейскага Цэнтра эстэтычнага выхавання, зладжаным дуэтам вялі прэзентацыю праграмы і яе выканаўцаў. Творчае супрацоўніцтва абодвух вядучых дае добры плён. Іх дуэт на сцэне мясцовага Палаца культуры добра вядомы вілейчанам. Яны удзячны Алегу Вінярскаму за прэзентацыю мерапрыемстваў, лёсавызначальных для Вілейкі, за шчырую чалавечую і творчую схільнасць да нашага роднага краю.
Праграму свайго выступлення хор пабудаваў такім чынам, што яна змагла задаволіць самыя разнастайныя густы аматараў харавога спеву.”Хрыстос Уваскрос”, “Багародзіца, Дзева, радуйся”,”Ціхая малітва”…Гэта з духоўнага рэпертуару калектыву, з таго яго творчага набытку, які ніколі не губляе сваёй каштоўнасці, паколькі нясе ў сабе святло ісціны, той першаасновы, на якой заўсёды засяроджваецца ахопленая прагай пошуку чалавечая душа.
У суладнасці акапэльнага гучання хору, безумоўна, заслуга і яго маладога кіраўніка Андрэя Саўрыцкага.У яго апрацоўцы гледачы пачулі беларускую народную песню “ Саўка ды Грышка” і яшчэ некаторыя творы харавой класікі.У рознапланавай праграме- айчынныя аўтары . Натхнёна, на высокай эмацыянальнай ноце, прагучаў “Мой родны кут”на словы Якуба Коласа. Вядомы беларускі кампазітар Ігар Лучанок знайшоў для паэтычных радкоў класіка такое непаўторна чыстае музычнае гучанне, якое стварае ва ўяўленні слухача мілыя вобразы роднага краю, тую дзіўную гармонію еднасці творцаў і выканаўцаў, якую у поўнай меры ўвасобіў на сцэне Палаца культуры харавы калектыў.
А былі яшчэ “Падмаскоўныя вечары” Салаўёва-Сядога, былі “Белая Чаромха”, “Смуглянка” і “Кацюша”. І завяршыў праграму сусветна вядомы музычны шэдэўр –“Бесамэ мучо” Веласкеса. Апладысменты, воклічы “брава”, кветкі. Звычайна стрыманыя віляйчане не хавалі бурных эмоцый, вітаючы ўнікальны музычны калектыў.
Біяграфія хору распачынаецца з1931 году.Доўгі час яго нязменным кіраўніком быў народны артыст СССР і Беларусі , прафесар Віктар Роўда. Пад яго кіраўніцтвам было зроблена мноства запісаў музыкі розных эпох, стыляў і жанраў,якая захоўваецца ў фанатэцы Беларускага радыё. Харавыя традыцыі сёння працягвае малады кіраўнік-дырыжор Андрэй Саўрыцкі. Сваё выканаўчае майстэрства хор дэманструе не толькі ў Беларусі. У сакавіку гэтага году калектыў выступіў з канцэртамі ў 11 краінах свету.
На сцэне Палаца культуры хор прывітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Бегунец. Ён высока ацаніў творчыя набыткі калектыву, пажадаў і надалей дастаўляць хвіліны радасці і эмацыянальнай узнёсласці сваім удзячным гледачам.
Марыя Кузаўкіна
Фота Веранікі Шабельнай