Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Прынялі дары Святога Духа

У храмах яшчэ гучаць велікодныя спевы. А ў мінулую нядзелю яны набылі для вернікаў-католікаў з парафіі Узвышэння Святога Крыжа асаблівы сэнс. Радуючыся Уваскрасенню Пана, некаторыя з парафіян прынялі абяцаны ім людзям Святы Дух. Той, што два тысячагоддзі таму сышоў на святых апосталаў. Што наталіў душы першых хрысціян высокай воляй нябёсаў і таго, хто Збаўцам з’явіўся ў гэтым свеце. Сканаўшы на крыжы, Пан Езус адчыніў чалавеку новыя далягляды ў яго адвечным імкненні пазнання сябе і свету. Агораныя Святым Духам, мы атрымалі энергетыку вечнага жыцця.

Нам наканавана працягнуць справу тых першых апосталаў, якія захавалі ў сабе жывое аблічча Хрыста, якія панеслі ў свет яго ідэі міласэрнасці і высокай любові…Дзякуючы сакрамэнту Канфірмацыі(біжмавання) , а яго ў мінулую нядзелю прынялі 75 вернікаў Вілейскага касцёла ,святы дух памнажае ў чалавеку свае дары. Сярод іх – мудрасць і розум, мужнасць і набожнасць, рада і боязь Божая… Але , як сказаў ,звяртаючыся да прысутных у храме біскуп Юрый Касабуцкі, пералік гэты можа быць працягнуты да бясконцасці. Бо сакрамэнт біжмавання ўмацоўвае хрысціяніна да сведчання яго веры словам і ўчынкам. Прапаведуючы ідэі Евангелля, сапраўдны хрысціянін менавіта ўчынкам сцвярджае сваю любоў да бліжняга.Не праяўляючы клопату аб знешніх праявах міласэрнасці, ён знаходзіць момант,калі найбольш патрэбна яго дапамога. Калі хтосьці побач пакутуе ад фізічнага і духоўнага болю, захлынаецца ад неўтаймаванай грахоўнасці, перажывае матэрыяльны альбо духоўны крызіс. Узлюбі бліжняга! – два тысячагоддзі гучыць над светам галоўны запавет хрысціянскай веры. Ад якіх крывавых трагедый магло б быць пазбаўлена чалавецтва, выканаўшы гэты немудрагелісты пастулат хрысціянскага веравызнання…А колькі людзей, адчуўшы на сабе клопат бліжніх, адчынілі б ім насцеж свае сэрцы….Загоеныя душэўныя і фізічныя раны, прадухіленыя пакуты, усмешкі і радасць замест слёз і смутку – усё гэта мы можам і павінны мець, калі будзем з разуменнем і хрысціянская годнасцю несці ў сабе дары Святога Духа.

Звычайна рашэнне аб уваходзе ў хрысціянскую супольнасць прымаюць за нас бацькі альбо родныя падчас Сакрамэнту Хросту . Калі мы яшчэ немаўляты, не можам выказаць сваю волю да гэтага і згоду. Канфірмацыя – гэта свядомы і адказны адбітак волі хрысціяніна, свайго роду асабістае рашэнне аб далейшай прыналежнасці да касцёла і парафіі.

Сакрамэнт біжмавання ўдзяліў вернікам вілейскага касцёлу біскуп Юрый Касабуцкі, духоўная кар’ера якога пачыналася менавіта ў гэтых сценах. Дваццаць год таму святар служыў тут пробашчам, многае зрабіў па аднаўленню храма і станаўленню парафіі. Цэлебручы ўрачыстую літургію, ён узгадаў тыя часы. Узгадаў, як вілейскім мастаком Эдуардам Мацюшонкам была адноўлена выява Езуса Хрыста з крыжам у адной з нішаў храма, як спакваля духоўная ўстанова ўдасканальвала свой знешні і ўнутраны выгляд. Адгукнуўся на сённяшні клопат ксяндза-каноніка Аляксандра Барылы аб аднаўленні пашкоджанага віхурай і часам даху касцёла.

Сярод кандытатаў на біжмаванне перад алтаром стаялі і тыя, каму біскуп дваццаць год таму удзяляў сакрамэнт Хросту. Пераемнасць веры, пераемнасць духоўнасці… Іх забяспечваюць мноства фактараў з нашага акаляючага жыцця. З адным мы сутыкнуліся падчас нядзельнай цырымоніі біжмавання ў вілейскім касцёле. Да яе цэлы год рыхтавалася парафіяльная супольнасць. Кандыдаты на канфірмацыю наведвалі заняткі па рэлігіі, прадумваў рэпертуар вядомы ў краіне хор нашага касцёла. Цырымонія прайшла годна, на адным дыханні, з духоўным уздымам , які і чакалася ад яе мець. Гучалі шчырыя прывітанні высокаму госцю, якія той успрыймаў з непрыкрытай радасцю і ўласцівай яму доляй гумару, была бачная еднасць людскіх сэрцаў у іх высокім парыве да Неба

Няхай будзе праслаўлены найсвяцейшы Сакрамэнт…

Марыя Кузаўкіна/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 145 queries