Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Маршрут міласэрнасці

Менавіта так я назвала для сябе ўжо традыцыйныя паездкі прадстаўнікоў раённага Чырвонага Крыжа пад кіраўніцтвам старшыні Святланы Лях у Куранецкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і ў Іжскую бальніцу сястрынскага догляду.

На працягу ўжо доўгага часу некалькі разоў у год выязджаюць нераўнадушныя віляйчане, каб падарыць людзям, для якіх па волі лёсу названыя ўстановы сталі родным домам і сям’ёй, душэўную цеплыню, увагу, светлыя ўражанні і падарункі. І тут, у Куранцы і Іжы, заўсёды чакаюць гарадскіх гасцей, якія за многія гады сяброўства сталі ўжо нібыта роднымі для насельнікаў дома-інтэрната і бальніцы.

На днях гараджане зноў накіраваліся па знаёмым маршруце міласэрнасці, каб сустрэцца з нямоглымі людзьмі, павіншаваць іх са светлым Вялікаднем, падарыць святочны настрой і падарункі (за іх трэба падзякаваць Вілейскаму філіялу Маладзечанскага малочнага камбіната і Ганне Калядовай, дырэктару прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Дзіаланна»). І ў Куранцы, і ў Іжы на прывітанне прыезджых «Хрыстос уваскрос!» прагучала шматгалосае «Сапраўды ўваскрос!». А затым пачалося сапраўднае свята, удзельнікамі якога былі літаральна ўсе, хто знаходзіўся ў зале. Гучалі вясёлыя песні ў выкананні валанцёраў Чырвонага Крыжа Зінаіды Крупскай і Аляксея Камінскага; за душу брала ігра віртуоза-цымбаліста Івана Валынца, які па благаславенні настаяцеля храма Прасвятой Багародзіцы айца Вячаслава ўжо ў другі раз выязджае на гэтыя сустрэчы. Цымбалы і баян – гэта тыя музычныя інструменты, якія вярнулі немаладых насельнікаў дома-інтэрната і бальніцы ў далёкія гады іх маладосці, кранулі самыя светлыя і патаемныя струны душы, усхвалявалі да слёз. І яны, настальгічна-светлыя слёзы, былі…

Надзвычайна цёплымі і добрымі атрымаліся гэтыя сустрэчы. Урэшце, як і заўсёды. І традыцыйна сямейнымі, бо сустракаліся людзі, вельмі блізкія адно аднаму. А таму развітвацца вельмі не хацелася. Ды нічога не зробіш – любая справа, нават самая жаданая і добрая, некалі заканчваецца… Вось і ў гэтых цёплых сустрэч былі фіналы, завяршаючым акордам якіх прагучала ўжо звыклае: «Калі прыедзеце зноў? Мы вас вельмі чакаем!».

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Святланай ЛЯХ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 139 queries