Штогод у канцы красавіка – пачатку мая ў нашым раёне праходзіць мноства мерапрыемстваў,
прымеркаваных да памятнай даты 9 мая – Дня Перамогі. Сярод іх абавязковае мерапрыемства –
сустрэчы з ветэранамі і моладдзю ў фармаце дыялога пакаленняў.

У гэтым годзе падобнае мерапрыемства прайшло ў Цэнтры эстэтычнага выхавання, дзе сустрэліся школьнікі-актывісты навучальных устаноў горада, ветэраны – непаўналетнія летнія вязні фашысцкіх канцлагераў, прадстаўнікі савета ветэранаў, на чале са старшынёй Ганнай Шэпелевай і прадстаўнікамі райкама БРСМ. Цёплай і напоўненай успамінамі ваенных гадоў была адзначана гэта сустрэча. Пачалася яна з прыемных момантаў узнагароджвання – Ганна Шэпелева ад імя савета ветэранаў і райкама Камуністычнай партыі ўзнагародзіла памятным медалём «100 год БССР» заслужанага віляйчаніна Станіслава Сінельнікава, затым за значны ўнёсак у правядзенне шэрагу памятных і адукацыйных мерапрыемстваў была адзначана памятным медалём «100 год Кастрычніцкай рэвалюцыі» Таццяна Захарыч, дырэктар эстэтычнага цэнтра.
Асабліва кранальнымі на сустрэчы былі вершы, якія прысвячаліся гадам ліхалецця, а таксама літаратурна-музычная праграмма «4 гады маёй вайны», што выканалі ўдзельнікі тэатральнай студыі Цэнтра эстэтычнага выхавання «Балаганчык» і «Сінтэз» пад кіраўніцтвам Святланы Шпігун. Шчымлівыя хвіліны са слязьмі на вачах адчувалі ўсе прысутныя падчас выканання творчых нумароў, напоўненных перажываннем і цяжкімі момантамі ваенных успамінаў, бо многія аўтары твораў – непасрэдныя ўдзельнікі вайны.

– 13 мільёнаў дзяцей загінула падчас Вялікай Айчыннай вайны, – пачала сваё выступленне Антаніна Гарчакова, непаўналетні вязень канцэнтрацыйнага лагера. – Лёс падараваў нам жыццё, каб мы маглі ўсім расказаць пра тыя часы. Нам – сучасным людзям – вайна не патрэбна. І мы павінны цаніць мірнае жыццё даражэй за ўсё. У мяне дома захоўваюцца две галоўныя рэліквіі: партрэт бацькі, які загінуў падчас вайны, і партрэт маці, што нечалавечымі намаганнямі змагла выратаваць сваіх 3-х дзяцей ад смерці ў канцэнтрацыйным лагеры. Таму я заўжды іду на сустрэчы і з дарослымі, і з дзецьмі, каб расказаць тое, што перажылі мы, каб кожны зразумеў – даражэй за мір няма нічога.

Свае віншаванні Антаніна Іванаўна з Днем Перамогі адрасававала ўсім ветэранам, «дзецям вайны», усім, хто перажыў тыя страшэнныя часы ліхалецця, і сённяшнім дзецям, тым, каму захоўваць мірнае жыццё і надалей. А выдатнай ілюстрацый да ўсяго вышэй сказанага было прачытанне Антанінай Іванаўнай «Балады аб чатырох заложніках» Аркадзя Куляшова. Гэта балада заснавана на рэальнай гісторыі аб тым, як у 1942 годзе ў Беларусі гітлераўцы ўзялі ў палон і расстралялі чатырох малалетніх дзяцей камандзіра партызанскага атрада Міная Шмырова.
… Іх салдат
Да сцяны прыстаўляе.
Цэліць кат
У льняныя галовы,
Пачынае
З сына Міная.
Стрэл.
Упаў хлапчук трохгадовы…
Кат ізноў пісталет узнімае…
На сцяне – заложнікаў цені…
Вось і ўсё.
Перад бацькам Мінаем
Станьце, усе бацькі, на калені!
Гэта праўда жыцця ваенных гадоў, калі дзеля агульнай Перамогі ахвяравалі самым дарагім і святым…

Пра тое, як сучасная моладзь шануе памяць аб гераізме свайго народа ў гады вайны, распавяла галоўны спецыяліст райкама БРСМ Таццяна Воўчак.
– Сённяшняе мерапрыемства – гэта сапраўдная сустрэча пакаленняў. Мы, моладзь Беларусі, ганарымся подзвігам нашых дзядоў і бабуль і памятаем кожнага загінуўшага і на палях франтоў, і ў тыле ворага. Вы, паважаныя ветэраны – наша жывая памяць. Некалькі гадоў таму моладзь Вілейшчыны ў рамках акцыі стварала спецыяльнае «Палатно памяці», дзе запісваліся імёны ветэранаў, людзей перажыўшых ваенныя гады. У гэтым годзе да 75-й гадавіны вызвалення Беларусі мы рэалізуем праект «Палатно Вызвалення», дзе звесткі пра герояў вайны будуць наносіцца на палатно ў выглядзе беларускага сцяга. Моладзь Беларусі памятае сваю гісторыю, як ніхто іншы.
Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара



Фото Сергея ГОНЧАРА








