Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сапраўдным святам працы можна назваць суботнік, які прайшоў непадалёку ад храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Воўкаўшчыне.

Чытачы нашай газеты ўжо ведаюць (і пра гэта мы пісалі), што тут на месцы пустыра вырашана высадзіць дрэвы, добраўпарадкаваць вадаём, дзе мясцовыя жыхары вудзяць рыбу і купаюцца ўлетку. Гэта месца адпачынку стане скверам імя 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Знамянальная падзея ў знамянальны Год малой радзімы.
Як газета ўжо пісала, работы тут пачаліся на раённым суботніку, калі былі высаджаны дрэўцы на тэрыторыі храма і за ім. Але сапраўды масавая дзейнасць разгарнулася на тэрыторыі, дзе будзе парк, у мінулую суботу, падчас рэспубліканскага суботніка. З самага ранку тут працавала тэхніка (выразаўся і вывозіўся хмызняк, чысцілася тэрыторыя ля вадаёма), пад’язджалі прадстаўнікі розных арганізацый і ўстаноў, падыходзілі мясцовыя жыхары.

– Я жыву непадалёку, таму, канешне ж, рады, што на гэтай тэрыторыі будзе наведзены парадак, – падзяліўся віляйчанін Васіль Пятровіч Ясюковіч. – Таму вельмі захацелася паўдзельнічаць у гэтай важнай і патрэбнай людзям справе.
Не магу не згадзіцца са словамі Васіля Пятровіча, бо і сама добра ведаю гэтыя мясціны і заўсёды марыла пра тое, каб гэта недагледжаная, зарослая дзікай травой тэрыторыя стала паркам, дзе прыемна будзе адпачыць. Нам, нашым нашчадкам, якія будуць тут жыць.
Прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта на чале з намеснікамі старшыні райвыканкама Аляксандрам Катовічам, Святланай Дзяруга і Марынай Вазняк, дэпутаты, медыцынскія работнікі і міліцыянеры, будаўнікі і меліяратары – усе гэтыя людзі сталі адной дружнай камандай, перад якой стаяла важная задача – прывесці ў парадак яшчэ адзін куточак нашага горада. Перад пачаткам работы настаяцель царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы айцец Вячаслаў благаславіў людзей на добрую справу, вынікі якой будуць бачныя праз гады. Не будзе нас, сказаў айцец Вячаслаў, а сюды, у парк, будуць прыходзіць нашы дзеці, унукі, праўнукі, каб палюбавацца прыгажосцю гэтых краявідаў, адпачыць у засені дрэў і падзячным словам узгадаць тых, хто сёння шчыруе на добраўпарадкаванні гэтай тэрыторыі.
У гэты дзень на запланаванай пад пасадку дрэў тэрыторыі было сабрана каменне, затым роўнымі радочкамі тут пасадзілі каля 250 маленькіх дубкоў, пасля чаго пасеялі траву. Была ачышчана тэрыторыя і ля вадаёма, які звычайна штогод зарастаў густым хмызняком. Работы па добраўпарадкаванні гэтай тэрыторыі яшчэ многа, аднак усё запланаванае, безумоўна, будзе зроблена. Агульнымі сіламі, з усведамленнем таго, што такім чынам мы разам напішам яшчэ адну старонку ў гісторыі Вілейкі. Старонку надзвычайна важную і прыгожую.
Гледзячы на карцінку суботніка, міжволі падумала пра вялікае значэнне жаночага пачатку. Знамянальна, што добраўпарадкоўваецца тэрыторыя, якая суседнічае з прыгожым храмам Пакрова Прасвятой Багародзіцы. І тут, на гэтым важным свяце працы, вельмі многа віляйчанак, якія прадстаўляюць раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын. Гэта я пра вас, жанчыны, і пра ваш уклад у зямное і вечнае.
Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 191 queries